Аперацыя «імунізацыя» і іншыя рабочыя моманты

З дзясятак пытанняў рознай тэмы і важнасці разглядалася ў мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Падабенства іх у тым, што для вырашэння многіх патрабуецца больш увагі, настойлівасці, імкнення, канешне, жадання і, верагодна, карэкціроўкі метадаў работы адказных за справу.
Дрэнныя дарогі, недаасвятленне вуліц горада і вёсак, добраўпарадкаванне тэрыторый, выкананне Дэкрэта № 18, вясковыя сходы, другасная сыравіна…
Але любая з пералічаных з’яўляецца другаснай на фоне нездароўя. Між тым, сезонныя –   у большай ступені – хваробы так і імкнуцца праверыць нас на імунаўстойлівасць. Вакцынацыя, як запэўніваюць медыкі і пацвярджае асабісты вопыт многіх, з’яўляецца дадатковай гарантыяй не захварэць у сезон грыпу і прастуд. Увядзенне спецыяльнай вакцыны – прасцейшая інвазійная аперацыя, ніякага болю. Узамен чалавек атрымлівае актывізацыю ахоўных сіл арганізма.
Мяркуючы па агучаных лічбах, працэсу імунізацыі насельніцтва раёна патрабуецца паскарэнне. Па стане на пачатак гэтага тыдня, адпаведную прышчэпку атрымала 26 працэнтаў жыхароў раёна. Пры аптымальным  мінімуме, на які мяркуецца выйсці, 40 працэнтаў. Некаторыя катэгорыі насельніцтва прышчапляюцца бяс-платна – за кошт рэспубліканскага і раённага бюджэтаў, іншыя – за кошт сродкаў наймальнікаў, асобныя плацяць з уласнай кішэні. Такіх асобных у раёне знайшлося толькі 6 чалавек. Але і «бясплатнікі», па ацэнцы старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, асабліва не спяшаюцца. А вось некаторыя з прадпрыемстваў у імунізацыю сваіх работнікаў інвеставалі ў поўнай меры. Былі названы льно- і торфабрыкетны заводы, завод «Інтэрлак», прадпрыемства меліярацыйных сістэм, камунгас, ГД «Уладзімір», «Ляхавічыдрэў», «Еўраопт».
Чарговы раз разглядалася пытанне пра другасную сыравіну, нарыхтоўка якой у хуткім часе можа атрымаць дадатковы стымул. Кіраўнік раёна даў даручэнне дырэктару камунгаса разгледзець магчымасць і аб’ёмы бонусаў тым з жыльцоў, для каго паасобны збор адходаў – не проста модная тэма, а рэальныя дзеянні. Мяркуецца таксама абмеркаваць пытанне адносна магчымасці аплаты камунальных паслуг у залік здадзеных паперы-шкла-пластыку. Такі падыход заслугоўвае ўвагі з шэрагу пазіцый, выгадных і раёну, і камунгасу, і канкрэтнаму, напрыклад, макулатураздатчыку. Прынцыповая схема і дэталі пытання павінны быць распрацаваны да пачатку снежня.
Фармалізм непрымальны ў вырашэнні літаральна ўсіх пытанняў, у тым ліку і што тычыцца практыкі правядзення так званых сельскіх сходаў. Пытанне ўзняў начальнік РАНС Валерый Равінскі, па словах якога нярэдкія выпадкі, калі колькасць удзельнікаў сходу абмяжоўваецца выключна прадстаўнікамі мясцовай улады, РАУС і РАНС. Даручэнне «ажывіць» добрую і карысную ідэю Вячаслаў Сельмановіч даў свайму намесніку па сацыяльных пытаннях. Тычыцца гэта і арганізацыйных момантаў, паўнаты і дакладнасці інфармавання жыхароў тэрыторыі, іншага.
Негатыўна-традыцыйным ужо становіцца пытанне дрэнных дарог. Яно  з ліку нямногіх асноўных, што асабліва хвалюе землякоў. Добрыя дарогі – дорага. Але часам справа зусім не ў грошах, а ў гаспадарскім падыходзе.
Некалі адно з самых значных святаў, сёння Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца не так шырока. Тым не менш – чырвоны дзень календара, і адносіны павінны быць адпаведнымі. У тым ліку і што тычыцца святочнага ўбрання горада і вёсак. А дата круглая – спаўняецца роўна стагоддзе з моманту тых падзей.
Яшчэ адно свята чакае нас у трэцюю нядзелю лістапада. Вузка прафесійнае, але і ўсеагульнае з улікам таго, што ўсе мы карыстаемся вынікамі працы аграрыяў. Параўнальна нядаўняя практыка, калі ў праграме святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК значыўся парад-выстава сельгастэхнікі. Як прагучала на апаратнай нарадзе, 17 лістапада сёлета, магчыма, мы зноў убачым нешта падобнае. Можа не ў тым маштабе і месцы, у некалькі іншай форме, аднак адпаведныя раённыя службы прынялі пытанне «ў распрацоўку». Па словах старшыні райвыканкама, акрамя цікаўнасці,  гэта яшчэ і яркі прафарыентацыйны момант.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *