Пад наглядам мясцовых «соў». Сваё прафесійнае свята – 65-гадовы юбілей з дня ўтварэння службы адзначылі супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы /фота/
Ахова маёмасці ўсіх формаў уласнасці і забеспячэнне грамадскага парадку, спыненне і раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў – гэта для супрацоўнікаў дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь тое, што называецца працоўнымі буднямі. Недарэмна сімвалам гэтай службы з’яўляецца сава – мудрая птушка, якая дасканала характарызуе спецыфіку кругласутачнай работы супрацоўнікаў падраздзялення: пільнасць, увага, імгненнае рэагаванне, аператыўнасць і прафесіяналізм.
У мінулую пятніцу сваё прафесійнае свята – 65-гадовы юбілей з дня ўтварэння службы – у Баранавіцкім гарадскім Доме культуры адзначыў Баранавіцкі аддзел дэпартамента аховы, у склад якога ўваходзіць аддзяленне па ахове аб’ектаў нашага горада.
…«Віноўнікаў» і гасцей свята на ўваходзе сустракалі аўтамабілі груп затрымання – і гэта было прыгожа, сімвалічна. Але цяпер сінія маячкі міліцэйскіх аўто міргацелі не з нагоды выезду на сігнал трывогі, а ў гонар прафесійнага свята.
Словы падзякі кожнаму прадстаўніку калектыву за вернасць прафесіі, за добрасумленную службу адрасаваў начальнік аддзела падпалкоўнік міліцыі Сяргей Юрчык. Асаблівая ўдзячнасць – у адрас супрацоўнікаў, якія сустрэлі свята на працоўным месцы: вартаўніку, які пільна ахоўвае свой аб’ект, дзяжурнаму пульта кіравання, які своечасова перадае сігнал трывогі, аператыўнаму дзяжурнаму, што граматна кіруе нарадамі стацыянарных пастоў і груп затрымання, гатовым неадкладна прыбыць туды, дзе патрэбна дапамога.
Мноства цёплых слоў і сардэчных віншаванняў гучала ад кіраўнікоў сілавых структур, прадпрыемстваў, якія знахо-дзяцца пад аховай аховы.
Ад імя Ляхавіцкага райвыканкама супрацоўнікаў дэпартамента павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень і ўручыла падзячныя пісьмы міліцыянеру-вадзіцелю групы затрымання аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы прапаршчыку міліцыі Ігару Касаковічу, вартаўніку групы міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы Аляксандру Сафронаву. Першы намеснік начальніка Ляхавіцкага РАУС Андрэй Гіль падзякаваў за якаснае і плённае ўзаемадзеянне з нашым аддзяленнем, яшчэ раз падкрэсліў, што самая мабільная і аператыўная – група затрымання аддзялення аховы. Падзяка начальніка Ляхавіцкага РАУС аб’яўлена міліцыянеру-кінолагу групы затрымання прапаршчыку міліцыі Дзмітрыю Машэю, міліцыянеру-вадзіцелю прапаршчыку міліцыі Віктару Дабравольскаму. Нагрудным знакам «За самаадданую службу» ІІ ступені ўзнагароджаны міліцыянер-вадзіцель прапаршчык міліцыі Валерый Зуйкевіч. Падзякаю прафсаюзнай арганізацыі Баранавіцкага аддзела аховы адзначаны начальнік участка груп міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы Аляксандр Маляр.
Нельга ўявіць гэта свята без тых, хто пачынаў нялёгкую справу, хто ў розныя гады ўзначальваў службу і быў прыкладам для асабовага складу – ветэранаў вартавой службы Станіслава Марчыка, Івана Назарава, Мікалая Цераха, Міхаіла Прыгунова.
Пад пільнай аховай у Ляхавічах сёння – больш за 50 аб’ектаў, сярод якіх малочны і кансервавы заводы, ільнозавод, райвыканкам, гандлёвыя кропкі і г.д. Каля 120 жылых памяшканняў знаходзіцца пад наглядам мясцовых «соў». За мінулы год на іх рахунку звыш 400 затрыманняў падазроных ва ўчыненні злачынстваў і правапарушэнняў, за 10 месяцаў гэтага года – больш за 330.Сёння дэпартамент аховы адно з самых аператыўных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Самаадданасць і вытрымка, праяўленыя падчас выканання баявых задач супрацоўнікамі падраздзялення, гатоўнасць у любую хвіліну дапамагчы даюць упэўненасць, што наша заўтра будзе мірным і спакойным.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.