Бяжы, заяц, бяжы

Сёння – дзень адметны і асабліва чаканы. Гаворка пра сапраўдных паляўнічых, для якіх выхад у лес-поле-пералесак з ружжом на плячы з’яўляецца найлепшым рэлаксам для душы і цела. І не меркантыльны, не завязаны на колькасці і якасці здабытых трафеяў інтарэс рухае такімі аматарамі. Яднанне з прыродай, любаванне прыгажосцю краявідаў вельмі многія ставяць у гэтай справе на першае месца. Сустрэнецца на паляўнічай сцежцы патэнцыяльны паляўнічы трафей – добра, не – таксама нядрэнна.
Сёлета на 4 лістапада прыпадае адкрыццё асенне-зімовага сезону палявання на пушныя віды паляўнічых звяроў. Як расказаў дырэктар РАС «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Ігар Дземянкоў, кампанію апошніх складаюць заяц русак і бяляк, вавёрка, куніца лясная і каменная, норка амерыканская, лісіца, лясны тхор, андатра. Дазволеныя спосабы палявання – ружэйны з засады, з падыходу, загонны. Гэта – на зайца. У дачыненні астатніх з пералічаных відаў звяркоў дазваляецца выкарыстоўваць ружэйны з падыходу спосаб палявання, у тым ліку і з паляўнічымі сабакамі. Да зброі прад’яўляюцца свае патрабаванні: гладкаствольнае ружжо і патрон аснашчаны шротам. Не забараняецца таксама паляванне без зброі. Напрыклад, пры дапамозе лоўчых птушак. Паляваць можна ў святочныя дні, а таксама пятніцу, суботу, нядзелю, панядзелак. Закрыццё сезона – апошняя нядзеля студзеня 2018 года.
Як і для ўсяго жывога, халодны перыяд года ўяўляе для насельнікаў лесу дадатковыя выпрабаванні. Мінімум падножнага корму, цяжкасці ў яго здабычы выходзяць на першы план і з’яўляюцца галоўнымі для звера негатыўнымі зімовымі фактарамі. На дапамогу братам меншым прыходзіць чалавек. Пачынаючы ўжо з 20 лістапада работнікі раённай аргструктуры БТПР разгорнуць падкормку дзікай жывёлы. Зараз назапашваюцца кармы, правяраюцца і рыхтуюцца саланцы, яслі для сена, падкормачныя пляцоўкі. Апошніх, па словах дырэктара, каля трох дзясяткаў, раскіданых па розных месцах паляўнічых угоддзяў. Падкормачны сезон мае на мэце дапамагчы з зімоўкай, у асноўным, казулям, ласям, аленям. Па апошніх падліках іх ва уладаннях Ляхавіцкага раённага звяна БТПР налічваецца прыкладна 300, 46 і 14 адпаведна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *