Загадчыца неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы Дзіяна МАРЧЫК раней падрабязна расказала чытачам «ЛВ» пра такія захворванні, як астэахандроз, інсульт, іх сімтомы, прычыны ўзнікнення, спосабы прафілактыкі, а таксама прадыферэнцыравала галаўны боль пры розных захворваннях, дала парады, як яго пазбегнуць ці сцішыць. Сёння Дзіяна Уладзіміраўна тлумачыць даволі распаўсюджаны ў пацыентаў стан – галавакружэнне. Аказваецца, у яго мноства прычын.
Да магчымых прычын галавакружэння адносяцца:
✓ захворванні вестыбулярнага апарата:
1. Дабраякасныя пазіцыйныя параксізмальныя галавакружэнні – паталагічны стан, для якога характэрны прыступы галавакружэнняў, выкліканыя змяненнем стану цела;
2. Білатэральная вестыбулапатыя – двухбаковае пара-жэнне структуры і функцыі вестыбулярнага апарату;
3. Хвароба Меньера – захворванне ўнутранага вуха, для якога характэрна павелічэнне колькасці эндалімфы (вадкасць, якая знаходзіцца ў лабірынце вуха);
4. Лабірынтыт – запаленне ўнутранага вуха і інш.;
✓ унутраныя захворванні: парушэнне сардэчнага рытму, інфаркт міякарда, парок сэрца, анемія, цукровы дыябет, інфекцыйныя захворванні, прыём некаторых лякарстваў (прыём лекавых сродкаў можа выклікаць галавакружэнне ў сувязі з перадазіроўкай, няправільным назначэннем лячэння. Таксама галавакружэнне можа ўзнікнуць у выніку індывідуальнай непера-носнасці прэпарата) і інш.;
✓ пухліны галаўнога мозга. Прыступ нарастае паступова і ўзмацняецца пры пэўных становішчах цела, часта суправаджаецца галаўнымі болямі і аднабаковай глухатой;
✓ парушэнні зроку:
1. Касавокасць напрамую звязана з парушэннем у рабоце вочных мышцаў;
2. Ністагм – захворванне, якое праяўляецца адвольнымі вагальнымі рухамі вочных яблыкаў;
3. Глаўкома – захворванне, якое характарызуецца пастаянным ці перыядычным павышэннем унутрывочнага ціску, накапленнем унутрывочнай вадкасці, якая цісне на сятчатку і зрокавы нерв;
4. Катаракта – частковая ці поўная страта празрыстасці хрусталіка. Памутнелы хрусталік не здольны праламляць светлавыя прамяні, што вядзе да пагаршэння ці страты зроку;
5. Зніжэнне вастрыні зроку і інш.
Усім вышэйзгаданым станам можа спадарожнічаць галавакружэнне. Вялікую ролю адыгрывае своечасовае дыягнаставанне і лячэнне парушэнняў зроку.
✓ Паражэнне шыйнага аддзела пазваночніка. Цэрвікагеннае галавакружэнне – гэта галавакружэнне, якое ўзнікае як вынік праблем на ўзроўні шыйнага аддзела пазваночніка.
Фактарамі, якія садзейнічаюць з’яўленню данага паталагічнага стану, з’яўляюцца працяглае знаходжанне ў адным становішча (напрыклад, за камп’ютарам), траўмы пазваночніка. Найбольш часта цэрвікагеннае галавакружэнне сустракаецца пры астэахандрозе шыйнага аддзела пазваночніка.
Пры астэахандрозе галавакружэнне ўзнікае ў выніку сціскання пазваночных артэрый. У такім выпадку, адбываецца недастатковае паступленне крыві ў галаўны мозг і кіслароднае галаданне.
✓ Парушэнне кровазабеспячэння галаўнога мозга. Яно можа быць: вострае – ішэмічны ці гемарагічны інсульт; пераходзячае (транзітарная ішэмічная атака), пры якім хутка спрацоўваюць кампенсатарныя механізмы і працягласць сімптомаў не больш за суткі; хранічнае (энцэфалапатыя).
Фактарамі рызыкі, якія могуць прывесці да парушэння кровазабеспячэння галаўнога мозга, з’яўляюцца курэнне, няправільнае харчаванне, атлусценне, генетычная схільнасць, гіпадынамія (маларухомасць). Фактары рызыкі запускаюць механізмы парушэння кровазабеспячэння, якія ўяўляюць сабою парушэнне ліпіднага балансу, з’яўленне атэрасклерозу, пашкоджанне сценак сасудаў. У сувязі з указанымі паталагічнымі станамі ўзнікае парушэнне мазгавога кровазвароту, што, у сваю чаргу, вядзе да недастатковай дастаўкі кіслароду да тканак мозга. З’яўляецца стан кіслароднага галадання, якое з часам узмацняецца.
✓ Фізіялагічнае галавакружэнне можа ўзнікнуць у наступных выпадках:
няправільнае следаванне дыетам: пры працяглых дыетах адбываецца знясіленне арганізма, які пазбавілі неабходных для падтрымання нармальнай жыццядзейнасці элементаў. Галавакружэнне часта ўзнікае пры дыетах для пахудзення без папярэдняй кансультацыі з прафесіяналамі
ў данай галіне. Да галавакружэння прыводзяць дыеты, заснаваныя на адным прадукце харчавання, а таксама дыеты, якія дазваляюць вельмі маленькую колькасць ежы, што не пакрывае патрэбы арганізма;
галаданне (у асноўным праяўляецца галавакружэннем, стратай прытомнасці, агульным недамаганнем. Гэта звязана з тым, што ў арганізм не трапляюць прадукты харчавання і не стае энергетычных запасаў);
укалыхванне (марская хвароба) – даволі частая праблема. Стан, які суправаджаецца галавакружэннем, ірвотай, недамаганнем. Як правіла, адбываецца падчас падарожжаў на машыне, водным транспарце, самалёце;
здача крыві. Пры здачы крыві звычайна бярэцца невялікая колькасць (некалькі мілілітраў), што не можа негатыўна паўплываць на стан чалавека. Аднак у некаторых выпадках пасля гэтай працэдуры пацыенту можа стаць дрэнна, можа з’явіцца галавакружэнне, нават страта прытомнасці, што звычайна звязана са страхам перад працэдурай ці відам крыві і асабліва часта ўзнікае ў дзяцей;
змяненне атмасфернага ціску. Арганізм чалавека адчувальны да змяненняў атмасфернага ціску. Звычайна пры рэзкім перападзе атмасфернага ціску пачынаецца галаўны боль, слабасць, стамляльнасць, галавакружэнне, зніжэнне працаздольнасці. Такія сімптомы могуць узнікнуць як пры павышэнні, так і пры зніжэнні ціску. Пад’ём на вялікую вышыню можа суправаджацца галавакружэнем з-за таго, што з пад’ёмам атмасферны ціск зніжаецца, зніжаецца парцыяльны ціск кіслароду ў атмасферным паветры. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да змяншэння насычэння гемаглабіна кіслародам, што прыводзіць да гіпаксіі і галавакружэння;
алкагольнае ап’яненне. Галавакружэнне пры такім стане ўзнікае з-за перабояў у рабоце мазжачка. Галавакружэнне і парушэнне раўнавагі могуць быць вострымі часовымі з’явамі ў выніку ўжывання празмернай колькасці алкаголю, а могуць быць хранічнымі сімптомамі ў выніку хранічнага злоўжывання алкагольнымі напіткамі.
Галавакружэнне – адчуванне парушанай арыентацыі ў прасторы ці ўяўнага руху ўласнага цела або навакольнай абстаноўкі. Гэта адзін з самых частых (другі пасля галаўнога болю) сімптомаў, з якім пацыенты звяртаюцца да ўрача і які можа быць праяўленнем многіх захворванняў: неўралагічных, саматычных, псіхічных.
Часцей за ўсё гэты стан з’яўляецца вынікам парушэння кровазабеспячэння галаўнога мозга, пашкоджання вестыбулярнага апарата, унутраных захворванняў, парушэння метабалізму (абмен рэчываў) і іншых паталагічных станаў.
Галавакружэнне лічыцца сімптомам, а не асобным захворваннем. Неабходна высветліць, ці звязаны гэты стан з захворваннем альбо яно ўзнікла на фоне стрэсавых сітуацый, перанапружання і з’яўляецца часовым. У такім выпадку пры ўхіленні правакуючага фактара даны сімптом знікае. Гэты сімптом рэдка з’яўляецца ізаляваным, часта ён суправаджаецца галаўным болем, ірвотай, слабасцю, пачуццём страху.
Дыягностыка галавакружэнняў
Галавакружэнне – сімптом вялікай колькасці захворванняў. Адпаведна, існуе шмат прычын, здольных яго выклікаць. Дыягностыка прычын галавакружэнняў павінна быць комплекснай і валодаць вялікім спектрам дыягнастычных метадаў. Пры з’яўленні галавакружэння, якое не праходзіць доўгі час ці праяўляецца частымі прыступамі, неабходна звярнуцца да ўрача для поўнага абследвання і выяўлення прычын з’яўлення такога стану.
Да якіх урачоў звяртацца ў гэтым выпадку? Гэта ўрач агульнай практыкі, участковы тэрапеўт, отарыналарынголаг (ЛОР-урач), неўролаг, гематолаг, афтальмолаг.
Лячэнне галавакружэнняў
Выбар тактыкі лячэння галавакружэння засноўваецца на прычыне захворвання і механізмах яго развіцця. У любым выпадку лячэнне павінна быць накіравана на пазбаўленне пацыента ад непрыемных адчуванняў і спадарожных неўралагічных расстройстваў.
Дзіяна МАРЧЫК,
загадчыца неўралагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы.
Вітаміны дамашняга прыгатавання
Выдатны спосаб падтрымаць арганізм зімой – вітамінныя салаты, бальзамы і чаі. Прапануем некалькі рэцэптаў.
Травы падтрымаюць
Чаі з зёлак нармалізуюць абмен рэчываў, заспакойваюць, паляпшаюць сон і страваванне. Настойваць іх трэба ў шчыльна закрытым посудзе.
● 1 ст. л. сумесі сушаных пладоў шыпшыны і рабіны (1:1) заліце 0,5 л кру-
тога кіпеню і кіпяціце 10 мінут. Настойвайце 3-4 гадзіны, працадзіце і піце па 0,5 шклянкі 3 разы ў дзень.
● 1 ст. л. сумесі пладоў шыпшыны і маліны (1:1) заліце шклянкай кіпеню, 10 мінут кіпяціце і настойвайце 3-4 гадзіны. Працадзіце і піце па 1/3 шклянкі 3 разы ў дзень.
● 2 ст. л. сумесі пладоў шыпшыны, лісця чорнай парэчкі, маліны і брусніц, узятых пароўну, заліце 1,5 шклянкі кіпеню. Кіпяціце 10 мінут, настойце 1-2 гадзіны. Працадзіце і піце па 1/2 шклянкі 2-3 разы ў дзень.
3 кг морквы, 2 кг гранатаў (цалкам), 3 кг буракоў, 2 кг лімонаў (без костачак, але са скуркай) прапусціце праз сокавыціскалку. Зліце сок у вялікую ёмістасць, дадайце 2 кг мёду, перамяшайце і разліце па слоіках. Бальзам прымайце раніцай і на ноч па 100 г на працягу месяца. Потым зрабіце перапынак на 2 тыдні і зноў прымайце месяц. Вельмі хутка вы адчуеце бадзёрасць, прыліў сіл і паляпшэнне самаадчування.
«Слоічак здароўя»
Мёд, імбір і лімон – вядомыя складнікі для аздараўлення. Абсалютна ўсе прадукты сумесі садзейнічаюць умацаванню імунітэту.
Спатрэбіцца невялікі лімон, корань імбіру, 120-150 г мёду. Лімон і імбір прапусціце праз мясарубку з дробнай рашоткай, дадайце мёд. Добра перамяшайце, перакладзіце ў чысты сухі слоік і захоўвайце ў халадзільніку. Прымайце па 2 ч. л. ў дзень на працягу 2 тыдняў.