Тэма тыдня: Стрэс-тэсты пацвердзілі надзейнасць Беларускай АЭС
Беларусь апублікавала нацыянальны даклад аб стрэс-тэстах АЭС у адкрытым доступе
Нацыянальны даклад аб мэтавай пераацэнцы бяспекі (стрэс-тэстах) Беларускай АЭС размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляду).
У нацыянальным дакладзе прадстаўлена інфармацыя аб заканадаўчай і рэгулюючай аснове для гарантавання бяспекі ядзерных установак, звесткі аб пляцоўцы размяшчэння АЭС і агульныя характарыстыкі энергаблокаў, канцэпцыя гарантавання бяспекі станцыі. У ходзе стрэс-тэстаў разгледжана ўстойлівасць атамнай электрастанцыі да экстрэмальных знешніх уздзеянняў: землетрасенняў, затапленняў, экстрэмальных умоў надвор’я, а таксама абарона АЭС пры страце электразабеспячэння і страце канечнага паглынальніка цяпла. Асобная глава прысвечана кіраванню цяжкімі аварыямі. На заканчэнне прыведзены магчымыя меры па павышэнні бяспекі АЭС пры ўзнікненні пералічаных падзей.
Даклад падрыхтаваны міжведамаснай рабочай групай пры метадалагічнай падтрымцы еўрапейскіх экспертаў. Вынікі стрэс-тэстаў паказалі, што сістэмы бяспекі Беларускай АЭС распрацаваны з улікам усебакова разгледжаных знешніх падзей, а будынкі, збудаванні і абсталяванне Беларускай АЭС спраектаваны ў адпаведнасці з дзеючай нарматыўнай базай. Вызначаны запасы бяспекі.
Па выніках стрэс-тэстаў распрацаваны план дзеянняў (дарожная карта) па фарміраванні і рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ўзроўню бяспекі Беларускай АЭС.
Даклад будзе разгледжаны еўрапейскімі экспертамі, плануецца візіт экспертнай групы ЕС у Беларусь.
Стрэс-тэсты ўяўляюць сабой разавую пазапланавую пераацэнку бяспекі. У адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі Еўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) стрэс-тэсты з’яўляюцца мэтанакіраванай пераацэнкай атамных электрастанцый у святле падзей, што адбыліся на «Фукусіме» ў 2011 годзе. Стрэс-тэсты павінны ўключаць падрабязны аналіз экстрэмальных прыродных з’яў і іх камбінацый, якія аказваюць уплыў на функцыі бяспекі АЭС і могуць прывесці да цяжкай аварыі. Беларусь у 2011 годзе далучылася да Сумеснай дэкларацыі Еўрапейскага саюза і дзяржаў-суседак па правядзенні ўсёабдымнай ацэнкі рызык і бяспекі АЭС і прыняла на сябе абавязацельствы па правядзенні стрэс-тэстаў.
Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС перададзены ў Еўракамісію
Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС перададзены ў Еўрапейскую камісію, заявіла начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Вольга Лугаўская на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
«Даклад накіраваны ў Еўракамісію», — сказала Вольга Лугаўская.
Паводле слоў начальніка Дзяржатамнагляду, ужо сфарміравана каманда еўрапейскіх экспертаў, якая будзе прымаць удзел у разглядзе нацыянальнага даклада па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Разгляд такога дакумента звычайна доўжыцца некалькі месяцаў. «Па папярэдняй дамоўленасці, у сакавіку мы чакаем прыезду еўрапейскіх экспертаў для правядзення абмеркаванняў, інтэрв’юіравання, абмену думкамі і, магчыма, фармулявання прапаноў адносна нашага нацыянальнага даклада», — растлумачыла яна.
Беларуская АЭС прайшла стрэс-тэсты па стандартах Еўрасаюза
Вывады нацыянальнай справаздачы па выніках стрэс-тэстаў па ядзернай бяспецы для атамнай электрастанцыі ў Астраўцы даказваюць, што АЭС, якая будуецца на базе расійскага дызайну апошняга пакалення «3+», поўнасцю адпавядае самым высокім міжнародным стандартам бяспекі.
Гэтыя стандарты, прынятыя пасля аварыі на АЭС Фукусіма ў 2011 годзе, былі распрацаваны для таго, каб гарантаваць, што бяспека будзе гарантавана нават у выпадку адмовы асноўных сістэм або ў выніку знешніх уздзеянняў.
Начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская падкрэсліла, што бяспека — безумоўны прыярытэт для ўсіх краін, якія ўключаны ў будаўніцтва і эксплуатацыю атамных электрастанцый.
У Беларусі таксама падзяляюць сучасныя міжнародныя падыходы і ўсведамляюць важнасць забеспячэння дастатковага ўзроўню бяспекі Беларускай АЭС.
«Адзначаем, што такі ўзровень бяспекі ўстаноўлены ў падрыхтаванай намі нацыянальнай справаздачы аб стрэс-тэстах. Мы знаходзімся ў статусе краіны-навічка ў рэалізацыі ядзерна-энергетычнай праграмы, для нас правядзенне працэдуры стрэс-тэстаў з’яўляецца не толькі надзейным інструментам праверкі і пацвярджэння бяспекі АЭС, але і кропкай росту ў адносінах да развіцця тэхнічных кампетэнцый як рэгулюючага органа, так і арганізацый тэхнічнай падтрымкі, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы нацыянальнай справаздачы», — дадала Вольга Лугаўская.
Дырэктар Маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі аператараў атамных электрастанцый Васіль Аксёнаў у сваю чаргу адзначыў, што САА АЭС вітае правядзенне любых мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ядзернай бяспекі АЭС. Вынікі даклада па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС будуць улічаны пры правядзенні перадпускавой партнёрскай праверкі перад пачаткам эксплуатацыі станцыі.
«Працэс экспертнай ацэнкі — гэта адзін з самых моцных бакоў ядзернай індустрыі. Гэта важны крок да забеспячэння ядзернай бяспекі з дапамогай абмену вопытам паміж краінамі і кампаніямі — аператарамі АЭС», — адзначыў Васіль Аксёнаў.
Землетрасенне з’яўляецца адным з магчымых фактараў знешняга ўздзеяння, якія ацэньваў беларускі рэгулятар. Па выніках комплекснага аналізу, максімальная інтэнсіўнасць землетрасення ў раёне пляцоўкі станцыі — 6 па шкале MSK-64/EMS-98 (не блытаць са шкалой Рыхтэра, якая вымярае магнітуду), што вызначана ў якасці «праектнага землетрасення» для станцыі. Разам з тым рэактарныя ўстаноўкі спраектаваны такім чынам, каб выключыць верагоднасць аварыі і бяспечна вытрымаць нават малаверагоднае землетрасенне інтэнсіўнасцю 8 па шкале 8 MSK-64/EMS-98 (інтэнсіўнасць 7 балаў вызначана для «максімальнага разліковага землетрасення» АЭС).
Хоць паводкі ў раёне размяшчэння пляцоўкі АЭС немагчымы (для гэтага вада павінна падняцца на 51,5 м вышэй за гістарычны максімум), станцыя вытрымае нават такі ўзровень затаплення. Аналіз і наступнае мадэляванне паказалі, што ў выпадку гіпатэтычнай паводкі і затаплення памяшканняў АЭС, якія размяшчаюцца ніжэй за ўзровень зямлі, пагроза для рэактара адсутнічае.
Нават у выпадку самых экстрэмальных умоў надвор’я (якія ўзнікаюць раз у 10 000 гадоў), такіх як павышэнне тэмпературы паветра да 50 градусаў па Цэльсіі, або смерч са скорасцю да 62 м/с, або нават у выпадку камбінацыі гэтых дзвюх умоў аварыі не здарыцца, паколькі меры бяспекі, прадугледжаныя для аховы ад іншых уздзеянняў (затапленне, землетрасенне), дастатковыя для самых экстрэмальных умоў надвор’я.
Беларусь добраахвотна прапанавала правесці ўсёабдымную ацэнку ядзернай бяспекі на аснове крытэрыяў ЕС, калі ў 2011 годзе далучылася да Сумеснай дэкларацыі па правядзенні ўсёабдымнай ацэнкі рызык і бяспекі АЭС («стрэс-тэсты»). Стрэс-тэсты правялі ў 2016 годзе, выкарыстоўваючы спецыфікацыі Еўрапейскай камісіі і ENSREG. Работа над нацыянальнай справаздачай па выніках стрэс-тэстаў была завершана ў кастрычніку 2017 года.
Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце з рэактарам ВВЭР-1200 новага пакалення «3+» паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.
ВВЭР-1200 — адзіны рэферэнтны рэактар пакалення «3+» у свеце з вопытам бяспечнай камерцыйнай эксплуатацыі. Першы рэактар ВВЭР-1200 быў падключаны да энергасеткі ў Новаваронежы ў 2016 годзе, другі павінен быць падключаны да канца 2017 года. Цяпер гэта самы запатрабаваны новы дызайн у свеце, які сумясціў у сабе найбольш развітыя актыўныя і пасіўныя ахоўныя сістэмы і адпавядае ўсім постфукусімскім стандартам бяспекі, устаноўленым Еўракамісіяй, EUR (Клуб еўрапейскіх эксплуатуючых арганізацый), ESREG (Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі) і МАГАТЭ.
Стрэс-тэсты пацвердзілі надзейнасць Беларускай АЭС
Беларуская АЭС устойлівая да ўзнікнення падзей, падобных да тых, што адбыліся на АЭС «Фукусіма», заявіла начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Вольга Лугаўская на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА, прадстаўляючы вынікі стрэс-тэстаў на БелАЭС.
«Беларуская АЭС устойліва да ўзнікнення зыходных падзей, падобных да тых, што адбыліся на АЭС «Фукусіма», — адзначыла Вольга Лугаўская.
Па выніках стрэс-тэстаў таксама зроблены высновы, што сістэмы бяспекі Беларускай АЭС распрацаваны з улікам усебаковага разгляду знешніх падзей, будынкі, збудаванні і абсталяванне станцыі спраектаваны ў адпаведнасці з дзеючай нарматыўнай базай, вызначаны запасы бяспекі. «Вызначаны нейкі запас, які большы, чым абавязковыя патрабаванні, сфармуляваныя ў нарматыўных прававых дакументах, — растлумачыла яна. — Бяспекі шмат не бывае, таму наша задача заключалася яшчэ і ў тым, каб прапанаваць меры па яе ўзмацненні, гэта значыць павялічыць запасы бяспекі». Адпаведны план мерапрыемства па ўзмацненні бяспекі станцыі знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі, удакладніла Вольга Лугаўская.
У адпаведнасці з працэдурай правядзення стрэс-тэстаў Беларуская АЭС выканала самаацэнку бяспекі і ў сакавіку 2017 года прадставіла справаздачу ў Дзяржатамнагляд. Дэпартамент арганізаваў правядзенне экспертызы бяспекі справаздачы, якую выконваў Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны. Вынікі экспертызы сталі асновай для падрыхтоўкі нацыянальнага даклада аб стрэс-тэстах Беларускай АЭС.
Урадам Беларусі было прынята рашэнне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы, якая працавала над падрыхтоўкай нацыянальнага даклада. У склад групы ўвайшлі прадстаўнікі МНС, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай АЭС. Работа над дакладам выконвалася пры метадалагічнай падтрымцы еўрапейскіх экспертаў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскай камісіі.
ІНТЭРВ’Ю: Будаўніцтва АЭС робіць нацыянальную эканоміку больш канкурэнтаздольнай — венгерскі эксперт
Беларусь актыўна рыхтуецца да жыцця з уласнай атамнай энергіяй: запуск у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС павінен адбыцца ўжо ў 2019 годзе. Развіццё атамнай галіны — гэта агульнасусветны трэнд. Такое меркаванне Жолта Харфаша, члена венгерскага таварыства Elektrotechnika — буйнейшай незалежнай прафесійнай арганізацыі Венгрыі ў гэтай галіне. Сёння гэта краіна рыхтуецца пачаць будаўніцтва новых энергаблокаў АЭС «Пакш-2» — прычым па тым жа праекце, які на гэты момант рэалізуе Беларусь. Аб тым, наколькі карысны беларускі вопыт венгерскім энергетыкам, ці могуць альтэрнатыўныя крыніцы стаць дастойнай заменай існуючым і чаму навучыў сусветную супольнасць вопыт Фукусімы, эксперт расказаў у інтэрв’ю БЕЛТА.
— Спадар Харфаш, чаму тэма атамнай энергетыкі па-ранейшаму актуальна для свету?
— Па маім глыбокім перакананні, паўнацэнных альтэрнатыў атамнай энергетыцы сёння не існуе. Згодна з прагнозам і аналізам міжнародных арганізацый, для выканання абавязацельстваў па ахове клімату неабходна развіваць не толькі аднаўляльныя крыніцы энергіі, але і атамную энергетыку. Прычым, насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню, гэтыя дзве крыніцы зусім не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі. Наадварот, яны дапаўняюць адна адну і тым самым забяспечваюць устойлівасць энергазабеспячэння той ці іншай краіны.
Прывяду канкрэтныя прыклады. Што датычыцца абавязацельстваў па скарачэнні выкіду СО2 у атмасферу, у Францыі, дзе доля атамнай энергетыкі складае 70-75 працэнтаў, узровень выкідаў вуглякіслага газу — адзін з самых нізкіх: 117 г на кілават-гадзіну. У Германіі ж нягледзячы на існуючыя альтэрнатыўныя магутнасці (ветраныя і сонечныя ўстаноўкі) і палітыку па адмове ад АЭС выкіды CO2 на кілават-гадзіну практычна ў чатыры разы большыя: 412 г (прыклады прыведзены паводле даных www.electricitymap.org, актуальных на момант інтэрв’ю. — Заўвага БЕЛТА).
— Для якіх краін атамная энергетыка можа стаць аптымальным выбарам для адыходу ад вугляроднага паліва? У прыватнасці, чаму яна актуальна для Беларусі і Венгрыі?
— І не толькі для іх, а для ўсіх краін, якія маюць патрэбу ў стабільнасці забеспячэння, умацаванні бяспекі і незалежнасці ў галіне энергетыкі.
Атамная станцыя дае магчымасць атрымліваць больш танную энергію ў параўнанні з іншымі відамі генерацыі — значыць, садзейнічае ўмацаванню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.
Гэта менавіта тое, што патрэбна як у Венгрыі, так і Беларусі.
Сваю ролю адыгрываюць не толькі эканамічныя, але і геаграфічныя асаблівасці. Так, напрыклад, у Венгрыі значную долю ў структуры энергаспажывання займае імпарт: сёння за кошт гэтага пакрываецца 30-33 працэнты патрэбнасцей нашай краіны ў электрычнасці. Замяшчаць гэты імпарт якраз і дапаможа будаўніцтва ўласнай АЭС. Што датычыцца аднаўляльных крыніц, то ў Венгрыі для іх актыўнага ўкаранення няма дастатковых магутнасцей і неабходных прыродных рэсурсаў. Таму акцэнт на атамнай энергетыцы як на базавай — відавочнае рашэнне.
— Як вы ацэньваеце праект, па якім будуецца Беларуская АЭС?
— Знаёмы дастаткова добра з праектам і ацэньваю вельмі высока — улічваючы, што па такім жа праекце, у бліжэйшай перспектыве плануецца будаўніцтва АЭС «Пакш-2» у Венгрыі. Гэтак жа, як і на ўзводзімай Беларускай АЭС, гэта два энергаблокі ВВЭР-1200 магутнасцю па 1200 МВт. Яны адносяцца да пакалення «3+» і прадстаўляюць самую сучасную з існуючых цяпер тэхналогій. Факт іх адпаведнасці еўрапейскім і сусветным стандартам пацвердзілі аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі — Еўракамісія і МАГАТЭ.
— Ці даводзіцца Венгрыі сутыкацца з насцярожаным стаўленнем да запланаванага будаўніцтва з боку суседзяў?
— У адпаведнасці з еўрапейскімі і міжнароднымі патрабаваннямі, Венгрыя праводзіла кансультацыі, кампаніі па інфармаванні, слуханні, у якіх маглі ўдзельнічаць розныя зацікаўленыя арганізацыі: урадавыя, экалагічныя. Венгерскія спецыялісты былі гатовы адказаць на ўсе пытанні замежных калег. Такія слуханні праводзіліся ў рамках экалагічнага ліцэнзавання ва Украіне, Славакіі, Румыніі, Сербіі, Аўстрыі, Германіі. Што датычыцца магчымых нападкаў, пэўны пратэст назіраецца з боку Аўстрыі, паколькі гэта краіна выступае супраць выкарыстання атамнай энергіі ў суседніх дзяржавах (не толькі ў Венгрыі, але і ў Чэхіі). Пры гэтым трэба ўлічыць той факт, што ў Аўстрыі зусім іншыя геаграфічныя ўмовы і энергазабеспячэнне больш як на 70 працэнтаў забяспечваецца за кошт гідраэнергетыкі. У Венгрыі такіх магчымасцей няма, у той час як па прычынах, якія я ўжо агучваў, атамная станцыя ёй проста неабходна. Ужо існуючыя магутнасці — чатыры энергаблокі АЭС «Пакш», якія забяспечваюць больш за 50 працэнтаў выпрацоўкі электраэнергіі, — неабходна замяшчаць. У перыяд з 2032 па 2037 год АЭС «Пакш» будзе спынена поўнасцю, таму пытанне аб неабходнасці будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю АЭС «Пакш-2» вельмі актуальнае ўжо сёння.
— Наколькі вопыт Беларусі ў будаўніцтве АЭС можа быць карысны іншым краінам, у прыватнасці, Венгрыі?
— Калі Венгрыя толькі пачне рэалізацыю свайго праекта, у Беларусі ўжо будуць працаваць два энергаблокі. Таму вопыт, набыты вашай краінай у ходзе іх узвядзення і эксплуатацыі, будзе, безумоўна, вельмі карысны для Венгрыі.
Венгрыя падтрымлівае сувязі з усімі аператарамі АЭС, таму, безумоўна, будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва і з Беларуссю. Пакуль наш праект знаходзіцца на стадыі ліцэнзавання, але венгерскія спецыялісты ўжо наведвалі Беларускую АЭС, каб вывучыць важныя нюансы арганізацыі будучага будаўніцтва (у прыватнасці, пытанні размяшчэння будаўнікоў). Упэўнены, што такі абмен вопытам з беларускімі калегамі будзе актыўна прадаўжацца.
— Як змянілася атамная энергетыка з часоў буйных аварый, якія адбыліся на Чарнобыльскай і Фукусімскай АЭС? Ці сталі тэхналогіі больш бяспечнымі?
— Як інжынер-атамшчык, магу сказаць, што самы галоўны прынцып пры праектаванні атамных электрастанцый — гэта бяспека. Вопыт, атрыманы ў выніку аварый на ЧАЭС і АЭС «Фукусіма», быў выкарыстаны для ўдасканалення прымяняемых тэхналогій — у тым ліку і з пункту гледжання іх бяспекі.
У прыватнасці, той праект, па якім будуюцца Беларуская АЭС і падобныя да яе аб’екты, адпавядае строгім сучасным міжнародным патрабаванням бяспекі — так званым постфукусімскім патрабаванням, што было пацверджана міжнароднымі арганізацыямі.
Рашэнні, што прымяняюцца, даюць магчымасць прадухіліць усе тэарэтычна магчымыя наступствы цяжкіх аварыйных сітуацый, у першую чаргу, пападанне радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. У якасці канкрэтных прыкладаў такіх рашэнняў можна згадаць цалкам інавацыйныя пасіўныя рашэнні, уключаючы пасіўны адвод цяпла і пастку расплаву.
Аб тым, што гэты тып рэактараў бяспечны, гаворыць не Расія, не Венгрыя і не Беларусь, а міжнародныя арганізацыі, якія праводзілі адпаведныя даследаванні: Еўрапейскі саюз і МАГАТЭ.
— Якімі вы бачыце перспектывы развіцця атамнай энергетыкі?
— Усё большая колькасць краін уступае на шлях выкарыстання атамнай энергіі, бачачы ў ёй адносна недарагую і надзейную крыніцу забеспячэння ўсё большых патрэбнасцей у электраэнергіі. Тэхналогіі развіваюцца, вядуцца даследаванні і работы па стварэнні рэактараў чацвёртага пакалення (з замыканнем паліўнага цыкла), якія змогуць забяспечваць стабільнае энергазабеспячэнне на сапраўды працяглую перспектыву. Таму спісваць яе з рахунку яўна дачасна.