Як на рэнтгене, ці Прамень у дапамогу
– Сяргей Уладзіміравіч, атрымліваецца, што без рэнтгеналогіі сёння нельга ўявіць медыцыну?
– На сённяшні дзень рэнтгенаграфія – самы распаўсюджаны і вельмі інфарматыўны неінвазійны метад дыягностыкі, які дазваляе атрымліваць выявы асобных участкаў цела чалавека на спецыяльнай плёнцы ці лічбавым носьбіце пры дапамозе іанізуючага выпраменьвання. Менавіта рэнтген дазваляе вывучыць анатамічныя і структурныя асаблівасці органаў і сістэм. Тым самым дапамагае ўрачам дыягнаставаць мноства ўнутраных паталогій, якія немагчыма ўбачыць пры звычайным медаглядзе. Падазрэнне на пералом рукі? Вам на рэнтген. Дзіця нешта праглынула – без рэнтгена не абысціся. Дзякуючы такому абследаванню, як на далоні, бачыш органы пацыента на здымку ці на маніторы камп’ютара.
Іншы раз без даных рэнтгена немагчыма пацвердзіць ці паставіць правільны дыягназ. Рэнтгеналогія – адна з найбольш хутка развіваючыхся галін медыцыны, спектр яе дзеяння надзвычай шырокі. А такога кшталту абследаванням адводзіцца па-ранейшаму вядучая роля. Прычым, для дыягностыкі выкарыстоўваюцца выявы на фотаплёнцы і на экране.
Дарэчы, уласцівасці рэнтгенаўскіх прамянёў былі адкрыты выпадкова. 8 лістапада 1895 года прафесар Вюрцбургскага ўніверсітэта Вільгельм Конрад Рэнтген у сваёй лабараторыі вывучаў уласцівасці катодных промняў і звярнуў увагу на свячэнне экрана пры ўключэнні вакуумнай круксовай трубкі. Так былі адкрыты і апісаны прамяні і іх дзіўная здольнасць пранікаць праз тканкі арганізма. Спачатку іх назвалі Х-прамянямі, потым у гонар вынаходніка – рэнтгенаўскімі. І ўжо каторае дзесяцігоддзе запар менавіта 8 лістапада ў медыцынскім календары пазначана як Дзень рэнтгенолага. З канца пазамінулага стагоддзя сталі фарміравацца і навуковыя раздзелы – рэнтгеналогія і радыялогія. Напрыклад, у студзені 1896 года ў Расіі зроблена рэнтгенаўская трубка. А ў хуткім часе свет убачыў і першы здымак кісці рукі. Дарэчы, у 1901 годзе Рэнтгену была прысуджана першая ў гісторыі Нобелеўская прэмія па фізіцы.
– Па-ранейшаму даволі часта можна чуць меркаванне, маўляў, флюараграфія – гэта шкодна. Унясіце яснасць: ад рэнтгеналагічнага абследавання больш шкоды ці карысці?
– Адказ адназначны: карысці, прычым, у дзясяткі разоў. Пры абследаваннях выкарыстоўваюцца прамяні з нізкай энергіяй, і час апраменьвання рэкордна кароткі, нават пры шматразовым паўторы гэта бясшкодна для чалавека. Дозы выпраменьвання, напрыклад, пры флюараграфіі ці рэнтгене касцей канечнасцей не могуць выклікаць ніякіх пабочных эфектаў, у тым ліку, справакаваць развіццё анкалогіі. Дарэчы, за год у раёне праводзіцца да 20 тысяч рэнтгенабследаванняў.
Агульнавядома: чым раней хвароба выяўлена, тым лягчэй яна паддаецца лячэнню. Прайшоў раз у год флюараграфію, атрымаў адмоўны вынік і спі спакойна. А калі сур’ёзна, то даволі часта пэўныя паталогіі лёгкіх, у прыватнасці, туберкулёз ці анкалогія, выяўляюцца менавіта падчас той жа флюараграфіі. Калі ўрач на здымку бачыць нейкае адхіленне ад нормы ці ўжо яўнае новаўтварэнне, то абавязкова пацыент выклікаецца на даабследаванне. Гэта якраз той выпадак, калі лепш перастрахавацца. І тут, як гаворыцца, пачынаецца самае непрадказальнае. Большасць атрымаўшых выклік на паўторнае абследаванне не спяшаюцца на яго прыехаць, іншыя і ўвогуле грэбуюць ім. А між тым, як паказвае практыка, да 70 працэнтаў паталогій, выяўленых на першасных аглядах, потым пацвярджаюцца. Адцягнуты пачатак лячэння прыводзіць да незваротных наступстваў для здароўя чалавека. Акрамя таго, рэнтген дапамагае ў кароткія тэрміны ўдакладніць дыягназ і скарэкціраваць план лячэння. Так што не рызыкуйце самым галоўным багаццем – здароўем, а выконвайце ўсе рэкамендацыі і парады ўрача.
Хачу дадаць: нават у цяжарных можа праводзіцца такое абследаванне без істотнай рызыкі для далейшага развіцця цяжарнасці ці здароўя немаўляці.
– Сяргей Уладзіміравіч, растлумачце, калі ласка, чым адрозніваецца флюараграфія ад рэнтгенаграфіі?
– Флюараграфія і рэнтгенаграфія – падобныя, але розныя тэхналогіі. У першым выпадку атрымліваецца зменшаная выява аб’екта. Калі вынік флюараграфіі ў доктара выклікае нейкае сумненне ці выяўляецца паталогія, то прызначаецца рэнтгенаграфія, каб атрымаць больш дакладную ацэнку стану правяраемага органа, тых жа лёгкіх.
– Наколькі ўстановы аховы здароўя Ляхавіччыны ўкамплектаваны неабходным абсталяваннем для правядзення рэнтгенабследаванняў?
– Дзяржава не шкадуе сродкаў на забеспячэнне ўстаноў аховы здароўя сучаснай медыцынскай апаратурай. Наш раён не выключэнне. У райбальніцы дзейнічаюць 3 стацыянарныя рэнтгенкабінеты. У 2015 годзе пасля рэканструкцыі памяшкання і ўстаноўкі (на гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана 1,3 мільярда недэнамінаваных рублёў) у стацыянары бальніцы пачаў працаваць апарат «Уніэксперт 3 плюс» (набыты за 720 мільёнаў недэнамінаваных рублёў за сродкі Міністэрства аховы здароўя). На ім выконваюцца рэнтгенаграмы органаў грудной клеткі, касцей, суставаў, страўнікава-кішачнага тракту. Першае рабочае месца апарата прызначана для рэнтгенаскапіі некаторых органаў з выкарыстаннем кантрастнага рэчыва.
У рэанімацыйным аддзяленні абсталявана спецыяльнае памяшканне для правядзення неадкладнай рэнтгендыягностыкі з выкарыстаннем перасоўнага палатнага дыягнастычнага апарата «Вasic 100-30». Ён таксама выкарыстоўваецца ў аперацыйным блоку падчас аперацый пацыентам з траўмамі, у хірургічным аддзяленні – хворым, якія знаходзяцца на выцяжцы.
У паліклініцы ў наяўнасці 2 рэнтгенкабінеты. Дыягнастычны, аснашчаны лічбавым сканіруючым універсальным апаратам «Пульмаскан-760У», які робіць здымкі органаў грудной клеткі, касцей, суставаў, прыдатачных пазух носа і інш. А яго дэнтальны «калега» мае вузкую спецыялізацыю: здымкі зубоў.
Сёлета праведзена мадэрнізацыя рэнтгенкабінета, дзе праводзіцца прафілактычнае абследаванне лёгкіх – флюараграфія. Тут устаноўлены беларускі апарат «Пульмаскан» коштам 117,5 тысячы рублёў (сродкі з рэспубліканскага бюджэту). А сам аб’ект прафінансаваны з раённага бюджэту, на ўсё пайшло каля 75 тысяч рублёў.
Цяжка пераацаніць ролю яшчэ аднаго нашага памочніка – перасоўнага рэнтгенкабінета з апаратам «Пульмаскан». Загадзя распрацоўваюцца графікі выезду ў населеныя пункты, папярэдне ўзгадняем дату з загадчыкамі ўрачэбных амбулаторый ці ФАПаў. Часта ён дзяжурыць і на гарадской рыначнай плошчы: не трэба ехаць у бальніцу, каб прайсці элементарнае абследаванне лёгкіх.
– Спраўляцца з такім высокатэхналагічным абсталяваннем, канешне, пад сілу толькі прафесіяналам. Сяргей Уладзіміравіч, раскажыце пра тых, хто працуе ў аддзяленні.
– Мае калегі бездакорна выконваюць свае абавязкі. Працуе ў аддзяленні і ўрач-рэнтгенолаг Канстанцін Дзядзюля, чацвёра рэнтген-лабарантаў Лілія Палхоўская, Анатолій Пляшко, Таццяна Пілецкая, Наталля Пуцілава – маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю. Зацікаўлена асвойваюць прафесію і навічкі ў лабаранцкай справе Наталля Ракашэвіч і Алена Гецман. За чысціню ў аддзяленні ў адказе санітаркі Таццяна Радкевіч і Аксана Смаль.
Каб працаваць на складаным абсталяванні, неабходна пастаянна павышаць кваліфікацыю, таму вучоба на курсах абавязковая. У нас дружны, зладжаны, узаемазамяняльны калектыў, што вельмі важна для гарантыі якаснага медабслугоўвання насельніцтва.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА