Наша агульная задача – развіццё Брэстчыны
Прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара для журналістаў даўно сталі чаканай падзеяй і таму, што з’яўляюцца крыніцай дакладнай інфармацыі пра жыццё нашага рэгіёна, і таму, што стымулююць работнікаў пяра працаваць яшчэ больш творча.
Вось і на апошняй, у мінулы чацвер, Канстанцін Андрэевіч сустрэўся з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны, расказаў пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, акцэнтаваў увагу на дзейснасці мер, якія ажыццяўляюцца Прэзідэнтам краіны, урадам, мясцовымі органамі ўлады па стабілізацыі эканомікі, забеспячэнні развіцця народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы. І падкрэсліў ролю сродкаў масавай інфармацыі ў рэалізацыі дзяржаўных задач: ад СМІ залежыць вельмі многае, напрыклад, настрой людзей: «Гэта цяжка паддаецца ўліку, але гэта каласальная праца і дапамога».
Наша агульная задача — развіццё Брэстчыны, мэта якога — стварэнне камфортнага жыцця для людзей. У вырашэнні яе шмат складальнікаў. 2011 год Канстанцін Сумар назваў выпрабаваннем на трываласць і адзначыў, што самы складаны час пераадолены, што напрацавана база для далейшага развіцця. У нас забяспечаны тэмпы росту ўнутранага валавога прадукту. Узяць хаця б сельскагаспадарчую галіну. Пачынаючы з 2008 года, вытворчасць зерня ў вобласці складае мільён і больш тон. Добрым ураджаем парадавалі цукровыя буракі, іншыя сельгаскультуры. Працягваецца нарошчванне вытворчасці малака і мяса.
Старшыня аблвыканкама засяродзіў увагу на развіцці экспарту. Калі ў мінулым годзе прадукцыя вытворцаў Брэстчыны адпраўлялася ў 13 краін свету, то сёлета — у 26. Пераважна гэта Расія, Казахстан, Арменія і краіны далёкага замежжа.
Прычым, развіваецца і экспарт паслуг, напрыклад, гэта датычыць і нашых будаўнічых арганізацый, геаграфія аб’ектаў якіх — ад Венесуэлы да Расійскай Федэрацыі.
Асобная тэма сённяшняга дня і будучыні — прыцягненне інвестыцый. Калі ў 2002 годзе яны складалі 14 мільёнаў долараў ЗША, летась — 150 мільёнаў, то сёлета — чакаецца 175 мільёнаў.
Канстанцін Сумар гаварыў пра развіццё прамысловасці, адзначыў станоўчыя вынікі работы, у тым ліку прадпрыемстваў харчовай галіны і росту яе экспарту. Закрануў развіццё прадпрымальніцтва на Брэстчыне. У вобласці 9 тысяч малых прадпрыемстваў і каля 35 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Кожны трэці рубель у бюджэт паступае ад малога прадпрымальніцтва, якое Канстанцін Андрэевіч назваў сур’ёзнай праслойкай у прамысловасці вобласці.
Канстанцін Сумар гаварыў пра дзяржаўныя сацыяльныя гарантыі па падтрымцы маладых сем’яў, інвалідаў, пра рост дзяржаўнай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і па доглядзе за ім, пенсій, зарплаты. На сённяшні дзень 19 тысяч жыхароў Брэстчыны атрымалі адрасную сацыяльную дапамогу, а 14 тысяч школьнікаў — бясплатнае харчаванне.
Дарэчы, як адзначыў старшыня аблвыканкама, бюджэт-2012 спланаваны без дэфіцыту, пры тым, што падатковая нагрузка будзе зменшана. На сацыяльныя расходы мяркуецца накіраваць больш як 60 працэнтаў усіх расходаў. Будуць прыняты выніковыя меры для таго, каб завяршыць запланаваную рэканструкцыю медыцынскіх аб’ектаў, у тым ліку гэта датычыць і абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын». Ёсць сярод задач наступнага года будаўніцтва і рэканструкцыя некаторых дзіцячых садкоў, спартыўных аб’ектаў у Бярозе, Лунінцы, Століне, увод жылля, добраўпарадкаванне і інш.
Што датычыць тарыфаў на паслугі ЖКГ, то летась насельніцтва кампенсавала 25 працэнтаў іх кошту, сёлета — пакуль на ўроўні 23 працэнтаў, а да канца года — каля 21 працэнта. А паказчык гэты давядзецца павялічваць.
На прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама адказаў на 17 пытанняў журналістаў, якія датычылі розных тэм, напрыклад, пераваг, што дае Адзіная эканамічная прастора, будаўніцтва новых ферм і рэканструкцыі старых, закраналі развіццё прадпрымальніцтва, імпартазамяшчэння і іншыя.
У завяршэнне прэс-канферэнцыі Канстанцін Андрэевіч пажадаў журналістам аб’ектыўна і пазітыўна ставіцца да жыцця, уважліва — да людскіх праблем.