Яны тут свае. Вось ужо сёмы год 10 лістапада ў нашай краіне адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС

Ветэраны РАУС Іосіф Зубік і Генадзій Савасцюк.

Вось ужо сёмы год 10 лістапада ў нашай краіне адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. Гэта дата абрана невыпадкова – у многіх сённяшніх ветэранаў яна трывала асацыюецца з колішнім прафесійным   святам – Днём савецкай міліцыі.

Традыцыйная агульная «пяцімінутка» асабовага складу Ляхавіцкага РАУС у мінулую пятніцу атрымалася асаблівай. У актавай зале разам з сённяшнімі супрацоўнікамі райаддзела – тыя, хто калісьці нёс службу ў розных міліцэйскіх падраздзяленнях, а сёння – у запасе ці ў адстаўцы. Больш за палову з 45 ветэранаў РАУС знайшлі магчымасць адгукнуцца на гэта запрашэнне. Яны зноў змаглі акунуцца ў знаёмую рабочую атмасферу, а заадно пазнаёміцца з маладымі кадрамі, што прыйшлі ім на змену.
Віншаванні на службовай планёрцы гучаць не часта, але гэты дзень стаў выключэннем. Ветэранаў РАУС ад душы павіншаваў і падзякаваў за службу выконваючы абавязкі начальніка РАУС Андрэй Студзянічнік, які запрасіў іх больш актыўна ўдзельнічаць у рабоце з міліцэйскім папаўненнем. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч уручыў ветэранам узнагароды райсавета і медалі «100 гадоў беларускай міліцыі» і «100 гадоў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».
Кветкі да памятнага знака на алеі ветэранаў, закладзенай у гонар 75-годдзя з дня ўтварэння Ляхавіцкага РАУС, вянок на магілу міліцыянера Яўгенія Нікіціна, які загінуў у 1949 годзе ад рук бандытаў (дарэчы, некалькі гадоў назад мясцовыя міліцыянеры месца пахавання прывялі ў парадак, аднавілі, адрамантавалі), – для маладых супрацоўнікаў райаддзела гэта стала чарговым урокам патрыятызму і гонару, расказаў старшыня райсавета ветэранаў органаў унутраных спраў Іосіф Зубік.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *