На вернасць Радзіме прысягаю

Яшчэ зусім нядаўна яны былі юнакамі на грамадзянцы, а сёння – ужо сапраўдныя воіны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Важным днём для навабранцаў асенняга прызыву стала субота 17 снежня, у тым ліку і для маладых воінаў 17 асобнага батальёна сувязі. Па традыцыі ў гэты ўрачысты дзень разам з маладымі салдатамі былі і іх старэйшыя сябры-аднапалчане, прыехалі таксама блізкія і родныя.

Навабранцы паспелі прайсці курс маладога байца, дзе засвоілі няхітрыя ваенныя прамудрасці. Знаёмства з казармай, бытам салдат, тэхнікай, назначэнне на пасады – адны з абавязковых воінскіх рытуалаў.
19 снежня адбылося таксама ўрачыстае ўручэнне зброі. Аднаўляючы праваслаўныя традыцыі, на гэтым рытуале прысутнічаў свяшчэннік Свята-Крыжаўздвіжанскай царквы іерэй Ігар Каладзяжны, які адслужыў малебен і асвяціў зброю.
Наперадзе ў салдат нялёгкія будні, засваенне воінскай спецыяльнасці, баявыя дзяжурствы, начныя нарады, вучоба і трэніроўкі. І ў многіх навабранцаў узнікае пытанне: “Ці пад сілу мне гэта?”. Адказ адназначны – гэта па сілах кожнаму воіну, які жадае выканаць высакародную місію – абараняць сваю Радзіму і служыць годна, тым больш, калі побач клапатлівыя і вопытныя камандзіры і верныя сябры. Мы ведаем, што калектыў нашай часці менавіта такі. Хочацца верыць, што навабранцы будуць ганарыцца службай у батальёне і службай на ляхавіцкай зямлі.

Сяргей АПАЛОНАЎ,
камандзір часці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *