Усе мы добрыя суседзі

Свабода веравызнання – адна з асноўных, што характарызуе прававое грамадства. Права на яе занатавана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рэлігія заўсёды была і застаецца сур’ёзнай сілай, што фарміруе духоўныя, культурныя і дзяржаўныя традыцыі. Менавіта з улікам гэтага і будуюцца ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый. За апошнія гады ў краіне, у тым ліку на самым высокім узроўні, зроблена шмат для таго, каб суіснаванне розных рэлігій і веравызнанняў было мірным, канструктыўным і стваральным.

У Ляхавіцкім раёне працуе камісія садзейнічання кантролю за захаваннем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях. Распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па развіцці канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтве з суайчыннікамі за мяжой на 2011-2015 гады, дзейнічае праграма супрацоўніцтва райвыканкама з праваслаўнай царквой. Сёння на рэспубліканскім узроўні рыхтуецца пагадненне аб супрацоўніцтве з рымска-каталіцкай царквой. І гэта сапраўды вельмі важна і будзе спрыяць ўмацаванню сувязяў паміж уладай і каталіцкай царквой, а таксама ўзаемадзеянню паміж рознымі рэлігійнымі канфесіямі.

Ужо трэці год запар аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама сумесна з сельвыканкамамі праводзяцца сацыялагічныя апытанні землякоў, якія выяўляюць сярэдні ўзровень рэлігійнасці насельніцтва. Так, веруючымі сябе лічыць 61 працэнт апытаных, прычым 66 працэнтаў з іх назвалі сябе праваслаўнымі, 18 працэнтаў – католікамі, 1,1 працэнта – пратэстантамі і 0,7 – мусульманамі. Праўда, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці сваіх рэлігійных суполак толькі крыху больш за 13 працэнтаў апытаных, а больш як тры чвэрці, па іх пры-знанні, наведваюць храмы толькі па вялікіх святах.

На тэрыторыі Ляхавіччыны зарэгістравана 21 рэлігійная суполка, у тым ліку 7 праваслаўных, 6 каталіцкіх, 7 – хрысціян веры евангельскай. Акрамя таго, у раёне дзейнічае мусульманская суполка – адна з дзвюх, зарэгістраваных на Брэстчыне (праўда, яна малаколькасная – налічвае ўсяго 47 членаў).

Рэлігійныя арганізацыі маюць 19 культавых збудаванняў. Некаторыя ў свой час былі вернуты вернікам пасля доўгіх гадоў выкарыстання не па прызначэнні ці наогул запусцення. Многія культавыя збудаванні адрамантаваны ці рэканструяваны. У красавіку 2012 года плануецца завяршыць будаўніцтва царквы ў вёсцы Малое Падлессе. У стадыі ўводу ў эксплуатацыю – царква ХВЕ у вёсцы Востраў. Атрыманы дазвол на праектаванне рэканструкцыі касцёла ў Мядзведзічах.

Многія культавыя збудаванні ўяўляюць інтарэс не толькі для вернікаў, з’яўляюцца гісторыка-культурнымі і архітэктурнымі помнікамі. Так, у турыстычны маршрут па Ляхавіцкім раёне ўключаны цэрквы вёсак Падлессе і Крывошын, касцёлы вёсак Сваятычы і Мядзведзічы.

Надзвычай важна, што прадстаўнікі рэлігійных суполак не застаюцца ў баку ад грамад-скага жыцця і вырашэння агульных праблем. Сёння свяшчэннаслужыцелі і вернікі ўсіх канфесій праводзяць актыўную работу па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, правапарушэнняў і злачынстваў. Напрыклад, гэтым летам падчас акцыі ”Добрая вестка” на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельвыканкама прадстаўнікі праваслаўнай царквы выступалі перад раней судзімымі, абавязанымі асобамі, грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртным.

Свяшчэннаслужыцелі прымаюць удзел у сельскіх сходах, выступаюць перад школьнікамі, моладдзю, арганізоўваюць дабрачынныя акцыі. Папулярныя сярод гараджан духоўныя гутаркі з протаіерэем Георгіем Жытко, якія рэгулярна па нядзелях праходзяць у літаратурнай гасцёўні раённай бібліятэкі. На іх, у тым ліку, ідзе размова пра ўмацаванне сем’яў, здаровы лад жыцця.

Гэта прапагандуюць у сваіх прамовах, падчас сустрэч з вернікамі і каталіцкія свяшчэннаслужыцелі. Некаторыя з іх, між іншым, – грамадзяне замежных краін, але, як і належыць, яны з павагай ставяцца і да насельніцтва, і да ўлад, культывуюць сярод мясцовых вернікаў прынцыпы міралюбівасці і добрасуседства.

Суполкі ХВЕ аказваюць дабрачынную дапамогу маючым патрэбу, асабліва дзецям. Сёлета лідары рэлігійных суполак ХВЕ уключыліся ў акцыю “Добрая справа”. Гэта своеасаблівая форма работы з моладдзю па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, могілак і іншых тэрыторый. Вартая ўвагі дзейнасць згаданых суполак па рэсацыялізацыі асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Трэба сказаць, што раённыя ўлады аднолькава зацікаўлена ставяцца да супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных канфесій, пры неабходнасці і магчымасці аказваюць дапамогу ў арганізацыі тых ці іншых рэлігійных мерапрыемстваў. Напрыклад, сёлета пры дапамозе райвыканкама ў райцэнтры прайшоў фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь”. Штогод аказваецца падтрымка каталіцкім прыходам пры правядзенні хрэснага ходу ў Лагішын і арганізацыі ўрачыстасцяў, прысвечаных цудатворнай іконе Маці Божай Каралевы Палесся (арганізуецца суправаджэнне ДАІ, дзяжурства “хуткай дапамогі”).

Такая пазіцыя і павінна быць у грамадстве роўных правоў. А верацярпімасць, узаемапавага, улік меркаванняў і інтарэсаў прадстаўнікоў розных светапоглядаў, канфесій, рэлігій – надзвычай важныя складальнікі міру і згоды на роднай зямлі.


Міхаіл ДЫДЫШКА,
начальнік аддзела
ідэалагічнай работы
райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *