Абмену не падлягаюць

Неаднойчы аптэчным работнікам даводзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі пакупнік настойліва просіць парэкамендаваць які-небудзь лекавы прэпарат, напрыклад, ад прастуды. Купіўшы тавар, пачытаўшы дома інструкцыю ці паслухаўшы парады знаёмых, чалавек вырашае, што ён яму не падыходзіць і спрабуе вярнуць назад у аптэку. Лекі адмаўляюцца браць. Узнікае канфліктная сітуацыя.

Аднак, закон у такім выпадку на баку фармацэўтаў. Згодна шэрагу заканадаўчых актаў Міністэрства аховы здароўя, аптэкам забараняецца прымаць ад грамадзян лекавыя сродкі, набытыя імі раней, а таксама адпускаць прэпараты дзецям і падлеткам да 15 гадоў. Пра гэта неабходна памятаць, набываючы прэпараты безрэцэптурнага водпуску, ці калі вы хочаце адправіць у аптэку за лекамі дзяцей.

Неабходна ведаць, што лекавыя сродкі ўваходзяць у пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену. Кожны прэпарат перш, чым дайсці да спажыўца, праходзіць кантроль якасці ў спецыялізаваных лабараторыях. А пасля таго, як ён пабудзе ў таго ці іншага пакупніка, ніхто не адкажа на пытанне: якой якасці гэты сродак і пры якіх умовах ён захоўваўся. Не рабіце неабдуманых пакупак у аптэцы, не займайцеся самалячэннем, сачыце за ўласным здароўем і здароўем сваіх блізкіх, пры неабходнасці своечасова звяртайцеся да ўрача, а не купляйце лекі па парадах знаёмых.

Таццяна САЛОДКАЯ,
намеснік загадчыка ЦРА №56

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *