Маштаб з перспектывай. ААТ «Жарабковічы»
Неабсяжныя палеткі ААТ «Жарабковічы», здаецца, зліваюцца з небам і ў залежнасці ад пары года змяняюць колер. Але пастаянныя ў сваёй адметнасці – дагледжанасці.
«Жарабковічы» – гаспадарка шматпрофільная. Развіваецца мяса-малочная галіна, не адстае раслінаводчая. Таварыства статуснае – займаецца развядзеннем і вырошчваннем племянных авечак. Іх сёння амаль 4000 – асканійскай, мерыналандшаф, прэкас, тэксель парод. Сёлетні прыплод склаў больш за 1000 галоў. Штогод на выставе «Белагра» жарабковіцкія авечкі сярод лепшых, што засведчваюць шматлікія дыпломы і ўзнагароды. Не падвялі і ў гэтым годзе – заслужылі атэстат I ступені «Белплемжывёлаб’яднання».
Уладанні сельгаспрадпрыемства прасціраюцца амаль на 9 000 гектараў: палеткі, комплексы, нават свой пчальнік маецца. У бесперабойнай дзейнасці складанага сельскагаспадарчага механізма ўдзельнічаюць 560 работнікаў.
– Гаспадарка трымаецца на людзях, на іх адданасці справе, добрасумленнасці. Ідзе ўборка – ніхто не гаворыць пра адпачынак ці перадышку. У нашай справе расклад такі: як папрацуем, так будзем мець – хлеб не бывае лёгкім. Усе стараюцца, працуюць зацікаўлена, – адзначае дырэктар таварыства Антон Булаты.
У гарачыя ўборачныя дні на ўвесь раён прагучалі прозвішчы жарабковіцкіх тысячнікаў: камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў. Неаднойчы гучаў жарабковіцкі адрас і на абласных «Дажынках». Ураджайнасць зерневых у «Жарабковічах» сёлета – 65,6 цэнтнера з гектара, бульбы – 367. Гэта вынік захавання тэхналогій і сортаабнаўлення, а таксама бездакорна працуючай тэхнікі, якая знаходзіцца ў надзейных руках механізатараў Андрэя Дзянішчыка, Івана Палуэктава, Георгія Карабача, Анатолія Чаркаса і многіх іншых. Не лічацца з асабістым часам і вадзіцелі Аляксандр Холад, Сяргей Бабко, Міхаіл Праневіч, Дзмітрый Станіславовіч.
Свой уклад у эканоміку прадпрыемства ўносіць малочная галіна. З надоеных за 10 месяцаў больш 11000 тон малака 86 працэнтаў – экстра і вышэйшага гатунку. Заслуга ў гэтым заатэхнічнай (галоўны заатэхнік Леанід Новік) і ветэрынарнай (галоўны ветурач Міхаіл Дамашэвіч) службаў, аператараў машыннага даення. Сярод лідараў па надоях – Лідзія Чаркас, Аксана Таўпека, Таццяна Лук’янчык, Людміла Кудзін і іншыя.
Уласнымі сіламі дабудоўваецца МТФ «Чашчы» на 720 галоў. Будаўнічая брыгада гаспадаркі запатрабавана і на рамонце пустуючых дамоў. Дае ім, так мовіць, другое жыццё.
Умеюць у «Жарабковічах» працаваць – умеюць адпачываць, у чым завадатарам выступае прафкам. Традыцыйнымі сталі ўнутрыгаспадарчыя спаборніцтвы па валейболе, чэмпіянаты па настольным тэнісе, спартыўныя святы. Дамашняя размінка – шлях да раённага п’едэстала: «Жарабковічы» трывала замацаваліся на першых пазіцыях. Адным словам, прафесіяналы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.