Кантроль і дапамога. Службы аграрнага прызначэння

Загадчык ветлячэбніцы Дзяніс Яфімчык, ветурач Ірына Швайко.

Дзейнасць  райветстанцыі, племстанцыі па Ляхавіцкім раёне «Брэстплемпрадпрыемства», ільнонасенстанцыі, раённых аддзела хімізацыі і інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін можна ахарактарызаваць коратка: кантроль і дапамога.

Каб наблізіць ветэрынарную дапамогу да месцаў, падраздзяленні райветстанцыі – ветлячэбніцы – знаходзяцца не толькі ў Ляхавічах, але і ў чатырох вёсках. Сярод першачарговых і пастаянных задач службы: недапушчэнне  распаўсюджвання небяспечных захворванняў, лячэнне і прафілактыка хвароб жывёлы і многае іншае. Галоўны вет-урач раёна Уладзімір Гараховіч гаворыць: калі раней за ветдапамогай  звярталіся ў асноўным з-за захворванняў свойскай жывёлы – коней, кароў і г.д., то зараз павялічылася колькасць зваротаў з дамашнімі гадаванцамі – сабакамі, катамі.
Загадчык участковай гарадской лячэбніцы Дзяніс Яфімчык, здаецца, па знешнім выглядзе чатырохногага навучыўся вызначаць  прычыну яго недамагання.  Кампетэнтная і  ўважлівая да сваіх пацыентаў  ветурач Ірына Швайко.  За дзень у спецыялістаў лячэбніцы  бывае да 20 выклікаў.
Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва маецца і адрас  філіяла  КУП «Брэстільнонасенне» Ляхавіцкай міжраённай ільнонасенстанцыі – механізатар Аляксандр Алейнік стаў лепшым у раёне на прасаванні льну. З плошчы 260 гектараў   ільнонасенстанцыя   сёлета сабрала  180 тон насення льну. Ім забяспечваюцца гаспадаркі вобласці. Слесар  Андрэй Гудзіноўскі на спецыяльным агрэгаце  за дзень ачышчае 3-4 тоны насення. Наогул, калектыў з 17 чалавек сваю справу ведае і робіць якасна.
Забеспячэнне насенным і пасадачным матэрыялам, вызначэнне пасяўных і сартавых якасцей насення і многае іншае ўваходзіць у абавязкі дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.
– За 10 месяцаў нашы спецыялісты праверылі і выдалі 625 проб на збожжавыя  і зернебабовыя культуры, – расказала начальнік інспекцыі Наталля Грынкевіч.
У арсенале спецыялістаў лабараторнае абсталяванне, на якім з прафесіянальнай дакладнасцю праводзіць выпрабаванні вядучы аграном Таццяна Лойка.
Аддзел  хімізацыі кантралюе эфектыўнае выкарыстанне ўдабрэнняў, правільнае захоўванне, вапнаванне, прапагандуе   ўкараненне новых   відаў і спосабаў унясення мікраўдабрэнняў, павышэння іх эфектыўнасці.
Племстанцыя па Ляхавіцкім раёне «Брэстплемпрадпрыемства» аказвае не толькі метадычную, але і практычную дапамогу сельгаспрадпрыемствам раёна. Спецыялісты падраздзялення –  першыя дарадцы і памочнікі заатэхнікаў  і селекцыянераў  па пытаннях узнаўлення статка, паляпшэння генетычнага патэнцыялу жывёлы і іншых.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *