Дарагія мае пажылыя

Бабуліны рукі… Старэнькія, маршчыністыя, але такія ласкавыя, добрыя і працавітыя. Гэтыя рукі пяшчотна абдымалі нашых бацькоў, калі яны былі маленькімі, потым  яшчэ больш лашчылі нас, унукаў.  І пры гэтым паспявалі працаваць, упраўляцца па дому і гаспадарцы. А якія смачнасці яны гатавалі!

Пакаленне нашых дзядоў і прадзедаў шмат праз што прайшло ў сваім нялёгкім жыцці: на іх лёс выпалі вайна, голад і ліхалецце, але  яны знайшлі ў сабе сілы, аднавілі разбураную краіну і, не шкадуючы ўласнага здароўя, працавалі для шчаслівай будучыні  нашчадкаў.

Нягледзячы на цяжкасці і нязручнасці, яны былі рамантыкамі і ўмелі адпачываць, пасля цяжкага працоўнага тыдня ішлі танцаваць ці спяваць пад гармонік. Іх жыццё было не падобна на сучаснае — без мабільных тэлефонаў і камп’ютараў,  дыскатэк і бараў, але такое цікавае, незабыўнае і захапляючае.  Самае галоўнае, яны ўмелі сябраваць, для іх важнымі былі ўзаемападтрымка і ўзаемадапамога, пачуццё годнасці і жаданне самаўдасканалення.  Стараліся, каб не было сорамна за ўчынкі ні перад іншымі, ні перад  сабой.  А цяпер яны  турбуюцца пра нас і вучаць сваіх дзяцей-унукаў быць добразычлівымі, шчырымі і чалавечнымі. Па-свойму спрабуюць перадаць  веды, дапамагаюць справіцца з праблемамі і эмоцыямі, знайсці раўнавагу ў жыцці. І раяць, раяць, раяць. Што ўтойваць, здараецца, што маладым гэта не заўсёды падабаецца. Мы часам злуёмся на пажылых людзей, нават не разумеючы, што яны   імкнуцца засцерагчы нас ад непатрэбных учынкаў і роспачы. Толькі потым, праз гады, прыйдзе ўсведамленне таго, што дарма не прыслухаліся   да парад блізкіх і вопытных па жыцці людзей.

Мы, маладыя, павінны паважаць, любіць і берагчы  бабуль і дзядуль, давяраць ім і прыслухоўвацца да іх меркаванняў, не саромецца зноў і зноў паўтараць словы прызнання і пашаны. Згадзіцеся,  гэта не цяжка — хаця б раз у дзень патэлефанаваць роднаму  пажылому чалавеку і пачуць у адказ такі блізкі і пяшчотны голас. Гэта патрэбна ім, але яшчэ больш патрэбна нам, бо яны — наша сумленне і годнасць.  Старасць — гэта восень жыцця чалавека, і так хочацца, каб у кожнага яна была ў вясёлкавых фарбах.

Іна КУЧЭЙКА,

11-класніца СШ № 2

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *