Дарыце дзецям радасць
Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» ўпэўнена крочыць па краіне. Яе галоўная мэта — падарыць радасць навагодніх і калядных свят кожнаму дзіцяці. Вясёлыя ранішнікі, незабыўныя падарожжы ў цудоўны свет казкі, сустрэчы з любімымі героямі, карагоды каля ёлкі — багатая і разнастайная праграма падрыхтавана для хлопчыкаў і дзяўчынак. А які ж Новы год без падарункаў, здзяйснення мар і добрых пажаданняў?
Пераднавагоднія дні дзецям прысвяціў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Члены ўрада, кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, губернатары, старшыні райвыканкамаў, чыноўнікі самых розных рангаў, прадпрымальнікі, усе неабыякавыя людзі ўдзельнічаюць у акцыі «Нашы дзеці». Яны наведваюць бальніцы і дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя дамы і прытулкі, мнагадзетныя сем’і і цэнтры, дзе выхоўваюцца і вучацца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, і абавязкова дораць падарункі.
Без перабольшвання, самай яскравай падзеяй акцыі «Нашы дзеці» стала навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі каля галоўнай ёлкі краіны. Сярод вялікай колькасці запрошаных туды дзяцей весяліліся, радаваліся і з захапленнем назіралі за навагоднім прадстаўленнем і тры юныя ляха-вічанкі. 13-гадовыя вучаніцы гімназіі, СШ № № 1 і 2 Настасся Пляшко, Крысціна Янушка, Таццяна Захарчык — актыўныя і ініцыятыўныя дзяўчынкі. Крысціна ўжо вядомая спартсменка-дзюдаістка, неаднаразовая пераможца спартыўных спаборніц-тваў розных узроўняў. Таня выхоўваецца ў прыёмнай сям’і, яна пераможца інтэлектуальных конкурсаў «Бусляня» і «Кенгуру». Насця з мнагадзетнай сям’і і дапамагае маме ў выхаванні малодшых, паспявае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці класа і гімназіі.
А 29 снежня з нецярпеннем і радасцю рабяты з усёй Брэстчыны спяшаліся на абласное дабрачыннае навагодняе свята, якое прайшло ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. У склад дэлегацыі Ляхавіцкага раёна ўвайшлі 15 рабят: дзеці, якія выхоўваюцца ў няпоўных, малазабяспечаных, мнагадзетных, прыёмных і апякунскіх сем’ях, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, актывісты, выдатнікі. З навагоднімі святамі рабят павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Безумоўна, былі шчырыя пажаданні і падарункі.
Акцыя актыўна разгарнулася і на Ляхавіччыне. Без увагі, клопату і падарункаў не засталося ні адно дзіця. Кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, грамадскія аб’яднанні падрыхтавалі рабятам мноства прыемных сюрпрызаў. Так, СВК «Шлях новы» ўручыў падарункі выхаванцам дамоў сямейнага тыпу, ТАА «Транс- электракамплект» — цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённая арганізацыя ГА «Белая Русь» аформіла падпіску на 1-е паўгоддзе 2012 года на газету «Ляхавіцкі веснік» усім дамам сямейнага тыпу. Паклапаціліся пра юных ляхавічан ПМС, раённыя аддзелы ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, раённае ад-дзяленне дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, райпо, ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», ГД «Уладзімір плюс», індывідуальны прадпрымальнік Г. В. Шэйко і многія іншыя.
Галіна КАНЬКО