Я чакала цябе

Я чакала цябе. Думала кожную раніцу: вось расплюшчу вочы, а за акном – ён! Але, прыпаўшы да шыбіны, бачыла толькі мокрыя дахі і адзінокі плот. Мроіла кожны дзень: вось выйду на ганак, а там – ён! Аднак,  расчыніўшы дзверы, упэўнівалася: цябе няма і не было. Адно шэрае неба і палінялая трава.
Я чакала цябе штодня. І якое гэта было чаканне! Так чакаюць хіба што навагодняй ночы даверлівыя карапузы, каб, з неймавернымі высілкамі перадолеўшы сон, раней за тату і маму знайсці пад ялінкаю салодкі свой падарунак.
Я штодня чакала цябе, шукала паўсюль твае прыкметы. А сноўдаючыся ў пошуку па вуліцах, заўжды насіла ў кішэні адмысловы ўбор – белую шапачку. На ўсялякі выпадак. Калі раптам мы ўсё ж спаткаемся.
Я чакала цябе. І чаканне гэта здзіўляла мяне самую. Бо яшчэ год назад ты быў непрыяцелем. Не – злосным ворагам. Як так сталася, што свет без цябе апусцеў, стаў сівым і азызлым? Як зрабілася, што мой дзень стаў алоўкам без колеру, бо ў ім не хапала цябе?
Я чакала – і ты прыйшоў. Сёння раніцай, калі не рассоўваліся яшчэ фіранкі, калі я, без шапачкі, ускудлачаная і заспаная, на хвілінку выскачыла на двор, каб штосьці ўзяць. Ледзь паспела ступіць на ганак, як раптам ты ў ногі кінуўся. Ты. У мае бухматыя чунькі. Я пачувалася карапузам, што ў навагоднюю ноч, нягледзячы на неймаверныя высілкі, не дапільнаваў-такі, калі мама і тата прыснуць. А ты ляжаў у маіх нагах на прамерзлым цагляным ганку, абшчаперыўшы чунькі добра падношаныя, нібы каралеўскія чаравічкі з золата, ды часта-часта дыхаў (так спяшаўся!). І кожны подых твой далятаў да майго твару, кудлацячы яшчэ болей нерасчасаныя валасы.
Я каралеўна. Я далікатная – не магу доўга на холадзе. І я схавалася ў цёплай хаце, у пакоі, напоўненым марамі пра цябе. А ты застаўся па той бок дзвярэй – сціплы і светлы. Каб асвяціць мой дзень, а не замінаць яму.
Я не ціснуся больш да шыбіны, не адчыняю дзверы без пільнай патрэбы. Упэўнена, цвёрда ведаю: ты тут, ты са мной. Чакаеш пакуль апрану я свой кажушок і белую шапачку, каб разам шпацыраваць па вуліцах…
Радасць мая. Першы мой снег.
Галіна ЗЫРАНАВА.

One thought on “Я чакала цябе

  • 19/11/2017 в 21:23
    Permalink

    Чытала лірычныя нататкі Галіны Зыранавай і думала: якое прыгожае і кранальнае прызнанне! А калі дайшла да апошняга радка — уразілася: які незвычайны і цудоўны герой прызнання. Дзякуй табе, Галіна!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *