Золата пражытых гадоў

Платон Сасімчык з Пад’язаўля  вядомы ў акрузе гарманіст, прызнаецца, што такой весткі не чакаў. Яго запрасілі на залатое вяселле Вікенцій і Вера Юруці з Падбарочча. Здаецца, нічога незвычайнага, каб не адна акалічнасць: 50 гадоў назад ён іграў на іх вяселлі. Ну як тут адмовіць! І хоць сёння Платону Сасімчыку пераваліла ўжо за 80, ён узяў свой гармонік і падаўся ў Падбарочча…

Ушаноўвалі юбіляраў па сцэнарыі, што падрыхтавала Валянціна Маслоўская.  Муж і жонка, якія ў згодзе і каханні пражылі 50 гадоў, стаялі на ручніку – сімвале жыццёвай дарогі, якую яны прайшлі разам. А  2 дачкі, 6 унукаў, 2 праўнукі, сваякі, родныя і блізкія віншавалі залатых юбіляраў, жадалі здароўя, радасці, дабрабыту,  узаемапавагі і любві. У рытуале сімвалічнай рэгістрацыі шлюбу прысутнічаў і абрад абмену заручальнымі пяр-сцёнкамі – у знак любві і вернасці. А Платон Сасімчык, як і 50 гадоў назад, расцягваў мяхі гармоніка, спяваў народныя песні, яму дапамагалі вяскоўкі.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *