Адзін крок да «золата»

Нядаўна ў чарнагорскім горадзе Падгорыцэ завяршылася першынство Еўропы па дзюдо сярод атлетаў, чый узрост не перавышаў 23 гады. Юбілейны – пятнаццаты па ліку – маладзёжны барцоўскі форум сабраў пад сваё крыло больш за тры сотні спартсменаў амаль з 40 краін. Было разыграна 14 камплектаў узнагарод –  у кожнай з сямі вагавых катэгорый сярод жанчын і мужчын. Беларускія дзяўчаты прызавымі выступленнямі на падгорыцкім татамі не адзначыліся. У адрозненне ад моцнай паловы нашай каманды, якая стала сярэбранай у агульным заліку. Золата заваявалі расійскія дзюдаісты, бронза дасталася майстрам «мяккага шляху» з Нідэрландаў.
З чаго, кім і як кавалася беларускае мужчынскае каманднае серабро маладзёжнага першынства Еўропы? Даніэль Мукетэ – вагавая катэгорыя да 100 кілаграмаў і Дзмітрый Мінькоў – да 66 – сталі пераможцамі спаборніцтва. Ягор Варапаеў (вагавая катэгорыя да 90 кілаграмаў), Мікіта Свірыд  (да 100) і Уладзіслаў Цярпіцкі (у спаборніцтве сярод самых цяжкіх  атлетаў у катэгорыі плюс 100 кілаграмаў) сталі другімі прызёрамі маладзёжнага еўрапершынства.
Некаторымі падрабязнасцямі сярэбранага поспеху   свайго выхаванца з рэдакцыяй падзяліўся першы настаўнік Цярпіцкага трэнер-выкладчык Ляхавіцкай ДЮСШ Віктар Богуш:
– Год назад у Тэль-Авіве на такім жа турніры Улад, нагадаю, быў трэцім. Як бачым, пераўзышоў: на старце пераіграў саперніка з Турцыі,  у дзвюх наступных схватках – з азербайджанцам і прадстаўніком каманды Босніі і Герцагавіны – таксама быў паспяховым. У фінале давялося змагацца з пераможцам юніёрскага першынства свету 2015 года чэмпіёнам Расіі Тамерланам Башаевым. Напружаны паядынак завяршыўся не на нашу карысць. Расіянін аказаўся крыху лягчэйшым, больш рухомым, ды і турнірны вопыт у яго некалькі іншы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *