Пяюць небу ясінь
Сямейная рэліквія. У некага – гэта альбом з фотакарткамі, у іншага — сталовае серабро ці дарагія ўпрыгожванні. Ёсць людзі, якія сваім скарбам лічаць франтавыя трохкутнікі ад салдата, што не вярнуўся з поля бою, абраз, якому маліліся продкі, і перадаюць іх з пакалення ў пакаленне. У кожнага чалавека сваё разуменне каштоўнасцяў, як і ў кожнага народа – свае традыцыі, звычаі, абрады.
Напрыклад, у сям’і Якава і Эмы Мурзічаў з Ляхавіч, татараў па нацыянальнасці, беражліва захоўваюць каран і кітаб – свяшчэнныя кнігі, што перайшлі да іх у спадчыну ад продкаў. А яшчэ – мугір – накшталт іконы, толькі замест святых лікаў там выказванні з карана, і хамаіл – малітвеннік імама. Гэтая паважаная сям’я не толькі шануе свае нацыянальныя традыцыі, але і прапагандуе сярод землякоў культуру татарскага народа.
Гэтак жа як і Рашыд Байрашэўскі, які ўзначальвае мусульманскую суполку ў нашым раёне (дарэчы, адну з дзвюх, зарэгістраваных на Брэстчыне), Фарук і Рашыд Байрашэўскія, Галіна Сайдаліева… У суполку ўваходзіць 47 чалавек. Некалі ў Ляхавічах пражывала шмат татараў. Нават адна з самых густанаселеных вуліц райцэнтра насіла назву Татарская (цяпер вуліца Цітовіча). Усе, хто памятае тыя часы, расказваюць, як дружна і весела ладзілі сваё быццё татары. Каму патрэбна была дапамога – ішлі талакой, пасля вайны чакалі з фронту сваіх герояў.
Як і ўсе, завіхаліся на агародах, гадавалі дзяцей, вучыліся. Калі прыходзіла свята, з кожнай хаты разносіліся апетытныя пахі. Хадзілі ў госці і маліліся ў мясцовай мячэці – быў у Ляхавічах і мусульманскі храм. Шмат паважаных людзей жыло на вуліцы Татарскай. Памятаюць тут ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Кубу Байрашэўскага, Барыса Багдановіча, Іосіфа Міскевіча, паважаюць і сёння Розу Міскевіч, Ганну Байрашэўскую, Джамілю Міськевіч, Рамана і Алену Байрашэўскіх і іншых. Амаль у кожнай хаце былі самабытныя майстры, якія ведалі сакрэты вырабу скур для будучых кажухоў…
Рашыд Байрашэўскі і яго жонка Наталля Мікалаеўна прапанавалі суполцы збірацца ў іх доме. У “маладзіковую пятніцу” (першая пятніца кожнага месяца) да іх ідуць і едуць мясцовыя мусульмане, каб паслухаць фаціху, памаліцца.
Каран часта чытаюць Якаў Мурзіч, Рашыд Байрашэўскі, якія добра знаёмыя з культурай Усходу, вывучаюць і шануюць яе тра-дыцыі. Часта прыязджае імам з Мінска, а нядаўна ў гасцях у суполкі пабываў муфцій Духоўнага ўпраўлення мусульман у Беларусі Алі Варановіч. На сустрэчы ў райвыканкаме гаварылі пра ролю суполкі ў захаванні татарскай культуры на Ляхавіччыне.
— Я з дзяцінства ўсё прыглядаўся і прыслухоўваўся да сваіх бацькоў, і мне вельмі падабалася, як яны рыхтаваліся да святаў Ураза-Байрам і Курбан-Байрам, – расказвае Рашыд Іванавіч. – Асаблівая ноч — ноч магутнасці ў месяцы Рамадан, калі збіраюцца разам усе сваякі, моляцца, а пасля захаду сонца пачынаецца разгаўвенне (сумесная вячэра ў час вялікага посту). Цяпер большасць татараў свае святы адзначае дома. Часцей сталі збірацца, на жаль, на пахаванні. У апошні шлях стараемся праводзіць сваіх вернікаў таксама па нашых абрадах і традыцыях.
Дарэчы, у татараў няма паніхідаў, а ўсім, хто прыйшоў правесці нябожчыка ў апошні шлях, выдаецца садака (гэта можа быць здобная булачка ці салодкасці, а могуць быць нейкія рэчы — кавалкі тканіны, ручнікі)…
Але ж, на шчасце, правяцца не толькі сумныя абрады. У радасці нашы землякі-мусульмане вясёлыя і захапляльныя. Напрыклад, калі нарадзіўся чалавек, то ў выбраны дзень святкуюць імянарачэнне – азан, або дзень, у які бяруць шлюб маладажоны, – нікях.
І вельмі многа татары моляцца. У малітвах яны просяць міру, шчасця, здароўя, дабрабыту, міласці і адпушчэння грахоў. Ясінь яны пяюць не толькі за сябе – за ўсіх людзей, што жывуць на планеце Зямля.
Аліна ЛАПІЧ