Жыццё робіць нас мацнейшымі, сцвярджаюць наведвальнікі гэтага аддзялення, дзе пануюць атмасфера творчасці, увага і дабрыня. І даказваюць гэта сваім уласным, няхай і нялёгкім, прыкладам

Калі атрымала рэдакцыйнае заданне расказаць пра аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, доўга думала, з чаго пачаць размову, на чым засяродзіць увагу. Мае хваляванні былі лішнімі, таму што… Літаральна з парога адчуваецца асаблівая ўтульнасць, зусім не характэрная для райбальніцы (пад яе дахам знаходзіцца аддзяленне) дамашняя атмасфера, вее цеплынёй і клопатам.

Мастак Іван Рашанаў і загадчыца аддзялення Святлана Несцяровіч

– Прывітанне! Вы з газеты? Чытаем-выпісваем любімую раёнку, – так душэўна, па-свойску сустрэлі падапечныя аддзялення. І з гэтага моманту час нібы перастаў існаваць – пачалося падарожжа, здаецца, у нейкі іншы свет – свет бязмежных магчымасцей, дзе ўсё прасякнута любоўю і творчасцю.
…Раніца. За акном яшчэ не развіднела. А Ала Шапель, якая прыходзіць сюды з мужам Васіліем, ужо займаецца. Некалькі хвілін яна адводзіць працы з ручнымі трэнажорамі (іх атрымалі па праекце «Санаторый дома»), пасля пераходзіць на больш рухомыя.

У Мікалая Аляксейчыка спартыўная хвіліна

Побач на веласіпедным трэнажоры запланаваную дыстанцыю пераадольвае Мікалай Аляксейчык. У аддзяленне ён прыязджае са Старых Будаў: адлегласць не палохае, упэўнены, што жыццё і ёсць рух. Расказвае, што за
4 гады тут шмат чаму навучыўся, значна ўмацаваў здароўе. І сёння яму пад сілу тое, што раней з-за наступстваў хваробы здавалася немагчымым.
– Планаў многа, – дзеліцца Мікалай, галоўнае, каб было з кім іх ажыццявіць. Мару пра сям’ю і, канешне, паправіць здароўе.
Пакуль у наведвальнікаў спартыўная хвіліна, разглядаю пакойчыкі аддзялення. Хочацца зноў і зноў углядацца ў безліч творчых прац, якія проста ўражваюць сваёй арыгінальнасцю, нестандартнасцю, глыбінёй задумкі. Без перабольшання: яны ўнікальныя, кожная па-свойму. Немагчыма адарваць вочы ад шкатулак, дошчачак, ваз, выкананых у тэхніцы дэкупаж. А якія атрымліваюцца сувенірныя бутэлькі, дэкарыраваныя папяровымі сурвэткамі, бісерам ці атласнымі стужачкамі. Фантастычна, стыльна, сучасна – захапляе ўсё, што давялося ўбачыць. І між волі пачынаеш уяўляць, як той ці іншы выраб упрыгожыць кватэру ці стане неверагодным падарункам блізкаму чалавеку. Хочацца што-небудзь набыць (дарэчы, працуе сацыяльны магазін) з рэчаў ручной работы, з гэтага асартыменту часам вельмі смелых інтэр’ерных рашэнняў. Зараз гурткоўцы «Пейп-арту», «Свету дэкупажу», «Сюрпрыза», «Майстрыхі» рыхтуюцца да навагодніх святаў. Галіна Малевіч з заўсёднай акуратнасцю, стараннасцю працуе над святочнымі ўпрыгожаннямі, Ганна Лук’янава спасцігае мастацтва арыгамі.

У майстэрні пануе пераднавагодні настрой. Са сваімі падапечнымі Ганнай Лук’янавай і Галінай Малевіч кіраўнік гуртка Дзіна Кендыш і інструктар па парацоўнай тэрапіі Вераніка Коктыш (у цэнтры)

Ужо гатовы і хутка адправяцца на чарговую выставу навагоднія дэкарыраваныя свечкі, калядныя анёлачкі, ёлачныя цацкі, віншавальныя паштоўкі, шакаладніцы. Дзівішся, няўжо ўсё гэта – ручная праца.
– Глядзіце, што фантазія нашых падапечных зрабіла са звычайнай пластмасавай бутэлькі, – дэманструюць прыгожыя святочныя званочкі кіраўнікі гурткоў Дзіна Кендыш і Лілія Буйко.
Цікавы стыль размалёўкі ў Дзмітрыя Сталярчука: яго работу лёгка пазнаць сярод іншых – кожны элемент малюнка заштрыхаваны. Незвычайны падыход. Дарэчы, Дзмітрый – актыўны ўдзельнік тэатральнага гуртка «Экспромт». Пастаноўкі казак, сцэнак, мініяцюр у выкананні «Экспромта» бачылі многія: ставяць і для сябе, заўсёды чаканыя госці ў ЦКРНіР, выступалі на сцэне гарадскога Дома культуры. Зараз са сцэнкай «Семачкі» заявяць пра сябе на фестывалі творчасці «Кветка сонца» ў аграгарадку Мірны Баранавіцкага раёна. Дарэчы, сцэнарыі часта пішуць самі.
А вось работы Івана Рашанава вядомы не толькі ляхавічанам, пабывалі яны на «Славянскім базары», і нават цяпер многія з іх адпраўлены на конкурс у Брэст. Яго малюнкі часта ўпрыгожваюць выставы па-за межамі краіны. Яны ўражваюць сваёй строгасцю, у нейкім плане ім уласціва лёгкая стрыманасць. Асабліва атрымліваецца маляваць, а, дакладней, перарысоўваць архітэктурныя аб’екты – храмы, гарадскія збудаванні. А пачынаў Іван Рашанаў з сюжэтаў дыснэеўскіх мультфільмаў, маляваў і ў стылі фэнтэзі.
Галоўнае, знайсці цікавы момант, фотаздымак. З жартам успамінае, як заўважыў у кватэры сяброў шпалеры з незвычайным рысункам. На наступны дзень прыйшоў у аддзяленне з кавалачкам шпалеры і жаданнем хутчэй перанесці прыгожы сюжэт на паперу.
Сёння пазнаёміцца з творчасцю Івана Рашанава можна ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе арганізавана выстава яго малюнкаў.
А яшчэ ён не ўяўляе жыццё без падарожжаў і толькі «за», каб прайсціся ў грыбы, адправіцца ў паход або спякотны дзень правесці каля рэчкі. Асабліва запомнілася экскурсія ў музей чыгуначнай тэхнікі, займальна правялі час і на выставе робатаў у Баранавічах.
Любяць наведвальнікі аддзялення экскурсіі. І вельмі ўдзячныя за разуменне і падтрымку ад сваіх даўніх сяброў – калектыву малочнага завода.
– Да жыцця трэба ставіцца сур’ёзна, але з настроем на пазітыў. Праблемы будуць заўсёды, ды ў гэтым і ёсць жыццё: клопаты, прыемныя і не толькі, радасці, перамогі і паражэнні. Няхай усё робіць нас мацнейшымі, – шчыра жадаюць сабе і чытачам раёнкі гурткоўцы.
– Для нашых падапечных аддзяленне стала другім домам. Яны спяшаюцца сюды і з добрым настроем, каб падзяліцца з іншымі, і з дрэнным, каб абмеркаваць свае праблемы, расказаць, што хвалюе, каб стала лягчэй. Бо ўпэўнены: іх тут чакаюць, любяць і заўсёды прыйдуць на дапамогу. У іх вераць. Дзеля нашых сяброў мы і працуем, – гаворыць загадчыца аддзялення Святлана Несцяровіч.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *