Да ўсяго справа
Святлана КУРЭЦ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Прафсаюзам павінна быць да ўсяго справа – такую задачу паставіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на VII з’ездзе ФПБ. Прэзідэнт падкрэсліў, што прафсаюзы з’яўляюцца асноўнай апорай дзяржавы і назваў іх партыяй працоўных.
Каб атрымаць такую ацэнку, мала быць проста самым масавым грамадскім аб’яднаннем краіны (хаця і гэта таксама важна, бо сведчыць пра давер насельніцтва). Аўтарытэт і ўплывовасць не прыходзяць самі па сабе, заслужыць іх можна рэальнай і выніковай дзейнасцю.
Абарона інтарэсаў працоўных – так коратка можна акрэсліць тое, чым займаюцца прафсаюзы. А гэта і абарона правоў, і забеспячэнне сацыяльных гарантый, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і актыўнага адпачынку і яшчэ многае іншае.
Сёння ў склад раённага аб’яднання прафсаюзаў уваходзяць 4 раённыя арганізацыйныя структуры, на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны дзейнічаюць 83 прафсаюзныя пярвічкі. У прафсаюзных радах больш за 8500 нашых землякоў. І вельмі радуе, што прафсаюзная сям’я прырастае за кошт пярвічак, створаных на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. За апошнія два гады прафарганізацыі з’явіліся ў ТАА «Трансэлектракамплект» і ЗТАА «БелДан». Хаця, трэба прызнаць, у гэтым накірунку ў нас яшчэ нямала работы, не ўсе кіраўнікі і ўласнікі прадпрыемстваў гатовы да такога кроку.
На жаль, пакуль яшчэ не ва ўсіх арганізацыях дзейнічае калектыўны дагавор, не ўсюды ў яго ўключаны важныя нормы з генеральных пагадненняў.
Прафсаюзы пастаянна праводзяць маніторынг па выплаце заработнай платы і па псіхалагічным мікраклімаце ў працоўных калектывах. Асаблівая ўвага рабоце з маладымі спецыялістамі: каб мець перспектыўны рэзерв кадраў, трэба не толькі садзейнічаць прафесійнаму росту, але і паспрыяць стварэнню нармальных умоў працы і быту.
У жніўні рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ вывучала пытанні выканання на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна заканадаўства аб працы. Выяўлена 144 парушэнні, кіраўнікам арганізацый выдадзены рэкамендацыі па іх ухіленні.
Штомесяц ФПБ праводзіць прававы прыём грамадзян. Прававыя інспектары выязджаюць на месцы, каб даць кваліфікаваную юрыдычную кансультацыю, адказаць на хвалюючыя пытанні, падказаць выйсце з сітуацыі. Сёлета на такія прыёмы звярнуліся 13 жыхароў Ляхавіччыны.
Можна сказаць, што прафсаюзы імкнуцца актыўна ўдзельнічаць практычна ва ўсіх значных падзеях і мерапрыемствах, што адбываюцца ў раёне: ці то ўшанаванне лепшых працаўнікоў, ці то дабрачынныя акцыі – навагоднія, прымеркаваныя да пачатку навучальнага года, Дня маці і г.д., ці то важныя палітычныя кампаніі. Спартакіяда сярод ветэранаў, дзень нараджэння піянерыі, конкурс «Аўталэдзі-2017», злёт маладых сем’яў, аздараўленне (дарэчы, адпачынак для членаў прафсаюза ў прафсаюзных здраўніцах абыходзіцца на чвэрць танней)…– кола нашых інтарэсаў не абмежавана ўзростам землякоў, іх статусам ці формай уласнасці прадпрыемстваў. Быць побач з людзьмі, у гушчыні падзей – сутнасць усёй прафсаюзнай працы.
Вырашаць важныя пытанні прафсаюзам дапамагаюць надзейныя партнёры. Ёсць яны сярод сельвыканкамаў, навучальных устаноў, многіх арганізацый, у тым ліку грамадскіх. Летась заключаны трохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ і раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Ініцыятыўнасць, нераўнадушнасць, актыўнасць, жаданне дапамагчы – вызначальныя рысы для прафсаюзнага актывіста, лідара. Сёлета раённае аб’яднанне прафсаюзаў праводзіла конкурс на лепшую пярвічку. Яго вынікі падведзены, а пераможцы будуць аб’яўлены і ўзнагароджаны на пасяджэнні савета аб’яднання.