Любіць сябе, а, значыць, клапаціцца пра ўласнае здароўе раіць сваім пацыенткам і наогул усім жанчынам доктар Панько

У паліклініцы ёсць аддзяленне, куды на прыём да ўрача прыходзяць выключна пацыенткі. Гэта пра жаночую кансультацыю, загадвае якой Анатолій ПАНЬКО, ён жа пазаштатны галоўны раённы акушэр-гінеколаг.  Анатолій Лявонцьевіч пра любімую работу можа гаварыць бясконца. І натуральна, што тэма жаночага здароўя, якое залежыць ад многіх фактараў, была галоўнай пры размове доктара з карэспандэнтам «ЛВ».  Размова атрымалася надзвычай цікавай і шматпланавай.

– Ці згодны вы, Анатолій Лявонцьевіч, са сцвярджэннем, што прыга-жосць – гэта, найперш, здароўе?
– Бясспрэчна і адназначна – гэта так. Сапраўдная прыгажосць – у здароўі і ўменні быць энергічным. Распаўсюджаны выраз, але ён адлюстроўвае тое, пра што ў мітусні дзён не павінна забываць ні адна жанчына незалежна ад узросту.
Тым больш, што здаровыя дзеці нараджаюцца ў здаровай маці. А для гэтага цяжарнасць трэба планаваць і рыхтавацца да яе. У медыцыне нават ёсць тэрмін –
прэгравідарная падрыхтоўка (ад лац. gravida – цяжарная і прыстаўкі «перад» – перад чым-небудзь). Яе ключавыя этапы – паход да тэрапеўта, дыягностыка хранічных захворванняў і кансультацыя ў вузкіх спецыялістаў (стаматолага, ЛОРа, кардыёлага, эндакрынолага і іншых).
Вельмі важна абследавацца ў эндакрынолага. Менавіта парушэнні функцыі шчытападобнай залозы часам з’яўляюцца прычынай ненаступлення цяжарнасці і нават эндакрыналагічнага выкідыша, могуць прывесці да з’яўлення парокаў развіцця ў дзіцяці. Бывае, што ў цяжарных выяўляецца дыябет. У такой сітуацыі для нараджэння здаровага дзіцяці неабходна асаблівая дысцыпліна маці: бездакорнае выкананне ўсіх рэкамендацый эндакрынолага і гінеколага.
Вялікае значэнне мае лад жыцця, харчаванне, псіхалагічны стан. Ад жыццярадаснай і любячай мамы дзіця атрымлівае комплекс станоўчых эмоцый. Калі ж яна курыць, злоўжывае алкаголем, часта раздражняецца і злуецца, плоду прыйдзецца быць вельмі стойкім, каб нарадзіцца без адхіленняў. За сваю медыцынскую практыку неаднаразова назіраў, як курэнне жанчыны станавілася прычынай нездароўя дзіцяці.
Паход па ўрачах завяршаецца ў нашай кансультацыі, дзе будучую маці абследуе гінеколаг.

– Што дапамагае захаваць жаночае здароўе, як не прапусціць трывожныя званочкі?
– Па статыстыцы, асноўныя праблемы жаночага здароўя – гэта запаленчыя хваробы і эрозіі, дабраякасныя (міома, кіста, мастапатыя) і злаякасныя пухлінныя, а таксама эндакрынныя (гарманальныя дысфункцыі) захворванні.
Прайсці агляд у гінеколага жанчыне неабходна раз у год нават пры добрым самаадчуванні і не адмаўляцца ад прафаглядаў. Пры захворваннях –
іншы расклад. Некаторыя жанчыны памылкова лічаць, што дастаткова зрабіць ультрагукавое даследа-ванне, а прыём у гінеколага –  лішняе. УЗІ-дыягностыка з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і інфарматыўных метадаў, незаменнай падмогай у выяўленні многіх захворванняў. Але аднаго яго недастаткова. Анкалагічны дыягназ можна «ўбачыць» пры даследаванні цыталагічнага мазка, пры аглядзе ў крэсле – выявіць запаленні і іншыя адхіленні. Дарэчы, цыталагічнае даследаванне мазка – абавязковы аналіз, які бярэцца са слізістай і з паверхні шыйкі маткі для скрынінгу рака. Поўную карціну дае гісталагічнае даследаванне.
Фактары рызыкі, ад якіх жанчыны не павінны адмахвацца: парушэнні менструальнага цыклу, запаленчыя працэсы, позняе наступленне менапаўзы – звычайна пасля 50 гадоў (дарэчы, 49-59 гадоў – самы небяспечны, складаны перыяд для жаночага здароўя), аборты, стрэсы.
Бывае, раіш жанчыне прайсці абследаванне, а яна прыходзіць на прыём праз 3 месяцы. У такіх выпадках час працуе супраць пацыенткі. Важна не спазніцца. Пры болях, дыскамфорце, выяўленні пухліны, запаленчых працэсах неабходна абавязкова звяртацца да ўрача, а не займацца самалячэннем. Дыягназ павінен ставіць спецыяліст, а не інтэрнэт.
За год рак маткі ў жанчын з нашага раёна выяўляўся ў 8-10 выпадках, яечнікаў –  1-2. Злаякасныя пухліны шыйкі маткі – адно з нямногіх захворванняў, якое мае інфекцыйную прычыну. Даказана, што рак шыйкі маткі выклікаецца вірусам папіломы чалавека. «Вінаватай» можа быць і частая змена палавых партнёраў.
Абследавацца жанчыны могуць у райбальніцы: тут маюцца кваліфікаваныя спецыялісты і сучасная апаратура.

– Асобнае пытанне пра малочную залозу…
– Усе без выключэння жанчыны проста абавязаны рэгулярна праводзіць самаабследаванне малочнай залозы. Выявілі паталогію (ушчыльненне, асіметрыя, так званая апельсінавая скурка, павелічэнне падпахавых лімфатычных вузлоў) – не адцягвайце паход да ўрача. У большасці выпадкаў аказваецца, што крыніцай трывогі з’яўляецца добраякаснае новаўтварэнне. Але бывае, што пухліна
злаякасная. Рак малочнай залозы, калі ён выяўлены на ранніх стадыях добра паддаецца лячэнню.
Гэты дыягназ кожны год фіксуецца ў 8-14 нашых зямлячак. Хвароба можа развiцца на фоне мастапатыі, залiшняй вагі, парушэння функцыi эндакрыннай сiстэмы, у іншых выпадках.
Паўтару: страхоўка ад бяды – штогадовыя прафагляды, рэгулярнае абследаванне і самаабследаванне, выкананне рэкамендацый урача, здаровы лад жыцця. Нельга скідваць з рахункаў спадчыннасць.

– Дыеты, сістэмы пахудзення, супрацьстаянне жанчыны і лішніх кілаграмаў – тэма не новая. Ваш погляд на яе.
– Лішняя вага – адна з праблем жаночага здароўя. Атлусценне не такое бяскрыўднае, як здаецца на першы погляд. Выклікае захворванні сістэмы кровазвароту, суставаў, парушэнне менструальнага цыклу. Яно можа справакаваць анкалагічнае захворванне жаночай палавой сферы. Чаму? Тлушчавая тканка назапашвае палавыя гармоны, парушаецца іх сінтэз, так званы ўнутраны гадзіннік дае збой. Часта лішняя вага прыводзіць да дыябету. Атлусценне вызначаецца суадносінамі паказчыкаў росту і вагі: індэкс масы цела ў норме складае 19-25 значэнняў, больш за 30 –
падстава звярнуцца да тэрапеўта і эндакрынолага. Разлічваецца індэкс па наступнай формуле: вагу (у кг) раздзяліць на ўзведзены ў квадрат рост, узяты у метрах. Ну і, канешне, трэба заняцца сабой: утаймаваць апетыт, пасябраваць з фізкультурай.

– Перад кабінетам урача-гінеколага дарослыя пацыенткі часам хвалююцца і перажываюць, бы школьніцы. А ў якім узросце мама павінна прывесці дачку ў жаночую кансультацыю?
– Можа для каго стане адкрыццём, але знаёмства з жаночай кансультацыяй у дзяўчынкі павінна адбыцца ў 3 гады, затым у 6. З 14 гадоў школьніцам пры прафілактычным медыцынскім аглядзе неабходна наведаць і акушэра-гінеколага. Задача мамы падрыхтаваць дзяўчынку да наведвання ўрача, растлумачыць, што гэта не страшна і не балюча, што спецыялісту трэба давяраць. Да 16 гадоў агляд дзяўчынкі робіцца ў прысутнасці бацькоў, з 16 – з іх пісьмовай згоды.

– Праблема, пра якую спрачаюцца,  датычыць абортаў…
– Сёння абсалютная забарона на аборты ўведзена ў больш чым 100 краінах. У некаторых штучнае перарыванне цяжарнасці дапускаецца толькі па сацыяльных і медыцынскіх паказаннях. Скажу як урач, як бацька: я за нараджэнне дзяцей. У нашай краіне закон дае права жанчыне самой вырашаць гэта пытанне.
Жанчыну, якая хоча перарваць цяжарнасць, гінеколагі спрабуюць адгаварыць ад гэтага кроку, не даць зрабіць непапраўнае. У нас абавязковае праходжанне перадабортнага кансультавання. Даецца час падумаць, узважыць, – час «трохдзённай цішыні». Затым ідзе псіхалагічнае кансультаванне. Ідэальны варыянт, калі жанчына перадумае спыняць цяжарнасць.
Хтосьці абгрунтоўвае аборт узростам, але пры сённяшнім узроўні медыцыны нашы жанчыны нараджаюць дзяцей і ў 40 гадоў і пазней. Канешне, пры ўмове праходжання ўсяго комплексу дародавага абследавання.
Перарыванне цяжарнасці ўяўляе высокую рызыку ўскладненняў для здароўя. Арганізм перажывае шок і стрэс. У нервовай і гарманальнай сістэмах назіраецца збой. Наступае дысбаланс гарманальнай, імуннай, нырачна-пячоначнай функцый і г.д. Пагаршаецца сон, павышаецца стамляльнасць, з’яўляецца раздражняльнасць (постабортны сіндром) і, такім чынам, ствараюцца ідэальныя ўмовы для пранікнення інфекцыі, якая правакуе, у тым ліку, і запаленчыя захворванні. А яшчэ, што самае сумнае, можа прывесці да бясплоднасці.
Ці патрэбны яшчэ нейкія аргументы на карысць родаў і супраць аборту? Каб не даводзіць сітуацыю да крытычнай напомню: існуе кантрацэпцыя, і кожнай жанчыне можна падабраць аптымальны для яе варыянт. Лепшай прафілактыкай нежаданай цяжарнасці з’яўляецца яе папярэджанне.

– Што радуе ўрача акушэра-гінеколага Панько, а што засмучае?
– Скажу так, сучасная медыцына крочыла далёка наперад. Медыкі бязбольна «вывучаюць» органы чалавека, ставяць дакладны дыягназ на ранняй стадыі захворвання. Радуюся, калі прыходзяць у калектыў маладыя спецыялісты, калі запісваюцца на абследаванне пацыенткі, калі жанчыны старанна рыхтуюцца да цяжарнасці, калі адбываецца галоўны цуд жыцця – нараджа-ецца чалавек. Асаблівае задавальненне – калі ўдаецца адгаварыць жанчыну ад аборту. Сёлета не было дачасных родаў – таксама падстава для станоўчых эмоцый.
Прафесіянальна засмучае, калі жанчыны адмаўляюцца ад прапанаванай ім шпіталізацыі: некаторыя пытанні можна рашаць толькі ў стацыянары. Даводзіцца выязджаць да іх на дом, пераконваць.
Яшчэ раз падкрэслю: жанчына павінна сачыць за сваім здароўем, і не толькі дзеля сябе, але і дзеля сваіх родных. Будзьце здаровыя і прыгожыя!

Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *