Запіскі Бабы Мароза

Падарункі рабіць люблю. Асабліва люблю радаваць імі дзяцей. А Новы год – самая ўважлівая прычына для гэтага.

…Снежань набірае разбег, разам з ім – пакупніцкі марафон, які самыя прадбачлівыя пачалі, і не сёння. У іх на дальніх палічках шафаў ужо чакаюць свайго зорнага часу скруткі і скрутачкі, што пойдуць «пад ёлачку». А вось масавы пакупніцкі ажыятаж яшчэ наперадзе. Трыумф прадаўцоў феерверкаў, цацак, сувеніраў, навагодне-каляднага дэкору толькі пачынаецца. Канкурэнтамі ў іх гандляры мандарынамі і салодкасцямі.
Хочацца, каб падарунак быў да сэрца і ад сэрца – і арыгінальным, і карысным, і жаданым. Не трэба мне вашых шкарпэтак у бляшанцы, і гэта карціна «метр на паўтара» не ўражвае. (Уяўляю, які быў бы твар у «адарваемага» пры атрыманні такога сюрпрызу…). Чакаем па ўсходнім календары прыходу Жоўтага Сабакі. Таму пакажыце мне, калі ласка, гэтага фарфоравага Тузіка. Бяру. Не, давайце пяць! І магніцікі, і каляндарыкі, і кубачкі з сімвалам наступнага года па-за канкурэнцыяй уліваюцца ў кругаварот падарункаў у прыродзе і народзе. Усё гэта і многае іншае, ды прыпраўленае непаўторным пахам хвоі, мандарынаў, першага снегу, ужо само па сабе і ёсць прадчуванне-чаканне свята, любімага і малымі, і дарослымі.
Свята-радасць – менавіта такое яно ў марах хлопчыкаў і дзяўчынак. Свята-цуд – менавіта такім для іх, усіх выключна, пастараюцца зрабіць яго любячыя і клапатлівыя дарослыя. Уявіце, як сонечна стане, калі на кожным дзіцячым тварыку заззяе шчаслівая ўсмешка. Ужо заўтра пачынаецца ў Беларусі традыцыйная акцыя «Нашы дзеці». Яна запраграмавана на радасць, і яна стане радасцю для кожнага юнага жыхара краіны. Зноў будуць «госці ў хату», канешне, з падарункамі:  у дзіцячыя садкі, школы, пазашкольныя ўстановы, шматдзетныя сем’і, па многіх іншых адрасах, дзе навагодняга цуда з абсалютнай верай у яго чакаюць малышы.
А ці не большае шчасце – стаць суаўтарам дзіва дзіўнага, цуда цуднага, адчуць сябе чараўніком, Дзедам Марозам?! Гэту магчымасць дае літаральна кожнаму даросламу шчодры калядна-навагодні расклад. Так проста выканаць, напрыклад, «Жаданне ў далоньцы» дзетак-інвалідаў з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якое на ёлачнай лапцы ў магазіне «Аліса» чакае менавіта мяне, цябе, вас. Ці пайсці на дабрачынны канцэрт «Ад сэрца да сэрца», на які народная эстрадная студыя «Экспрэс» і дзіцячы калектыў «Пунсовыя агеньчыкі» запросіць 23 снежня, а заробленыя сродкі пойдуць тым самым «далонькам».
Ды што тут агітаваць. Працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, прадпрымальнікі, валанцёры, улада даўно абмеркавалі свой удзел у дабрачыннай акцыі. А цяпер, калі нешта ўдакладняюць, то толькі з жаданнем стварыць для ўсіх дзетак не проста радасць – а супер-радасць, не проста выканаць «наказ Дзеду Марозу» – а зрабіць усё дзейства падарожжам у казку. Раз у казку –  значыць, быць цудам. Неверагодным, добрым, светлым, ад якіх сонца ярчэй, снег бялей, вачаняты дзіцячыя перапоўнены радасцю. І, без сумнення (кожны можа прымераць на сябе), адчуванне гэтай радасці застанецца на ўсё жыццё. Таму што, скажу па сакрэце, без гэтай кропелькі навагодняй у душы вельмі прэсна, колькі б гадоў табе ні было…
Гавораць, як год сустрэнеш, такім ён і будзе. Ад нас, і толькі ад нас, залежыць, каб літаральна для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак ён быў напоўнены ўвагай і любоўю, каб дзяцінства не было азмрочана нічым і ніколі, каб не засталося ні аднаго адраса, па якім жыве дзіцячая бяда.
… «ЛВ» таксама рыхтуе навагодні мех з падарункамі. У мінулым годзе газетчыкі напрасіліся ў госці ў Жарабковіцкі дзіцячы садок і ў адну з мнагадзетных сем’яў райцэнтра, а сёлета… Дзеля паўнаты сюрпрызу не стану агучваць адрас падарункавага дэсанта раёнкі. Скажу толькі, што абавязкова, з радасцю, з найвялікшым жаданнем, сардэчна і шчыра купляем і салодкасці, і цацкі, і кнігі для сваіх маленькіх землякоў. Мы спяшаемся да вас!
Вольга БАРАДЗІНА.

Р.S. А наконт згаданага ў загалоўку «персанажа» –   Бабы Мароза – уношу яснасць. Такім «званнем» з паўнаты пачуццяў надзяліла добрую цёцю адна мілая шасцігадовая дзяўчынка за сваю спраўджаную мару, пра якую яна друкаванымі літарамі напісала ў паштоўцы Дзеду Марозу. Праўда, падарунак прынесла цётачка, што ніколькі не зменшыла дзіцячага захаплення ад белага пушыстага медзведзяняці. А доказам гэтага захаплення стала непаўторна непасрэднае: дзякуй, Баба Мароз! Ну што тут дадаць?

One thought on “Запіскі Бабы Мароза

  • 13/12/2017 в 22:48
    Permalink

    Предложение считаю хорошим. Стать Дедом или Бабой Морозом для кого-то, сделать кого-то счастливым хоть на миг — ощущения будут, уверен, самые острые. А потом целый год согревать себя мыслью, что кто-то радуется твоему подарку и пользуется им. И , может быть, рисует твой портрет — красками или карандашами. Это из той оперы, как посадил дерево, пожелал добра кому-то и к тебе бумерангом вернётся всё то хорошее, что ты сделал.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *