Вашы подпісы, землякі
10 снежня ў Беларусі стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Вылучацца можна трыма традыцыйнымі спосабамі – шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў.
Пры вылучэнні шляхам збору подпісаў, каб стаць кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета, неабходна сабраць не менш як 150 подпісаў выбаршчыкаў, што пражываюць на тэрыторыі адпаведнай акругі.
Подпісы не менш як 75 выбаршчыкаў патрабуюцца пры вылучэнні ў раённы, гарадскі (гарады абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў; не менш як 20 выбаршчыкаў у гарадскі (гарады раённага падпарадкавання), пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў.
Збіраць подпісы мае права толькі зарэгістраваная ініцыятыўная група, міні-мальная колькасць яе членаў складае тры чалавекі, максімальная – дзесяць. Члены групы могуць не пражываць на тэрыторыі той выбарчай акругі, дзе будуць збірацца подпісы, галоўнае, каб там пражывалі выбаршчыкі, якія будуць іх ставіць. Збіраць подпісы можна, наведваючы кватэры грамадзян або арганізоўваючы пікеты на вуліцах там, дзе гэта не забаронена мясцовымі ўладамі.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўляецца з 10 снежня па 8 студзеня, прычым 8 студзеня – апошні дзень здачы дакументаў. Непасрэдна рэгістрацыя будзе праводзіцца з 9 па 18 студзеня адпаведнымі акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі.
Затым пачынаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі. Для гэтых мэт кандыдаты маюць права выкарыстоўваць СМІ, вырабляць і распаўсюджваць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі і ажыццяўляць агітацыю ў іншых формах.
«Дапамогу ў правядзенні агітацыйнай кампаніі кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў аказваюць іх давераныя асобы. Давераных асоб можа быць да пяці ў кандыдата», – гаворыцца ў паведамленні ЦВК.
За кошт бюджэтных сродкаў акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі вырабляюцца агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі кандыдатаў для размяшчэння на тэрыторыях выбарчых акруг. Таксама за кошт сродкаў бюджэту вырабляюцца і накіроўваюцца ўсім выбаршчыкам інфармацыйныя матэрыялы аб прэтэндэнтах на дэпутацкую пасаду.
Можна на бязвыплатнай аснове скарыстацца прадас-таўленымі памяшканнямі для сустрэч з выбаршчыкамі.
Для самастойнага фінансавання дадатковых мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі дазваляецца ствараць уласныя выбарчыя фонды ў наступных памерах: кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў – да 30 базавых велічынь (адна БВ складае Br23); кандыдаты ў дэпутаты іншых Саветаў – да 10 базавых велічынь.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў назначаны ў Беларусі на 18 лютага 2018 года.
БЕЛТА.