Ляхавічаніну вярнулі электратарку праз паўгода
У рэдакцыю патэлефанаваў ляхавічанін Мікалай Трысцень, які расказаў сумную гісторыю. Сутнасць яе такая. Летам у магазіне “Тэхніка”, што ў райцэнтры, ён купіў электратарку-шынкоўку коштам 172600 рублёў. Упершыню паспрабавалі яе ў дзеянні ў кастрычніку мінулага года. Ужо на другі раз электрапрыбор даў збой – перастаў працаваць. Мікалай Мікалаевіч звярнуўся з паламанай рэччу ў магазін. Прадавец, агледзеўшы электратарку, растлумачыла, што гэта заводскі дэфект, і прыбор адправяць на рамонт непасрэдна вытворцу.
Дарэчы, згодна закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”, па патрабаванні пакупніка прадавец абавязаны замяніць бракаваны тавар адразу, а пры неабходнасці дадатковай праверкі – на працягу 14 дзён з моманту прад’яўлення такога патрабавання. У выпадку адсутнасці ў прадаўца тавару такой мадэлі, са згоды пакупніка працэдура абмену можа адкласціся на тэрмін да 1 месяца. Наогул, пакупнік у такім выпадку мае права проста скасаваць дагавор куплі-продажу і вярнуць свае грошы.
Нічога падобнага Мікалаю Трысценю, акрамя таго, як прыйсці за адрамантаваным электрапрыборам праз месяц, прапанавана не было. Аднак і праз указаны тэрмін з магазіна пакупнік пайшоў з пустымі рукамі: прадавец патлумачыў, што электратарка яшчэ не адрамантавана. Пачакаць параілі і спецыялісты райпо, да якіх звярнуўся пакупнік. Не дачакаўшыся адрамантаванага электрапрыбора і ў студзені, Мікалай Трысцень патэлефанаваў таваразнаўцу гасгандлю Ірыне Каролік. Яна патлумачыла, што рамонтная майстэрня ў Баранавічах адмовіла ў рамонце электратаркі, а для таго, каб адправіць яе на завод у Мінск, неабходны транспарт. І зноў параіла пакупніку… пачакаць. На пытанне “ЛВ”, як доўга, Ірына Паўлаўна паабяцала, што да канца гэтага тыдня пытанне будзе вырашана станоўча і ў інтарэсах пакупніка.
Час пакажа. Пакуль жа варта нагадаць, што 2010 год у краіне аб’яўлены Годам якасці. А гэта значыць, што трэба яшчэ больш звяртаць увагу на якасць выконваемых работ, паслуг, у тым ліку камусьці перагледзець адносіны да спажыўцоў, кліентаў і пакупнікоў.
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у ”ЛВ” патэлефанавала дырэктар ПГУП ”Ляхавіцкі гасгандаль” Таццяна Шклянік, якая паведаміла, што пытанне ў хуткім часе будзе вырашана. Сам заяўнік у тэлефоннай размове пацвердзіў, што праз тыдзень паабяцалі вярнуць спраўную электратарку. Аказваецца, можна, калі пастарацца.
Галіна КАНЬКО