За дзве чвэрці да выпускнога

Многія мае аднакласнікі-выпускнікі вызначыліся з будучымі прафесіямі: некаторыя выбралі сваю мару, хтосьці будзепаступаць вучыцца туды, куды раяць бацькі, а хтосьці  проста шукае перспектыўную работу.

Я таксама абрала свой шлях — яшчэ  ў канцы 8-га класа. Журналістыка – самая жаданая мая мара і галоўная мэта. Набліжаючы яе, пішу гэтыя радкі ў раёнку. Прафесія – не проста выбар, а спадарожніца на ўсё жыццё. Іменна ад яе, ад прафесіі, залежаць настрой, прыярытэты, паўната самарэалізацыі. Дарэчы, чаму, па якіх прычынах мае аднакласнікі выбралі тую ці іншую прафесію? Каб высветліць гэта, звярнулася да іх.

— Аляксандра, кім ты рашыла стаць?

— З дзяцінства мару вучыцца ў медыцынскім універсітэце.

— Мяркую, каб стаць медыкам, трэба мець асаблівы агеньчык у сэрцы. Ці гатова ты, нягледзячы ні на якія абставіны, прысвяціць сябе гэтай адказнай прафесіі?

— Калі сэрца падказвае, значыць – гатова! Ведаю, што прафесіяналамі не нараджаюцца, імі становяцца. Думаю, абраная прафесія, жаданне вучыцца і ў далейшым працаваць дапамогуць мне стаць добрым урачом.

Шчыра жадаю, каб у Аляксандры ўсё атрымалася. Здорава: будуць сярод аднакласнікаў медыкі! І не толькі. Насця, напрыклад, хоча стаць юрыстам і тлумачыць –  чаму:

— Хачу стаяць на варце закона, дапамагаць людзям у складаных сітуацыях. Дзякуючы гэтай прафесіі, буду ведаць усе правы і абавязкі.

Многія хлопцы выбіраюць прафесію выратавальніка.

— Аляксей, чым яна цябе прываблівае?

— Мне заўсёды хацелася рабіць дабро людзям, дапамагаць. Лічу, што быць выратавальнікам – справа для сапраўдных мужчын. Канешне, асэнсоўваю, што  гэта  складана і нават небяспечна, але іншага шляху для сябе не ўяўляю.

Пытанне, адказ… Быццам і не было роздумаў, ваганняў: галоўнае, не памыліцца, галоўнае, правільна рашыць задачу з адным невядомым, дзе ікс – гэта выбар сваёй дарогі. Вывучыцца і стаць профі. Мае аднакласнікі ставяцца да сваёй будучыні па-даросламу.

— Крысціна, скажы, калі ласка, што для цябе галоўнае ў будучай рабоце?

— Якасць выканання, а, значыць, сумленнае стаўленне да яе.

— Ксюша, твой выбар:  кар’ера ці сям’я?

— Лічу, што сям’я важней, чым кар’ера. І, думаю, што кожны павінен знайсці баланс паміж гэтымі важнымі складальнікамі дарослага жыцця.

— Віка, што для цябе важней – заработная плата ці работа па душы?

— Вельмі важна выбраць прафесію па душы. Яна павінна прыносіць і задавальненне, і, пажадана, добры заробак.

— Кірыл, ты збіраешся працаваць па  спецыяльнасці, якую атрымаеш, ці выбар зроблены дзеля дыплома аб вышэйшай адукацыі?

— Мяркую, што буду працаваць па спецыяльнасці. Але калі з’явяцца іншыя, больш цікавыя прапановы, магчыма, маё рашэнне зменіцца.

— Ірына, на тваю думку, якія якасці садзейнічаюць паспяховай кар’еры?

— Мабыць, працавітасць, стараннасць, прафесіяналізм паспрыяюць таму, каб усё атрымалася.

Такія вось меркаванні, такія планы-мары. У юнацтва – агонь у вачах і ў душы – прага пазнання. Мы будзем вельмі старацца, каб спраўдзіць задуманае.

Іна КУЧЭЙКА,
вучаніца 11 класа СШ № 2 г. Ляхавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *