Паміж вясной і восенню
На літаратурным небасхіле Ляхавіччыны падзея: выйшаў у свет зборнік вершаў нашай зямлячкі Валянціны Пабягайла.
Першыя свае вершы Валянціна Іванаўна некалі сціпла прынесла ў рэдакцыю “ЛВ”. Пасля іх публікацыі пасыпаліся цёплыя водгукі чытачоў, якія натхнілі на далейшую творчасць.
І вось прэзентацыя зборніка вершаў Валянціны Пабягайла, якую арганізавалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. У літаратурнай гасцёўні са-браліся людзі розных узростаў. Выкладчык школы мастацтваў Мікалай Шклянік узяў на сустрэчу свой любімы музычны інструмент – кларнет, каб прадэманстраваць, наколькі блізкія па гучанні лірычныя музычныя творы і паэзія Валянціны Іванаўны. Гэта была цёплая і шчырая сустрэча, на якой кожны хацеў падзякаваць аўтара за пранікнёныя паэтычныя радкі.
Пра што піша Валянціна Пабягайла? Кожны яе верш – гэта душэўнае перажыванне, шчыры роздум пра жыццё з усімі яго праяўленнямі: любоў, захапленне прыродай, узаемаадносіны паміж людзьмі. Асобая тэма – родная мова, мілагучная і прыгожая, на якой і ў Валянціны Іванаўны найчасцей нараджаюцца вершаваныя радкі.
Дарэчы, сама яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, закончыла політэхнічны інстытут. Як прызнаецца, напэўна, любоў да беларускай мовы ў яе на генетычным узроўні.
Каб наш народ у свеце паважалі,
Жылі ў дружбе, шчыра працавалі,
У Ляхавічах, Гродне і Бабруйску
Давайце размаўляць па-беларуску!
Валянціна Іванаўна – вельмі шчыры і спагадлівы чалавек, гатовы рабіць дабро лю-дзям. Яна марыць і пра сваё асабістае, і пра далейшы росквіт Радзімы, шчасце людзей. Просіць блаславення ў “сарваўшайся знічкі”:
Здароўя сабе пажадала,
Радні і ўсім, каму трэба,
Каб моцна Радзіма стаяла
Пад мірным і сонечным небам.
Каб стала Радзіма багатай,
Сыноў сваіх шчыра
любіла,
Буслы каб у кожную
хату
Прыносілі дзетак
шчаслівых.
Тэма кахання, здаецца, для творчых людзей галоўная. Гэта пачуццё прыгожае, шчымлівае, радаснае, балючае, вечнае інеразгаданае. Валянціна Пабягайла таксама дакранулася да гэтай таямніцы, успомніла маладосць, прыгадала перажыванні, трывогі, дзявочыя слёзы радасці і шчасця, а то і нераздзеленых пачуццяў. Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, яна нібы імкнецца засцерагчы маладыя сэрцы:
Каханне часта памірае маладым—
Яно баіцца здрады, адзіноты.
Як кветка засыхае без вады,
Каханне засыхае без пяшчоты.
Радзіма, радня. Для Валянціны Іванаўны гэта не проста аднакарэнныя словы. У ліхалецце не вярнуўся з фронту яе свёкар, ён загінуў 9 мая 1945-га. А праз 20 гадоў, 9 мая яна нарадзіла сына – яго ўнука, вельмі падобнага на дзеда-воіна. Гэты факт з біяграфіі Валянціна Пабягайла раскрыла ў мініяцюры “Радня”. А ў адным з вершаў-наказаў свайму сыну і маладому пакаленню яна гаворыць: трэба памятаць тых, хто абараніў Радзіму і даў магчымасць жыць пад мірным небам – “хай памяць не сціраецца ў сэрцах”…
Дзе аўтар чэрпае натхненне, пыталіся землякі ў Валянціны Пабягайла падчас прэзентацыі яе кнігі. Ды па натуры сваёй яна – аптымістка, жыццялюбка, нераўнадушная да ўсяго, што адбываецца навокал.
Вясна. І чаго я чакаю?
Здаецца ж, усё адбылося.
Таму я, напэўна, такая,
Што ў сэрцы вясна, а не восень.
Відаць таму і назва зборніка вершаў Валянціны Пабягайла – “Паміж вясной і восенню”. І здаецца, што ўсё ж яе існасць бліжэй да вясны. А першая кніга Валянціны Пабягайла – не апошняя.
Гэты чаканы падарунак для ўсіх, хто з’яўляецца прыхільнікам яе творчасці, стаў рэальнасцю дзякуючы спонсарам – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ПМК-13, ТАА “Транс-электракамплект”.
Аліна ЛАПІЧ