Ацяпленне у студзені будзе даражэйшым
Беларусы заплацяць за ацяпленне ў студзені наBr6-20 тыс. больш. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Ляпуноў.
«Сярэднясутачная тэмпература ў снежні склала мінус 3,9 градуса, у студзені — мінус 11,4 градуса. Такім чынам, чым больш патрачана гігакалорый, тым вышэй будзе кошт ацяплення», — растлумачыў Генадзь Ляпуноў.
Сума ў студзеньскіх жыроўках павялічыцца на Br6 тыс., Br18 тыс. або Br20 тыс. «Гэта залежыць ад таго, які дом, колькі ён спажывае цяпла ў адпаведнасці з устаноўленымі лічыльнікамі і іншымі паказчыкамі», — адзначыў першы намеснік міністра ЖКГ.
У Беларусі ў перыяд ацяпляльнага сезона тарыфы на паслугі ЖКГ павялічвацца не будуць, падкрэсліў Генадзь Ляпуноў.
«Рашэнне аб павышэнні тарыфаў прымаецца ўрадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Наколькі больш беларусы будуць плаціць за камунальныя паслугі, залежыць ад кошту энергарэсурсаў і іншых фактараў», — адзначыў першы намеснік міністра.
Паводле слоў Генадзя Ляпунова, у 2009 годзе ўзровень пакрыцця насельніцтвам затрат ЖКГ склаў 28,3 працэнта пры плане 32 працэнты.
БЕЛТА.