Кропка апоры
Старшыня СВК “Тальмінавічы” Аркадзій Сакун пачаў справаздачны сход з паведамлення: са 144 працуючых у гаспадарцы на сход прыйшлі 130 чалавек.
Невытворчыя лічбы, аднак успрыняты апладысментамі. Справа ў тым, што яшчэ некалькі гадоў назад на справаздачныя сходы збіралася ўсяго па некалькі дзясяткаў членаў сельгаскааператыва. Па-першае, многія звольніліся ў пошуках работы, па-другое, падалі вытворчыя паказчыкі, гаспадарка была блізкай да банкруцтва, і многія лічылі, што тэма для размовы адсутнічае.
Сітуацыя карэнным чынам змянілася, калі сельгаскааператыў ізноў узначаліў Аркадзій Сакун. Як цяпер успамінаюць вяскоўцы, ці не з першых дзён адчулі, што гаспадарка пачынае ажываць. Вярнуліся на працу жывёлаводы і механізатары, умацаваўся калектыў, стаў надзейнай апорай у вырашэнні шматлікіх вытворчых праблем. А іх накапілася нямала.
Мэтанакіравана, настойліва ўзяліся за аднаўленне жывёлагадоўчай галіны. За 4 гады давялі колькасць кароў да 850. Павялічылася колькасць і палепшылася прадукцыйнасць малочнага статка: летась надоена 3002 тоны малака, прыбаўка склала 308 тон у параўнанні з годам папярэднім. Сярэднясутачныя прывагі адной галавы жывёлы на адкорме дасягнулі 600 грамаў.
Прадукцыі жывёлагадоўлі вырашчана на 3 мільярды 300 мільёнаў рублёў. І гэта стала магчымым таму, што першаступенную ўвагу пачалі ўдзяляць рабоце па новых тэхналогіях: 11 жывёлагадоўчых памяшканняў рэканструявалі і арганізавалі ўтрыманне жывёлы на глыбокай падсцілцы. На чарзе рамонт і рэканструкцыя памяшканняў у Гайнінцы, Куршынавічах, Гашчыне, Стараселлі, увядзенне ў строй якіх дасць магчымасць павялічыць пагалоўе статка.
Усё гэта не проста і не лёгка: работы сельгас-прадпрыемства выконвае за свае сродкі. Аднак дапамагае энтузіязм і бачанне перспектывы як кіраўніком, так і яго камандай. Сёння ва ўсіх галінах вытворчасці людзі пераканаліся, што жыццё наладжваецца, расце зарплата, якая стала вызначальным паказчыкам станаўлення гаспадаркі, – павялічылася на 60 працэнтаў.
У апошнія гады ў мехцэху ўсё часцей ідзе размова пра набыццё новых машын і механізмаў не толькі па лізінгу, але і за свае сродкі. Патрэбны новы камбайн, раскідвальнік, прэс, пагрузчык “Амкадор” і іншае.
Аднак, як адзначыў Аркадзій Сакун, вялікія планы прад’яўляюць высокія патрабаванні і да спецыялістаў, і да радавых работнікаў. Жывёлаводы адназначна могуць надаіць 3330 тон малака пры тлустасці 3,6 працэнта і якасці вышэйшага гатунку і экстра. На 5 працэнтаў павялічыць статак кароў, давесці да 750 грамаў прывагі на адкорме.
Хлебаробы, як мінімум, на тысячу тон больш павінны атрымаць зерня і зернебабовых культур. Працаваць на ўраджай пачалі яшчэ летась: развораны некалі запушчаныя куршынавіцкія землі, якія сёлета, безумоўна, павінны быць засеяны, вывезена на палі дастатковая колькасць арганікі. Больш увагі будзе надавацца вырошчванню льну, рапсу, грэчкі, нарыхтоўцы кармавых запасаў.
Галоўны аграном Валерый Кузняцоў удакладніў, што сёлета гаспадарцы трэба засеяць 804 гектары зерневых і зернебабовых культур.
Рэзервы для гэтага ёсць, толькі патрэбна іх прывесці ў дзеянне. Дысцыпліна працы – галоўны крытэрый. Старшыня прывёў прыклад, калі адзін механізатар вы-працаваў за год 2500 гадзін, а другі на 1000 гадзін менш. Нехта працуе на некалькіх відах тэхнікі, а іншаму складана даверыць адзін трактар. Ёсць і такія, хто любіць заглянуць у чарку. Карацей, добрыя механізатары тут патрэбныя, асабліва маладыя, якія могуць і павінны кіраваць сучаснай складанай тэхнікай. Абавязкова трэба праходзіць перападрыхтоўку ўсім механізатарам, нават высокай кваліфікацыі. Як зазначыў у сваім выступленні галоўны інжынер сельгаскааператыва Леанід Юруць, новая тэхніка і новыя тэхналогіі на сучасным этапе – шлях да паляпшэння культуры земляробства, а, значыць, да павышэння ўраджайнасці.
Безумоўна, рэзервы ёсць і ў жывёлаводаў, асабліва што датычыць якасці малака. Малако гатунку экстра – гэта грошы, з якіх і жыве гаспадарка. Шмат працуе над гэтай задачай галоўны заатэхнік Вадзім Тумараў, які перакананы, што калектыў жывёлаводаў можа і павінен сёлета значна павялічыць надоі ад кожнай каровы. Праўда, рэальнай была б дапамога, каб прыйшоў у гаспадарку спецыяліст – ветфельчар.
Вырашаючы праблемы адну за другой тут спадзяюцца на свае сілы. СВК “Тальмінавічы” паспяхова завяршыў год. За рэалізаваную прадукцыю выручана 6 мільярдаў рублёў або на 2,5 мільярда больш, чым у годзе папярэднім. А рост вытворчасці прадукцыі, безумоўна, дасць рост зарплаты.
Планавалася рэнтабельнасць вытворчасці давесці да 12,7 працэнта. Галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Гаўрык, якая завяршае папярэднія разлікі, пераканана, што запланаванае будзе выканана.
Пасля справаздачнага сходу, на якім падведзены вынікі дзейнасці сельгаскааператыва за апошнія 4 гады і намечаны планы на будучыню, у размове з Аркадзіем Сакуном прагучала:
– З тутэйшымі людзьмі можна дабівацца высокіх працоўных вынікаў: адказныя, вельмі шчырыя, мэтанакіраваныя, гордыя – калі ставяць задачы, то абавязкова іх выконваюць. Я ўзначальваю сапраўдны калектыў…
Аліна ЛАПІЧ