Каб жыльцы сказалі: малайцы!
Аляксандр ЖУК, галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– Гэта такі вобразны абарот, лірыка ў праекцыі на работу маіх калег, якія, канешне, працуюць, выконваюць свае прафесійныя абавязкі не дзеля добрага слова ў свой адрас. Яно прыемнае, але сутнасць нашай работы заключаецца ў імкненні зрабіць быт землякоў максімальна зручным і цёплым. У шырокім, але і самым прамым сэнсе гэтага слова. Зіма, халады – свайго роду экзаменацыйная сесія, якая расцягваецца на доўгія месяцы. Яе тэмпературны расклад (колькі, калі і ў якім выглядзе апусціцца ападкаў) вядомы вельмі прыблізна. Але дакладна вядома, што цёплая для спажыўцоў паслуг ЖКГ зіма ў многім залежыць ад таго, наколькі гарачым было камунальнае лета. Напаўненне складоў палівам, прафілактыка генератараў цяпла і цеплаправодных сетак, рамонт у выпадку неабходнасці займаюць нямала месца ў спісе першачарговых міжсезонных заданняў для камунгаса.
Пачынаючы з ацяпляльнага сезона-2017, у Ляхавіцкім раёне засталося 5 кацельняў, якія спажываюць прыродны газ. Не свой і нятанны. Адсюль і трэнд, што заключаецца ў пераводзе работы генератараў цяпла з «блакітнага» на мясцовыя віды паліва. Яшчэ летась газавая, бягучы ацяпляльны сезон кацельня, размешчаная ў перыметры Ляхавіцкага райаграсэрвіса, працуе на дровах. Катлаагрэгаты Гомельскага завода «Камунальнік» адаптаваны для спажывання іменна драўніны. Назапашаны і складаваны пад павецямі нарматыўны аб’ём дроў. Прадукцыйнасць устаноўленых на аб’екце трох катлоў перавышае нагрузку, неабходную для абагрэву размешчаных у квартале жылых дамоў, адміністрацыйнага будынка райаграсэрвіса, Дома культуры, дзіцячага садка.
У плане забеспячэння дровамі наладжана супрацоўніцтва і заўсёды знаходзім паразуменне з Ляхавіцкім лясгасам, які пастаўляе нам і гатовы тавар, і дае магчымасць працаваць самім на выдзеленых лесадзялянках.
Не так актыўна, як хацелася б па сітуацыі, але штогод працуем над заменай цеплавых трас. У 2017 годзе на змену старых іржавых труб агульнай працягласцю 3,5 кіламетра прыйшлі новыя сучасныя – папярэдне ізаляваныя. Замянілі і амаль 3 сотні метраў водаправодных сетак у аграгарадку Падлессе. Спіс зробленага камунгасам можна было б прадоўжыць. Усё гэта робіцца для зручнасці карыстальнікаў паслуг нашай арганізацыі.
Зіма сябе пакуль толькі абазначыла. Лёгкія мінусы прыходзілі ненадоўга і змяняліся на такі ж плюс. Сапраўднага глыбокага снегу таксама яшчэ не здаралася. Але гэта зіма і за ноч усё можа змяніцца. Ці гатовы камунгас, у выпадку такой неабходнасці, выйграць барацьбу са снежнымі заносамі тэрыторый і вуліц горада? Адказ станоўчы. Праўда, нічога новага з машын і абсталявання, прызначанага для ўборкі снегу, апошнім часам мы не закуплялі. Але ўся наяўная спецыялізаваная тэхніка знаходзіцца ў спраўным стане. Яе магутнасці дастаткова, каб своечасова ачысціць тратуары і вуліцы горада. Нават у выпадку дастаткова суровага снегападу.