Абавязковае патрабаванне – валоданне мовай спагады. 5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны
Пра чуласць і міласэрнасць можна доўга разважаць, натхняцца прыгожымі ўчынкамі, а вось прымераць на сябе гэту зусім не простую ролю па сілах не кожнаму. Толькі людзям з выключнай душэўнасцю і шчырасцю, уменнем суперажываць і адчуваць боль іншага. Усё гэта ўласціва сацыяльным работнікам. Яны дапамагаюць нашым землякам справіцца з адзіноцтвам, імкнуцца зрабіць іх жыццё больш зручным і ўтульным. Службай даверу, міласэрнасці і дабра называюць сацыяльную абарону. Звяртаецца сюды, вобразна кажучы, сёння ці заўтра кожны. Прызначэнне і выплата пенсій, садзеянне ў працаўладкаванні, аказанне матэрыяльнай дапамогі – гэтыя і многія іншыя пытанні штодня добрасумленна і адказна вырашаюць супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Начальнік упраўлення Леанід Калбаса перакананы: менавіта чуласць сацработнікаў у спалучэнні з дакладнасцю, абавязковасцю, аператыўнасцю і, канешне, нераўнадушнасцю з’яўляюцца тымі спадарожнікамі, якія дапамагаюць яго калегам стаць незаменнымі для многіх землякоў. У службовых інструкцыях няма патрабавання «спагадлівасць», але менавіта спагадлівасць прысутнічае ў іх стасунках заўсёды.
Пра гэтае і многае іншае напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сацыяльнай абароны – расказаў карэспандэнту «ЛВ» Леанід КАЛБАСА.
– Леанід Іосіфавіч, адным з важных накірункаў работы вашай службы з’яўляецца сацыяльная дапамога. Дзяржаўная падтрымка для чалавека ў складанай жыццёвай сітуацыі – вельмі важкая і дарэчная.
– Сапраўды, з кола шматлікіх пытанняў, якія вырашае і каардынуе ўпраўленне, сацыяльная дапамога – адно з надзённых. За кожным адрасам – лёс чалавека, яго праблемы. Яны, безумоўна, патрабуюць неказённай увагі, шчырай зацікаўленасці. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога за мінулы год назначана 1037 нашым землякам на агульную суму 262541 рубель. Яе атрымальнікі –
маламаёмныя грамадзяне і сем’і, а таксама тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.
73 дзіцяці да двухгадовага ўзросту бясплатна забяспечваліся прадуктамі харчавання. Нашы землякі атрымлівалі дапамогу на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, набыццё падгузнікаў. З фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пажылым грамадзянам выдзяляліся сродкі для набыцця паліва, дарагіх лякарстваў і на іншыя патрэбы. Адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам устанаўліваліся аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, рамантаваліся печы і электраправодка.
Наогул, у сацыяльную службу насельніцтва звяртаецца за рознага роду дапамогай. Ніхто не застаецца невыслуханым і непачутым.
– Здаецца, зусім нядаўна пачалі стварацца тэрытарыяльныя цэнт-ры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёння зразумела, што гэтыя падраздзяленні надзвычай запатрабаваныя. А чым можа пахваліцца наш ТЦСАН?
– ТЦСАН – гэта шэсць разнапланавых аддзяленняў, дзейнасць якіх накіравана на комплекснае сацыяльнае абслугоўванне грамадзян, якім патрабуецца дапамога. Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту сёлета справіла наваселле: размясцілася на першым паверсе арэнднага дома ў цэнтры Ляхавіч. Яго наведваюць 38 маладых душой і нераўнадушных да жыцця землякоў узростам ад 60 гадоў і старэйшых. Тут, як дома: утульна і камфортна, а яшчэ вельмі светла і цёпла ад асаблівай энергетыкі падапечных. Працуюць гурткі, ладзяцца святы і сустрэчы – адзіноцтву і суму месца няма. Нядаўна на базе аддзялення стаў працаваць універсітэт трэцяга ўзросту, у які залічана 60 «студэнтаў». Да іх паслуг факультэты па вывучэнні замежных моў, камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій і дадатковай адукацыі (саломапляценне, псіхалогія, краязнаўства і г.д.).
У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў абмежаваныя магчымасці нашых землякоў становяцца, у прамым сэнсе, неабмежаванымі. У рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні падапечныя аддзялення ствараюць прыгожыя і арыгі-нальныя сувеніры, якія карыстаюцца попытам у пакупнікоў арганізаванага тут сацыяльнага магазіна. Для інвалідаў аддзяленне стала другім домам, дзе іх чакаюць і разумеюць.
Наш раён два з паловай гады назад стаў першым у вобласці, дзе адкрыўся дом сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту. Былы дзіцячы сад у Ганчарах пасля рамонту стаў для адных утульным домам, для іншых – надзейным прытулкам на халодныя месяцы года. Зараз тут жывуць 11 чалавек.
– Якія формы работы з насельніцтвам прыжыліся яшчэ ў нашым раёне?
– Востраўскі, Завінскі, Стральцоўскі, Гутаўскі сацыяльныя пункты, дзве мабільныя брыгады – сацыяльная падтрымка даступная насельніцтву нават у самых аддаленых кропках раёна. Укаранёны інавацыйныя формы сацабслугоўвання – прыёмныя сем’і, гасцявыя, патранатныя. Напрыклад, у гасцявых сем’ях у Падлессі, Дамашах і Куршынавічах тры адзінокія вяскоўцы ў святы і выхадныя дні становяцца сваімі ў чужых людзей.
– Сацыяльныя паслугі развіваюцца і ўдасканальваюцца дзеля зручнасці тых, каму без іх даводзіцца цяжка.
– Чалавек у складанай жыццёвай сітуацыі не павінен заставацца сам-насам з праблемай. Штодня сацыяльныя работнікі, супрацоўнікі ўпраўлення дапамагаюць людзям. З лютага 2017 года медыцынскія сёстры міласэрнасці ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа бясплатна аказваюць медыка-сацыяльныя паслугі 28 адзінока пражываючым грамадзянам старэйшым за 60 гадоў, у тым ліку інвалідам I і II груп.
У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў існуе платная сацыяльная паслуга – «гасцініца выхаднога дня», якая дае магчымасць бацькам ці членам сям’і інвалідаў атрымаць некаторы вольны час, вырашыць сацыяльна-бытавыя пытанні ці проста адпачыць.
У ТЦСАН можна аформіць платную паслугу сядзелкі. Нават такія дробязі, як стрыжка па нізкіх, так званых сацыяльных цэнах, для пенсіянераў, інвалідаў I і II груп становіцца слушнай падтрымкай. Магчымасцю бясплатна ўзяць напракат тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі з пачатку года скарыстаўся 51 чалавек. Да дабрачынных акцый імкнёмся далучыць сваіх землякоў. Напрыклад, акцыя «Сям’я – сям’і» дапамагла многім малазабяспечаным грамадзянам набыць неабходныя для іх рэчы, адзенне.
Наогул, звярнуўшыся на тэлефон гарачай лініі цэнтра можна расказаць пра свае цяжкасці і праблемы. Спецыялісты абавязкова адрэагуюць на званок, дадуць параду. А для ахвяр сямейнага насілля адкрыты крызісны пакой, дзе створаны неабходныя ўмовы для часовага пражывання, ёсць магчымасць атрымаць і экстранную сацыяльна-псіхалагічную, юрыдычную і іншую дапамогу.
– Сацыяльны работнік часта становіцца для чужых людзей амаль родным. А быць патрэбным іншым – работа няпростая. Як з ёй спраўляюцца сацыяльныя работнікі нашага раёна?
– Сацыяльны работнік – незаменны памочнік для адзінокіх людзей. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 584 пажылыя землякі ў 76 населеных пунктах раёна. Да сваіх падапечных у любое надвор’е, часам за дзясятак кіламетраў, спяшаюцца 75 сацыяльных работнікаў. Для многіх з іх прафесія стала прызваннем, справай жыцця. Часам нават родныя не могуць знайсці агульнай мовы адзін з адным, а тут неабходна дагадзіць чужому чалавеку. Не толькі прыбраць, распаліць печку ці іншую работу зрабіць, а і пагаварыць па душах. Выпадковыя ў нашай прафесіі не затрымліваюцца.
Многія з работнікаў не абмяжоўваюцца працоўным часам – са сваімі бабулямі-дзядулямі на сувязі пастаянна. Сярод лепшых сацработнікаў, для каго падапечныя не шкадуюць самых шчырых слоў удзячнасці, – Наталля Лашук, Раіса Горбік, Сафія Кумейша, Валянціна Касабуцкая, Людміла Ігнатовіч, Марыя Шульц. На нядаўнім раённым конкурсе прафесійнага майстэрства лепшай была прызнана Вольга Горбік.
– Вялікая сям’я сёння – актуальна і модна. У першую чаргу гэта абумоўлена дзяржаўнай падтрымкай, у тым ліку такім яе відам як сямейны капітал.
– У раёне па стане на канец мінулага года 375 сем’яў выхоўваюць тры і больш дзяцей і маюць статус мнагадзетных. У дзевятнаццаці сем’ях – пяць і больш рабят.
Сямейны капітал, без перабольшання, падтрымаў жаданне многіх сем’яў падрасці. Летась упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама гэтую дзяржаўную дапамогу назначыла 69 сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе ці наступнае дзіця. А ўсяго з моманту падпісання ўказа з 1 студзеня 2015 года – 173 мнагадзетным сем’ям.
Радуе, што вялікая сям’я становіцца цудоўнай традыцыяй. Жыццесцвярджальны дэмаграфічны факт.
Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.