Дзверы адкрыты для зацікаўленых
Больш за пяцьдзясят адзінаццацікласнікаў гарадскіх школ прынялі ўдзел у Дні адкрытых дзвярэй 19 студзеня ў ПАВЧ № 1 г. Ляхавічы. Вучням прадэманстраваны відэа-фільм аб паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: Гомельскі інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь, камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь (г. Мінск).
Начальнік РАНС Валерый Равінскі расказаў пра аператыўную абстаноўку, звязаную з пажарамі ў вобласці і раёне, засяродзіў увагу на іх асноўных прычынах, гаварыў пра ўмовы праходжання службы ў органах і падраздзяленнях па НС. Намеснік начальніка РАНС Генадзій Макарэвіч спыніўся на ўмовах паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы МНС Рэспублікі Беларусь. Былы выпускнік Мінскага камандна-інжынернага інстытута МНС Дзмітрый Новік, які зараз працуе на пасадзе інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду, расказаў пра гады вучобы і патрабаванні да тых, хто справай жыцця выбірае прафесію выратавальніка.
А ў СШ № 2 г. Ляхавічы для вучняў 6-7 класаў праводзілася мерапрыемства пад назвай “Захаваем сваё жыццё”. Старшы ўчастковы інспектар ІСН Дзмітрый Дыдышка, айцец Максім Доўгі гаварылі з рабятамі пра каштоўнасці жыцця і пра тое, як зберагчы яго. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне “Спынім пажары, захаваем жыццё”.
Сур’ёзна задумацца па тэме размовы прымусіў і прадэманстраваны фільм “Чалавек, стыхія, час”.
Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС