Службовы раман
Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу, адказныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у справу забеспячэння сацыяльнай абароны насельніцтва і ў сувязі з Днём работнікаў сацыяльнай абароны ўзнагароджана загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна ЛЕШЫК.
Запланаваная сустрэча з жанчынай, у якой праблемы з мужам, візіт з падарункамі і прыемнымі сюрпрызамі ў мнагадзетную сям’ю, заняткі ў клубах «Адлюстраванне», «Школа маладых бацькоў», з валанцёрамі і мноства іншых не менш важных і неабходных спраў. Нядзіўна, што загадчыцу аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Жанну Лешык цяжка застаць у службовым кабінеце. Работа яе і калег – псіхолага Дар’і Мароз, спецыяліста па сацыяльных пытаннях Анастасіі Мядзведзь – быць сярод людзей: дапамагаць ім і словам, і справай знайсці выйсце з цяжкага становішча. Для Жанны Леанідаўны эра міласэрнасці наступіла даўно.
– Важна знайсці неабходныя словы, каб чалавек, які трапіў у цяжкую сітуацыю ці апынуўся ў,
здавалася б, бязвыхадным становішчы, паверыў: выйсце ёсць, – мяркуе Жанна Лешык.
Спагада, дабрачыннасць, неабыякавасць для яе не проста словы, а стан душы, жыццёвая неабходнасць. Гэта якраз той выпадак, калі прызванне і прафесія супалі. А Жанна Леанідаўна разам з калегамі пацвярджае ісціну: рабіць дабро проста і прыемна. Без малога дзесяцігоддзе яна ўзначальвае і раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Падтрымка маламаёмасных сем’яў і адзінокіх пенсіянераў, бежанцаў, асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, клопат пра інвалідаў, валанцёрская дапамога ветэранам і шэфства над дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, гуманітарная дапамога і акцыі за
здаровы лад жыцця – да ўсяго гэтага маюць дачыненне чырвона-крыжаўцы-добраахвотнікі. А ініцыятар і натхняльнік нераўна-душных да чужых праблем людзей – старшыня раённай арганізацыі Жанна Лешык.
У сацыяльнай прафесіі і дачка Жанны Леанідаўны: Святлана Яраш загадвае аддзяленнем дзённага знаходжання для пажылых.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.