Лёгкіх спраў не бывае

Навошта барыста, калі ёсць кавамашына, экскурсавод, калі можна ўткнуць навушнікі аўдыёгіда і даведацца пра той ці іншы помнік архітэктуры, а паход у магазін ці кафэ замяніла хуткая дастаўка ежы. І так адбываецца з многімі рэчамі, здаецца, яшчэ нядаўняй паўсядзённасці. Зручна, скажуць многія. Зручнасць – асноўная характарыстыка нашага часу, хуткага, мімалётнага, калі трэба ўсюды і ўсё паспець.
Але, як бы ні мяняўся час, якія б тэхналогіі ні прымяняліся, рассудзіць, прымірыць два супрацьлеглыя бакі, знайсці правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі ніякі апарат, машына або робат проста не ў сілах.   Зразумець чалавека, матывы яго ўчынкаў, эмоцыі, перажыванні здольны толькі чалавек.

На рытарычнае пытанне, ці знікне прафесія суддзі, старшыня суда Ляхавіцкага раёна Наталля Буднік адказала філасофскі:
– Жыццё непрадказальнае. Чалавек трапляе ў самыя розныя абставіны. І яму заўсёды важна ведаць: ёсць тыя, хто ў любым выпадку дапаможа абараніць яго законныя правы.
…У кінафільмах, шматлікіх серыялах, дэтэктыўных гісторыях вобраз суддзі авеяны рамантыкай. Сіла, улада, аўтарытэт – вось як сёння дэманструе кінаэкран, здаецца, зусім не жаночую прафесію. А тое, што адчувае суддзя, як складана прыняць рашэнне, часам застаецца па-за кадрам.
– Чалавек, які вырашае звязаць жыццё з юрыдычнай сферай, – стаць адвакатам, пракурорам, суддзёй – робіць гэты крок свядома. Абвостранае пачуццё справядлівасці – вось тое, што кіруе выбарам гэтай прафесіі. Тут не можа быць выпадковых людзей. З дзяцінства марыла быць адвакатам. Так і адбылося: у 1985 годзе студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ. Пасля, як і марыла, – адвакат. Пяцігадовая практыка прывяла мяне да работы суддзі ў судзе Ганцавіцкага раёна, пасля перавялася ў Ляхавічы. Тут і засталася.
Сустрэла б у горадзе гэтую абаяльную жанчыну – ніколі не здагадалася б, што яна старшынствуе ў раённым судзе. А ў судзе, дарэчы, імяніны: 13 студзеня спаўняецца 77 гадоў, як быў падпісаны загад аб стварэнні суда ў Ляхавіцкім раёне. Мацвей Шляпаў, Уладзімір Пархомчык, Анатолій Сыч, Анатолій Макарэвіч, Тамара Астрэйка, Ала Мароз, Васілій Раманаў, Мікалай Кміта і многія іншыя – гэта калі пра судзейскую гісторыю ў прозвішчах людзей, хто ў розныя гады працаваў тут суддзёй. А Фаіна Лойка больш за 30 гадоў была сакратаром судовага пасяджэння.
– Сённяшні калектыў складаецца з 11 супрацоўнікаў. Тых, чый прафесійны вопыт вымяраецца дзесяцігоддзямі, і тых, хто толькі робіць першыя, але вельмі ўпэўненыя і перспектыўныя крокі. Мне пашанцавала працаваць з сапраўднымі профі, вучыцца ў суддзі, без перабольшання, для мяне нумар 1, цяперашняга старшыні суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Мікалая Кміты, – расказвае Наталля Віктараўна.
Суддзя Таццяна Жэрка, загадчыца канцылярыі Валянціна Васіленка, вядучы спецыяліст Наталля Жураўская, сакратары судовага пасяджэння Таццяна Пятроўская і Вікторыя Сакалоўская не першы год у юрыдычнай справе. Красамоўная лічба стажу ў сакратара суда Веры Дацко – больш за 25 гадоў. А летась калектыў папоўніла архіварыус Ірына Камко.
Напружаная работа, якая часта выходзіць за межы працоўнага часу, заўсёдныя роздум, пытанні да сябе, ад якіх нельга пазбавіцца нават дома, штудзіраванне шматлікіх дакументаў, вывучэнне матэрыялаў – гэта якраз тое пазакадравае жыццё. Бо кожны момант, маленькая зачэпка могуць стаць вырашальнымі ў прыняцці рашэння, ад якога залежыць жыццё чалавека.
– Суддзя не мае права быць саманадзейным. Гэта тая прафесія, якая патрабуе заўсёднага ўдасканалення. Кожнае рашэнне павінна быць падмацавана законам, справядлівым і, не менш важна, гуманным – пераканана Наталля Буднік.
– Гістарычна прафесія суддзі – мужчынская. Але рэаліі дэманструюць зваротную статыстыку. Як вы лічыце, з чым гэта звязана?
– Сапраўды, большасць суддзяў у Беларусі – жанчыны. Сэнс правасуддзя – не пакараць, а вызначыць справядлівае пакаранне. Чалавеку заўсёды трэба даваць шанц выйсці са складанай сітуацыі, дапамагчы выправіць памылку і наладзіць жыццё. Мусіць, у жанчыны гэта разуменне найбольш развіта.
– Якія справы разглядаць складаней?
– Гэта справы, у якіх пакутуюць дзеці, якія часцей за ўсё з’яўляюцца заложнікамі сітуацыі: аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, ці крымінальныя справы, калі злачынец непаўналетні. І нельга памыліцца, бо менавіта ад цябе залежыць, як складзецца далейшае жыццё дзіцяці.
– А ці ёсць справы, якія прыносяць задавальненне?
– Ёсць. Толькі за радасць разглядаць справы аб усынаўленні і ўдачарэнні. Заўсёды імкнуся, як толькі заява пададзена, хутчэй разглядзець справу, каб дзіця знайшло маму і тату, знай-шло сям’ю.
– Такая работа патрабуе шмат часу, увагі, энергіі. А ўласная сям’я?
– Сям’я разумее значнасць, важнасць і складанасць маёй работы. Таму падтрымка яе каласальная. Да таго ж, дачка Паліна таксама абрала юрыдычную прафесію – студэнтка юрфака БДУ. Як ніхто іншы разумее мяне. А вось сын Алёша задумваецца стаць інжынерам або архітэктарам. Сваё жыццё не ўяўляю без падарожжаў і фатаграфіі. Між іншым, маю пасведчанне фотакарэспандэнта, атрымала яго яшчэ студэнткай на занятках факультэта грамадскіх прафесій. Таму кожная паездка застаецца не толькі ў памяці, але і на альбомных старонках.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *