Сэлфі са снегавіком. У Ляхавічах падвялі вынікі гарадскога агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых тэрыторый /фота/
Зіма сёлета занадта лагодная. Прысыпле сняжком, падмарозіць, і тут жа мінус змяняецца на плюс. Без календара адразу і не зразумееш, якая пара года. А вось святочныя дызайн, які стварае адчуванне казкі, атмасферу рамантыкі і цуда, – паказчык вельмі яскравы.
Паўдзельнічаць у традыцыйным гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых тэрыторый райвыканкам напрыканцы снежня запрасіў і арганізацыі розных формаў уласнасці, і гаспадароў прыватных дамоў.
Прыгажосць – гэта не проста ўменне прымацаваць гірлянду і любавацца гульнёй святла, а з дапамогай святочнай ілюмінацыі стварыць цікавы вобраз ці арыгінальную кампазіцыю. Сярод галоўных крытэрыяў пры ацэнцы канкурсантаў былі комплекснае рашэнне афармлення, унікальнасць ідэі і якасць яе ўвасаблення, выкарыстанне светлавых і тэхнічных сродкаў.
Сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый пераможца – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Яму, па традыцыі, няма роўных: стыльна, арыгінальна, зроблена з фантазіяй і па-майстэрску. Да таго ж усю ілюмінацыю завадчане ствараюць уласнымі сіламі.
Другое месца ў гэтай намінацыі ў ДРБУ-200, дыплом трэцяй ступені – у ПМК-13.
Сярод гандлёвых аб’ектаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў лепшым у конкурсе навагодняй ілюмінацыі стала ТАА «Трансэлектракамплект». Будынак таварыства вечарам ярка зіхаціць і ззяе, а побач з лясной госцяй там прыгожа ўпісалася японская сакура. Здаецца, загадаеш сярод гэтага хараства жаданне – і яно абавязкова спраўдзіцца.
Другое месца ў намінацыі прысуджана магазіну «Усходні», трэцяе – магазіну раённага спажывецкага таварыства «Родны кут», размешчанага па вуліцы Леніна,13.
Сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму лепшымі навагоднімі дызайнерамі сталі СШ №1 (дыплом I ступені), райбальніца і Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў (адпаведна дыпломы II і III ступені).
Дыпломы і грашовыя прэміі падчас каляднага святкавання ўвечары 7 студзеня былі ўручаны пераможцам конкурсу. Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень шчыра павіншавала з Нараджэннем Хрыстовым усіх землякоў, падзякавала працоўным калектывам, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўпрыгожванні райцэнтра.
…Ціхі студзеньскі вечар. Па гарадскіх вуліцах гуляюць дзеці і дарослыя, робяць сэлфі на фоне навагодняй ілюмінацыі. Хочацца спадзявацца, што ў наступным годзе такіх фотапляцовак у райцэнтры стане больш.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.