Пра прагнозы і не толькі
На студзеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта адным з галоўных пытанняў парадку дня былі вынікіработы народнай гаспадаркі, выкананне прагнозных паказчыкаў у 2011 годзе і праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год.
Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны акрэсліў эканамічныя вынікі мінулага года ў прамысловасці і сацыяльна-культурнай сферы. Сярод станоўчых момантаў дакладчык адзначыў выкананне прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту выручкі ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, паслуг за 11 месяцаў 2011 года (157 працэнтаў пры заданні 125 працэнтаў), экспарту тавараў (тэмп росту 153,5 працэнта пра прагнозе 110,5 працэнта). Сальда знешняга гандлю таварамі склала 21,2 мільёна долараў (прагноз – 9,5 млн. дола- раў).
Разам з тым, ніжэй за гадавыя прагнозы і заданні атрыманы паказчыкі ў рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі (105 працэнтаў пры заданні 111 працэнтаў), па інвестыцыях у асноўны капітал (67,8 працэнта пры прагнозе 105 працэнтаў), выкананні будаўніча-мантажных работ (выканана ў аб’-ёме 81,2 працэнта да аб’ёму 2010 года ў супастаўных цэнах пры заданні 94,8 працэнта), сальда знешняга гандлю паслугамі (2,7 тысячы долараў пры заданні 10 тысяч долараў). Недавыканана заданне і па экспарце паслуг, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, увядзенні ў эксплуатацыю жылых дамоў, па агульнай колькасці працуючых, занятых у эканоміцы.
Што датычыцца зніжэння аб’ёму рознічнага тавараабароту, то, па меркаванні дакладчыка, адной з прычын “мінусавання” з’яўляецца недастатковая работа мясцовага райпо па забеспячэнні магазінаў поўным асартыментам тавараў. Недастаткова вывучаецца і, адпаведна, задавальняецца попыт насельніцтва, у выніку чаго райпо не выканала прагнозны паказчык рознічнага тавараабароту гандлю і грамадскага харчавання (103,5 працэнта за студзень-лістапад замест патрэбных 109 працэнтаў).
Па словах старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука, у зніжэнні тэмпу росту рознічнага тавараабароту не апошнюю ролю адыгрывае кадравы складальнік. “Работнікі райпо павінны добра арыентавацца ў попыце насельніцтва, дакладна ведаць, які тавар найбольш запатрабаваны і не будзе залежвацца на паліцах”, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама.
За 11 месяцаў мінулага года рэнтабельнасць продажу ў цэлым па раёне склала 9,5 працэнта і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года павялічылася на 3,3. З адмоўнай рэнтабельнасцю спрацавалі 6 прадпрыемстваў: ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, КУП “Ляхавіцкі РКБА”, ДУБП “Ляхавіцкая ПМК-17”, СВК “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”.
Адным з асноўных прагнозных паказчыкаў на 2012 год з’яўляецца сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Ляхавіцкі раён на пачатак 2013 года павінен забяспечыць сальда ў памеры не менш за 20,7 мільёна долараў. Яшчэ адной важнай задачай сёлета як і ў перспектыве з’яўляецца ўкараненне паўсюднага рэжыму эканоміі. У першую чаргу маецца на ўвазе выкананне трох асноўных прагнозных паказчыкаў: па энергазберажэнні (мінус 4 працэнты), зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць прадукцыі, работ і паслуг у фактычных цэнах (мінус 0,5 працэнта), зніжэнні матэрыялаёмістасці на прамысловых прадпрыемствах (мінус 1-1,5 працэнта ў фактычных цэнах).
Пра тое, як спрацавалі ў мінулым годзе прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Страмавус. Тэмп росту валавой прадукцыі за мінулы год склаў 116,2 працэнта пры прагнозе 111 працэнтаў. Дарэчы, па тэмпах росту валавой прадукцыі сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкі раён за 2011 год мае лепшы вынік у вобласці. Але, як пад-крэсліў Дзмітрый Бурдук, гэта не нагода для самазаспакаення, у новых эканамічных рэаліях трэба шукаць новыя падыходы да далейшага развіцця вытворчасці. У першую чаргу гэта датычыцца кіраўнікоў, якія не павінны баяцца браць на сябе адказнасць і не спасылацца на “аб’ектыўныя прычыны”, а шукаць прычыны праблемы ўнутры, аналізуючы, што і дзе недапрацавана.
Заслугоўвае ўвагі і той факт, што па выніках работы за 11 месяцаў мінулага года ў раёне няма стратных гаспадарак. Рэнтабельнасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі склала 12,9 працэнта, што на 5,3 пункта вышэй узроўню 2010 года. Самы высокі ўзровень рэнтабельнасці продажу дасягнуты ў СВК “Жарабковічы” (19,7 працэнта), “Ляхавіцкі” (14,3 працэнта).
Былі агучаны вынікі работы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Ірына Страмавус ад-значыла, што за справаздачны перыяд палепшылася якасць прададзенага сельгаспрад-прыемствамі малака (вышэйшым гатункам і гатункам экстра пастаўлена на малочны завод 74,8 працэнта). Аднак, кіраўніцтву і спецыялістам, асабліва СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, неабходна працаваць над павышэннем якасці малака.
Па словах дакладчыка, з-за продажу малака нізкім гатункам гаспадаркі раёна недаатрымалі 2246 мільёнаў рублёў, што адмоўна адбілася і на зарплаце працаўнікоў. Так, напрыклад, работнікі “Востраў-Агра” дадаткова штомесяц маглі б атрымліваць каля 260 тысяч рублёў кожны, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 187 тысяч рублёў, “Ліпнянка” – 178 тысяч рублёў. Немалыя сумы грошай недабраны і ў мясной жывёлагадоўлі. Тут трэба працаваць над павелічэннем прываг жывёлы. Па выніках 2011 года сутачныя прывагі адной галавы БРЖ знізіліся на 12 грамаў.
Па словах Ірыны Страмавус, на гэты год перад сельгаспрадпрыемствамі раёна пастаўлены высокія задачы, і без укаранення новых прагрэсіўных тэхналогій дабіцца азначаных мэт немагчыма.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук асабліва падкрэсліў ролю рэканструкцыі існуючых малочнатаварных ферм, якую гаспадаркі раёна будуць выконваць за кошт уласных і крэдытных сродкаў.
Аб выкананні бюджэту раёна на 2011 год і задачах па выкананні бюджэту на 2012 год паведаміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Маляр.
На пасяджэнні райвыканкама разглядаліся і іншыя пытанні. Па кожным з іх прыняты адпаведныя рашэнні.
Галіна Канько