Інтэрнэт-камбінацыя. Зламыснік узламаў старонку ляхавічанкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»
5 студзеня РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) у адносінах неўстаноўленай асобы, якая з дапамогай праграмнага забеспячэння ўзламала старонку ляхавічанкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Зламыснік адправіў больш як чатыром дзясяткам карыстальнікаў «ВК» паведамленні з просьбай выслаць рэквізіты банкаўскіх картак нібыта для залічэння на іх грашовых сродкаў. Некалькі чалавек адгукнуліся на просьбу ад імя сяброўкі і паведамілі гэтыя даныя, аднак своечасова адумаліся і патэлефанавалі гаспадыні старонкі. Ад яе даведаліся, што нікому ніякіх паведамленняў тая не адпраўляла, і адразу заблакіравалі банкаўскія рахункі.
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам максімальнае пакаранне за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі – пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.
З развіццём інфармацыйных тэхналогій павялічваецца і колькасць злачынстваў у гэтай сферы. Нярэдка інтэрнэт-махляры ўзламваюць старонкі карыстальнікаў сацыяльных сетак і пачынаюць адпраўляць ад іх імя сігналы SOS сябрам. У выніку атрымліваюць доступ да карт-рахункаў, пераконваюць пацярпелых пералічыць грошы на электронныя кашалькі. Калі вам паступіла паведамленне з просьбай пералічыць грошы ці прадаставіць рэквізіты банкаўскіх картак, лепш адразу праверце інфармацыю. Абавязкова патэлефануйце і пераканайцеся, хто яе адправіў. Каб не стаць ахвярай махляроў, не набывайце па перадаплаце тавары ў неправераных інтэрнэт-магазінах.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка РАСК.