Мужнасць. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 451 ад 18 снежня 2017 года радавыя запасу Яўгеній Жарскі і Дзмітрый Страчук узнагароджаны медалём «За адвагу»

Міністр абароны Андрэй Раўкоў уручае медаль «За адвагу» нашаму земляку Яўгенію Жарскаму.

Валянціна Жарская і Наталля Страчук са сваімі дэсантнікамі.

 

Не кожнаму радавому пашчасціць сфатаграфавацца з міністрам.

На пляцы – урачысты марш ваеннаслужачых брыгады.

З камандзірам Яўгеніем Пічкоўскім.

Што сёння хлопцы называюць няштатнай сітуацыяй, расказваюць сціпла: «Дзейнічалі, як нас вучылі. Усё на аўтаматызме, бы на занятках, толькі ў рэальных умовах».

Яны засталіся жывыя, і гэта галоўнае. Такая простая фраза, але зусім не просты шлях да таго, каб сёння яе сказаць. І каб 11 студзеня 2018-га ва ўрачыстай абстаноўцы на пляцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў прысутнасці родных, сяброў, камандавання і ваеннаслужачых брыгады міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды – медалі «За адвагу» – цяпер ужо радавым запасу Яўгенію Жарскаму і Дзмітрыю Страчуку.
Той дзень, 5 красавіка 2017 года, для нашага земляка Яўгенія Жарскага і Дзмітрыя Страчука з Брэсцкага раёна назаўсёды застанецца ў памяці. Яны – радавыя, у армейскім страі. Тактычныя вучэнні ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. Дэсантаванне з самалёта Іл-76МД. Да зямлі заставалася менш за 100 метраў, калі моцны парыў ветру ператварыў адлегласць у адрэзак з іншым часавым вымярэннем, бо здарылася непрадбачанае –  сыходжанне парашутыстаў. На разважанні часу не было – толькі дзейнічаць. Прафесійна, адпрацавана, сумесна. Так, як гэта зрабілі салдаты. Дзмітрый зафіксаваў рукамі «згаслы» асноўны купал парашута таварыша, і яны прызямліліся. Яўгеній таксама не разгубіўся – не ўвёў у дзеянне запасны парашут, што магло прывесці да   заблытвання стропаў…

Разгубленыя ад увагі камандавання, журналістаў, ваеннаслужачых – усіх, хто ў мінулы чацвер на пляцы воінскага падраздзялення раздзяліў з імі ўрачыстыя хвіліны. А нагода, безумоўна, радасная, шчымлівая, нагода для кожнага ганарыцца радавымі запасу Жарскім і Страчуком.
Як жа ўрачыста гучыць аркестр на пляцы. Зачытваецца ўказ Прэзідэнта аб узнагароджанні. Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў віншуе герояў:
– І ў мірны час, выконваючы вучэбна-баявыя задачы, ваеннаслужачыя Узброеных Сіл здзяйсняюць подзвігі. І радавыя, якія пры дэсантаванні выручылі адзін аднаго, праявілі лепшыя якасці ваеннаслужачых у складанейшай драматычнай сітуацыі, атрымаюць сёння свае ўзнагароды.
Міністр выказвае асобую падзяку бацькам і камандзірам салдатаў, якія выхавалі сапраўдных герояў.
Краналі словы старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука, які падкрэсліў: гэта ўрачыстасць ­– пацвярджэнне, што брэсцкая зямля заўсёды была сімвалам гераізму і патрыятызму.
– Любая баявая падрыхтоўка звязана з рызыкай, – зазначыў мэр Брэста і пажадаў: – Будзьце асцярожнымі і адданымі ваеннай справе.
– Яўгеній – наш зямляк, родам з Гаслаўшчыны. Спакойны, вельмі старанны, надзейны, ветлівы, уважлівы да ўсяго і ўсіх, – расказвае пра школьніка Жарскага былы дырэктар СШ №1, дзе ён вучыўся, Ганна Крук.
…Пасля скачка тры месяцы правёў у шпіталі. Безумоўна, гэты студзеньскі дзень для яго асабліва хвалюючы. Сустрэча з Дзмітрыем, які, напэўна, цяпер больш чым проста баявы таварыш, асобае адчуванне ад зноў апранутай ваеннай формы, ад знаёмага маршруту да сваёй казармы.
Сёння Яўгеній працуе слесарам-мантажнікам на Баранавіцкім заводзе аўтаматычных ліній, а Дзмітрый – у адным з сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці. У кожнага свае мары, свае планы.
– Што дапамагло справіцца? Падтрымка маёй сям’і, якая не давала падаць духам, была побач, вера, што ўсё будзе добра. Так і атрымалася, – гаворыць Яўгеній.
Са слязамі на вачах, з самымі-самымі шчымлівымі пачуццямі, з мацярынскім гонарам Валянціна Жарская абдымае свайго Жэньку, моцна прыціскае: «Дзякуй, што побач».
– Звыйчайна пасля кожнага скачка сын званіў. Але 5 красавіка патэлефанаваў не ён, і я даведалася, што здарылася бяда. Доўгае і цяжкае лячэнне, рэабілітацыя. Справіліся. Хочацца падзякаваць усяму каманднаму складу 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і, вядома, калектыву 432-га ваеннага шпіталя, – цяжка даюцца ўспаміны Валянціне Жарскай.
– Адзін дзень нараджэння на дваіх, – гаворыць Жэня. І гэта зусім другая дата, не тая, што ў пасведчанні аб нараджэнні.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Больш фота тут

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *