Сюжэт з канверта
Штодня паштальён прыносіць у рэдакцыю некалькі канвертаў. Безумоўна, іх стос больш сціплы, чым дзесяцігоддзі назад. Але гэта не значыць, што пісьмо ў рэдакцыю зжыло сябе як форма зносін паміж чытачом і газетай, што, барані божа, у землякоў не засталося такой патрэбы. Проста да класічнага, выведзенага на лісце паперы «Добры дзень, дарагая рэдакцыя»… дабавілася электронная пошта, кантакты праз «веснікаўскі» сайт, і нават актыўная двухбаковая тэлефонная сувязь адыграла сваю ролю ў карэкціроўцы гэтай акалічнасці. Тым не менш, менавіта стасункі з чытачамі, правераныя часам і ацэненыя ім жа як трывалыя, былі, ёсць і будуць тым, што робіць газету не некалькімі лістамі паперы фармата А3, а жывым, кампетэнтным, аб’ектыўным, відушчым, запатрабаваным субяседнікам, дарадчыкам, філосафам, інфарматарам, памочнікам…
Сярод даўніх і верных аўтараў раёнкі – педагог, паэтка, надзвычай чулы чалавек Вера Шыловіч (Дыдышка) са Свяціцы. Яе лісты ў рэдакцыю – прызнанне ў любві сваёй малой радзіме, яе проза і вершы – адухоўленае аздабленне любога газетнага нумара і ніколі не застаюцца не заўважанымі чытачамі. Яны дасягаюць мэты быць пачутымі, а значыць уплываюць на настрой і думкі.
Як жа не прыгадаць ляхавічаніна Андрэя Куркача – асобу неардынарную ў сваёй адданасці спорту і… раёнцы. Ва ўсякім разе дасёння Андрэй Барысавіч не стамляецца дасылаць у «ЛВ» надзвычай цікавыя ўспаміны з занатаванымі адрасамі, прозвішчамі, рэкордамі нават пяцідзесяцігадовай даўнасці, расказвае пра чэмпіёнаў і іх трэнераў, пра сціплых настаўнікаў фізкультуры, якія рабілі свае ўрокі самымі любімымі для многіх вучняў. І сёння ў рэдакцыйнай папцы ёсць чарговы, вельмі салідны па аб’ёме і, мяркую, цікавы па змесце ліст ад Андрэя Куркача. Ліст, які неўзабаве стане публікацыяй.
Нашых чытачоў не абвінаваціш у абыякавасці. Яны часта і ахвотна выказваюць свае думкі наконт фактаў і падзей. Гатовы шчыра ўхваліць добрае, цікавае, удзячны за ўвагу да іх інтарэсаў, патрэб, за камфортныя прапановы. І не маўчаць, калі, на іх думку, іх інтарэсы не ўлічваюцца. Ва ўсякім разе, аб’ява аб новым раскладзе работы бібліятэкі ў Ляхавічах, якая з’явілася ў нумары «ЛВ» напрыканцы снежня і апавяшчала выхадным у «аптэцы для душы» нядзелю, а перапынак на абед з 13.00 да 14.00, аказалася рэйтынгавай: на сайт раёнкі паступіла некалькі каментарыяў у тэму. І не адзін з іх «абноўку» не назваў удалай: «Што гэта за новаўвядзенне: у нядзелю ў гарадской бібліятэцы выхадны. Гэта нешта новенькае ў коле тых, хто павінен прывіваць любоў і інтарэс да кнігі. Калі, скажыце, можна пайсці зрабіць рэферат школьніку? А проста пачытаць ці ўзяць кнігу?.. Растлумачце, калі ласка», «Зусім не зразумела, чаму перастала працаваць гарадская бібліятэка ў нядзелю. Адзіны свабодны выхадны, калі можна і ў чыталку схадзіць часопісы пагартаць, і кнігу памяняць…». Усё вырашылася на карысць кнігалюбаў, і расклад работы бібліятэкі па справядлівасці вярнуўся ў зручныя прывычныя параметры. Больш таго, неўзабаве чытачоў чакае абяцаны сумесным праектам «ЛВ» і купалаўкі сюрпрыз пад назвай «Бібліязмярканне». У назначаную дату бібліятэкары запросяць землякоў наведаць іх кніжнае царства ў непрывычны час – ён працягнецца да дзевяці гадзін вечара.
Як бачыце, даволі сур’ёзныя тэмы ўзнімаюць чытачы раёнкі. Гэта не проста добра – гэта цудоўна. Але бывае, што з канверта прыходзіць нагода, як мінімум, для ўсмешкі. У адным з першых пісьмаў у новым годзе была просьба, аформленая ў выглядзе заявы на імя галоўнага рэдактара «ЛВ»: «Пераканаўча прашу паступаючыя ў студзені 2018 года на маё прозвішча (указана прозвішча аўтара пісьма – В.Б.) віншаванні з нагоды майго дня нараджэння не публікаваць, таму што… калі хаця б адно слова ў тэксце мне не падабаецца, гэта прыводзіць мяне да сапсаванага настрою…».
Усміхнёмся разам, і зробім гэта па-добраму.
Вольга БАРАДЗІНА.
«Без друзей меня чуть-чуть, а с друзьями много». Одинокому, да ещё пожилому человеку очень тяжело жить. А вот прихожу в библиотеку — и на душе становится светло и тепло. Тут особая гостеприимная атмосфера и каждого посетителя встречают, как самого желанного. Коллектив стал надёжным другом. Спешу выразить огромную благодарность «Весничку» за понимание, помощь книголюбам. Библиотечный режим работы отстояли. Когда узнала, что в воскресенье в библиотеке будет выходной, очень расстроилась. Знаю, и не я одна. Люблю читать книги, беру журналы домой. Вижу, что библиотека популярна и у тех, кому надо подготовить сообщение. Спасибо, что интересы читателей всё-таки учли и график работы остался прежний.