Педагог вучыць, педагог вучыцца

Каляндарны год толькі пачынаецца, а навучальны перасягнуў экватар. Урокі, хатняе заданне, пазакласныя мерапрыемствы – расклад школьнага жыцця любой навучальнай установы. Аднак, нягледзячы на агульнасць многіх пазіцый, у кожнай школы – свая адметнасць, свае падыходы і напрацоўкі ў навучанні і выхаванні. Пра адукацыйныя інавацыі, планы і перспектывы разважаюць дырэктары навучальных устаноў.

Алена ДЫДЫШКА,
дырэктар Востраўскай СШ

Алена ДЫДЫШКА, дырэктар   Востраўскай СШ:
– Краіна творчасці, мудрасці, мараў, самае галоўнае – краіна дзяцінства, якую будуюць вучань і настаўнік. Месца,  дзе кожнае дзіця павінна адчуваць сябе патрэбным і шчаслівым. Менавіта такой магу назваць нашу  Востраўскую школу. Педагогі імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы, каб кожны вучань прыходзіў сюды з задавальненнем, мог развіць свае здольнасці, далучыцца да даследчай і творчай дзейнасці, удзелу ў клубах па інтарэсах. З сакавіка мінулага года пачалі рэалізоўваць праект шостага школьнага дня «Здарова жыць школьнай сям’ёй».
Актыўна займаемся дапрофільнай падрыхтоўкай, якая складаецца з трох этапаў. Першы – пазнавальны для 1-4 класаў. Вучні знаёмяцца з прафесіямі праз экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, інтэлектуальныя гульні, вусныя часопісы, ранішнікі. Для іх арганізуюцца факультатыўныя заняткі «Матэматычная вясёлка», «Асновы моўнай культуры», «Школа маленькіх творцаў і фантазёраў», «Мая Айчына», заняткі дадатковай адукацыі «Берагоша», «Бібліёша». Наладзілі супрацоўніцтва з ДЮСШ і арганізавалі работу спартыўнай секцыі.
Этап другі – пошукавы, для вучняў 5-6 класаў. Яны актыўна ўдзельнічаюць у рабоце дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, прадметных алімпіядах і творчых конкурсах, займаюцца даследчай дзейнасцю, наведваюць гурткі «Камп’юша», «Умелыя ручкі», школу мастацтваў.
Трэці этап – прафесійна-арыентаваны, разлічаны на школьнікаў 7-9 класаў. Вучні спрабуюць свае сілы ў розных відах дзейнасці, творчасці. Для іх арганізаваны факультатыўныя заняткі: «Працягваем адкрываць таямніцы рэчыва», «Алгебра вучыць разважаць», «Складаны сказ без складанасці» і іншыя. Працуюць краязнаўчы і турыстычны гурткі, спартыўныя секцыі. Акцэнт на актыўную прафарыентацыйную работу: экскурсіі ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі сваёй мясцовасці, раёна. Справай цікавай, абавязковай, стымулюючай лічыла ўдзел у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, творчых і спартыўных конкурсах. Вынік –
відавочны.

Наталля КУЛАК, дырэктар СШ № 1 г. Ляхавічы

Наталля КУЛАК,  дырэктар СШ № 1 г. Ляхавічы:
– Якасная адукацыя і стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей дзяцей, удасканаленне выхаваўчага працэсу, арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і работа па прафарыентацыі, павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагога, умацаванне ўзаемасувязі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы з бацькамі – педкалектыў СШ № 1 працуе творча.
Дзве прайшоўшыя чвэрці пацвярджаюць: прыярытэты вызначаны правільна. Па выніках другога (раённага) этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 2 нашы вучні ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені, 8 – ІІІ ступені. Радуюць вынікі навукова-практычнай канферэнцыі. Усе 8 прадстаўленых на раённы этап работ трапілі ў лік прызёраў. Сумесная работа настаўніцы пачатковых класаў Алены Емяльянавай і настаўніка хіміі Сяргея Абяргана адзначана дыпломам І ступені на раённым конкурсе інтэрактыўных плакатаў па вучэбных прадметах «геаграфія», «чалавек і свет».
Прыемна, што прозвішчы нашых вучняў Дзмітрыя Кузакова, Міхаіла Мартынюка і настаўнікаў Таццяны Кузаковай, Надзеі Жыдовіч, Алены Якубец, Алены Плескацэвіч гучалі сярод пераможцаў ІІ этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці.
Штогод у наш дружны педагагічны калектыў прыходзіць маладое папаўненне. Сваю выніковасць пацвярджае традыцыя настаўніцтва, калі навічкі адразу трапляюць пад апеку больш вопытных калег. Кансультацыі, узаеманавучанне і правядзенне майстар-класаў – гэта далёка не поўны пералік выніковых формаў работы з маладымі спецыялістамі. Пры належным падыходзе поспех не прымусіць сябе чакаць. Так, малады педагог Надзея Жыдовіч і яе настаўнік Вольга Караваевіч летась перамаглі ў намінацыі «Лепшая метадычная распрацоўка» раённага конкурсу «Педагагічны дэбют».
Нашы калегі паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. Сяргей Абярган – фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт». Анастасія Барташэвіч – бронзавы прызёр рэспубліканскага конкурсу «Энергія і асяроддзе пражывання».
Істотна дапамагаюць адукацыйнаму працэсу інавацыі. Трэці год у школе дзейнічае ў вучэбна-дыстанцыйнай форме рэсурсны цэнтр па хіміі, якім кіруе настаўнік-метадыст Сяргей Абярган. 10 вучняў СШ № 1 і гімназіі падчас канікулаў наведвалі заняткі, кіраўнік праводзіў з імі і анлайн-кансультацыі. Настаўнік хіміі мае персанальны сайт, дзе можна знайсці распрацоўкі ўрокаў, інтэрактыўныя гульні. Са сваім былым вучнем, выпускніком школы Аляксанд-рам Тумашам стварыў анлайн-сэрвіс для кантролю ведаў па прадмеце «ІнтэрХімік». Арганізавана і праведзена 8 дыстанцыйных алімпіяд «ІнтэрХімік-Ляхавічы». У апошняй алімпіядзе, акрамя школьнікаў нашага раёна, удзельнічалі вучні з іншых рэгіёнаў краіны – усяго каля 170 чалавек.
Значную ўвагу надаём прафарыентацыі. Летась заключылі дагаворы аб супрацоўніцтве паміж СШ № 1 і з Акадэміяй МУС, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным кале-джам, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам.

Святлана АРЛОЎСКАЯ, дырэктар Тальмінавіцкай СШ

Святлана  АРЛОЎСКАЯ,  дырэктар  Тальмінавіцкай СШ:
Задача педагогаў – не толькі даць веды па школьных прадметах, але ўбачыць у сваіх вучнях таленты і дапамагчы іх раскрыць. Для гэтага ў школе створаны ўсе ўмовы. Зроблены капітальны рамонт будынка Тальмінавіцкай СШ, у 2016 годзе набыта новая мэбля, музычная і тэлеапаратура, камп’ютар. Для рабят з іншых вёсак арганізаваны падвоз, гарачым харчаваннем ахоплены ўсе школьнікі.
Нашы настаўнікі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень: актыўна ўдзельнічаюць у рабоце школьных і раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў, раённых творчых груп, займаюцца на курсах.
У мінулым навучальным годзе ў нашай школе прайшлі 4 прадметныя тыдні: матэматыкі, пачатковых класаў, прававых ведаў, экалогіі; а таксама метадычныя дэкады адкрытых урокаў і фестываль пазакласных мерапрыемстваў. Рыхтуемся да тыдняў беларускай мовы і літаратуры, педагагічнага майстэрства.
Арганізаваны заняткі факультатыўных груп, якія наведваюць 52 вучні. Асаблівая ўвага – рабоце з адоранымі дзецьмі, такіх у нашай школе нямала. Па выніках раённага этапу прадметнай алімпіяды па біялогіі Ульяна Азімка паспяхова прадставіла раён на абласным этапе – у яе дыплом ІІІ ступені. Дарэчы, летась Ульяна стала лепшай у раёне і трэцяй у вобласці на прадметнай алімпіядзе па пытаннях здаровага ладу жыцця.
Работа пяцікласніцы Аляксандры Ганжа (настаўнік Таццяна Азімка) адзначана дыпломам ІІ ступені раённага і ІІІ ступені абласнога этапаў конкурсу даследчых работ.
Ганарымся сваім дасягненнем па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Ва ўмоўным раённым рэйтынгу Тальмінавіцкая СШ з 9-га месца ў 2016 годзе паднялася летась на 2-ое месца.
У школе актыўна праходзяць дабрачынныя, працоўныя і экалагічныя акцыі «Світанак», «Двор ветэрана ў піянерскія рукі», «Парасон дабрыні», «Дапаможам птушкам», «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак» і іншыя.
Наогул, экалагічны накірунак работы развіваецца вельмі актыўна. 13 гадоў у нас дзейнічае школьнае лясніцтва «Першацвет» (кіраўнік Святлана Ходар), дзе рабяты разам з настаўнікамі і работнікамі Мядзведзіцкага лясніцтва вывучаюць насельнікаў лесу, добраўпарадкуюць тэрыторыі, займаюцца даследчай работай. Юныя лесаводы пасадзілі больш за 150 дрэваў і кустоў у аграгарадку Тальмінавічы. Штогод актыўна ўдзельнічаем у акцыі «Чысты лес». Вясной майструем шпакоўні, а зімой – кармушкі. Традыцыйна перад Новым годам упрыгожваем агароднінай і садавінай елку для жыхароў лесу. Школа арганізавала экалагічную сцяжынку працягласцю 5 кіламетраў па лясным масіве і па савейкаўскім парку. На маршруце 9 прыпынкаў, на якіх праводзяцца заняткі па вывучэнні розных відаў раслін, экалагічныя практыкумы, экскурсіі, адпрацоўваюцца навыкі правільных паводзін на прыродзе.
Надзвычай яскравы факт: «Першацвет» стаў першай прыступкай у выбары будучай прафесіі для некаторых вучняў. Былыя члены школьнага лясніцтва, нашы выпускнікі розных гадоў Алена Макарэвіч, Анастасія Канцылярчык, Кацярына Віктаровіч, Наталля Собаль, Раман Багдановіч, Наталля Вялічка прадоўжылі сваю адукацыю ў ВНУ па спецыяльнасцях «лясная гаспадарка» і «экалогія». Другі год запар старшакласнікі Максім Варанец, Яўгеній Страмавус, Аляксей Кузняцоў, Ангеліна Карчэўская займаюцца ў вочна-завочнай эколага-біялагічнай школе Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *