А сухіх вам рукавоў! 19 студзеня — Дзень выратавальніка
Званок, спалоханы голас просіць, патрабуе: «У нас пажар, хутчэй прыязджайце!..» Пакуль дыспетчар РАНС удакладняе абставіны надзвычайнай сітуацыі – адрас, ці ёсць хто ў памяшканні і г.д. – дзяжурная змена з моманту паступлення паведамлення рыхтуецца да выезду. На ўсё пра ўсё – хвіліна. І каманда выратавальнікаў у дарозе. Дарэчы, летась на 3 пажары ў сельскай мясцовасці асабовы склад прыбыў менш як за 5 мінут, на 14 прыбылі менш як за 10 мінут. Хуткасць, дакладнасць дзеянняў і зладжанасць – вось, галоўныя спадарожнікі пажарных у пазаштатных сітуацыях.
Кароткія нумары 101 і 112 жыхары раёна набіраюць і ў выпадках, калі бытавую сітуацыю без дапамогі супрацоўнікаў МНС не вырашыць. Дзверы зачыніліся, а дома засталіся маленькія дзеці і ключы ад кватэры. Бывае, што «бездапаможным» аказваецца нецвярозы. Менавіта алкагольнае ап’яненне з’яўляецца прычынай пажараў з гібеллю людзей. А яшчэ неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні – для трох нашых землякоў яно стала смяротным.
Падстаў для выкліку супрацоўнікаў РАНС шмат. Бывае, што дапамога выратавальнікаў патрабуецца братам нашым меншым. У ліпені крык аб дапамозе «паступіў» ад белай чаплі, што заблыталася ў водарасцях.
Дзякуючы адзінай дыспетчарскай, ёсць магчымасць пераадрасаваць званок іншай службе, калі пытанне знаходзіцца па-за межамі дзейнасці супрацоўнікаў РАНС: жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ветэрынарнай станцыі, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і г.д.
– Летась нашы падраздзяленні 92 разы выязджалі на ліквідацыю пажараў і ўзгаранняў. Дзякуючы зладжаным дзеянням асабовага складу, 15 збудаванняў атрымалася зберагчы. Адзначу, што за дзесяцігоддзе колькасць пажараў зменшылася з 64 (такая лічба была ў 2006 годзе) да 24 (летась). Станоўчая дынаміка – гэта вынік нашай работы, тое, да чаго мы імкнёмся, – расказвае начальнік РАНС Валерый Равінскі.
Яны дакладна ведаюць, праверана практыкай: бяду прасцей папярэдзіць. Таму пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы: абследаванне і рамонт ацяпляльных печаў, электрычнай праводкі, праверка працаздольнасці АПА – пастаянны абавязак выратавальнікаў, якія і на службе, і па-за службай у справе. У час жніва, напрыклад, у свой водпуск чацвёра супрацоўнікаў РАНС змянілі форму агняборцаў на цывільную, пажарную машыну – на КЗС і дапамаглі гаспадаркам, між іншым, не толькі свайго раёна, своечасова завяршыць уборачную.
Сёння Ляхавіцкі РАНС – гэта тры пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Ліпску, Тальмінавічах, Шчэрбаве, пажарная аварыйна-выратавальная часць у райцэнтры. А яшчэ РАНС – гэта 60 супрацоўнікаў, хто ў любую мінуту, на кожны кліч гатовы прымчаць на дапамогу. Моцныя фізічна і духам, не выпадковыя ў гэтай прафесіі.
Для 24-гадовага Ігара Русакевіча, які летась закончыў інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі – філіял універсітэта грамадзянскай абароны МНС, чэрвень стаў адлікам працоўнай біяграфіі ў якасці выратавальніка-пажарнага.
– Чаму вырашыў стаць пажарным? Добра памятаю, калі ў школе да нас прыходзілі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, вабіла іх служба, насычаная і, што вельмі важна, патрэбная іншым. Сёння ўжо разумею, што і не назавеш будні выратавальнікаў працай, хутчэй – стылем жыцця. Гэта адчуваеш, калі выязджаеш на чарговы выклік і ад цябе, магчыма, залежыць жыццё чалавека. Назаўсёды ў памяці баявое хрышчэнне: гарэла прыбудова ў вёсцы Кавалі. Безумоўна, страх прысутнічае, як і жаданне хутчэй ліквідаваць пажар. Але побач з надзейнымі сябрамі-таварышамі: камандзірам аддзялення Андрэем Крываруцкім, начальнікам каравула Аляксеем Дарашэнкам, вадзіцелямі Дзмітрыем Янушкевічам і Мікалаем Страмавусам – прыходзіць пачуццё ўпэўненасці, адчуванне падтрымкі. І няўпэўненасць, трывога знікаюць імгненна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.
Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за бездакорную службу па ахове і абароне ад надзвычайных сітуацый людзей, маёмасці і ў сувязі са святкаваннем Дня выратавальніка ўзнагароджаны начальнік каравула ПАВЧ № 1 Ляхавіцкага РАНС лейтэнант унутранай службы Сяргей ТРАЯНОЎСКІ; камандзір аддзялення ПАВП № 11 Ляхавіцкага РАНС старшына ўнутранай службы Аляксандр АБРАВЕЦ.