Фонд ствараецца пасля рэгістрацыі

Па выніках вылучэння на 18111 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць 22719 чалавек. Такім чынам, у сярэднім па краіне конкурс складае 1,2 чалавека на месца.

Асабістыя фонды кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў на выбарах-2018 будуць разлічвацца па новай базавай велічыні, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
Пастанова аб утварэнні асабістых фінансавых фондаў ЦВК прынята ў снежні 2017 года, а з 1 студзеня 2018 года базавая велічыня ў Беларусі вырасла да Br24,5 (раней яна складала Br23).
Як адзначыла Лідзія Ярмошына, асабістыя фонды кандыдаты ў дэпутаты змогуць ствараць адразу пасля рэгістрацыі. Адкрываць рахунак трэба ў аддзяленні Беларусбанка. «На сайце Беларусбанка ёсць пералік, у якіх менавіта аддзяленнях (не ва ўсіх) гэта можна зрабіць. Звесткі аб адкрыцці рахунку будуць накіраваны ў адпаведныя выбарчыя камісіі, а выбарчыя камісіі, у сваю чаргу, абавязаны гэту інфармацыю размяшчаць у СМІ і ў сябе на сайце – аб гэтым рахунку, аб яго рэквізітах, каб грамадзяне маглі пералічваць грошы на патрэбы выбарчай кампаніі канкрэтнага кандыдата, калі, вядома, пажадаюць», – растлумачыла яна.
Паводле слоў старшыні ЦВК, з улікам росту базавай велічыні выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты становяцца большымі. Напрыклад, калі гаварыць аб кандыдаце ў дэпутаты Мінгарсавета, максімальны выбарчы фонд вырас з Br690 да Br735.
Як паведамлялася, на патрэбы кампаніі павінны выкарыстоўвацца грашовыя сродкі ўласных выбарчых фондаў кандыдатаў, атрыманне матэрыяльнай дапамогі з-за мяжы не дапускаецца. Фонды фарміруюцца ў наступных памерах: для кандыдатаў у дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў – да 30 базавых велічынь; для кандыдатаў у дэпутаты іншых Саветаў – да 10 базавых велічынь. Фонд можа фарміравацца за кошт уласных сродкаў кандыдата, за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Беларусі і Расіі (калі яны пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі). Пры гэтым памер ахвяравання грамадзяніна не можа перавышаць 2 БВ. Яшчэ адна крыніца паступлення – добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не могуць перавышаць 5 БВ).
Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Цяпер пададзеныя на вылучэнне дакументы праходзяць праверку ў мясцовых выбаркамах, на падставе гэтага будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Гэты этап выбарчай кампаніі прадоўжыцца па 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачаць агітацыю – выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна, у асноўны дзень выбараў яна забаронена.
БЕЛТА.

Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *