Заверасніла

Заўчора начное неба было захутана коўдрай з аблокаў – неверагоднае ў разнастайнасці адценняў шэра-чорнага. Учора яно радыкальна памяняла імідж: густы аксаміт, шчодра ўсыпаны зоркамі, — убранне для асабліва ўрачыстых выпадкаў. Відаць, такі здарыўся з серады на чацвер. Ну, канешне, паглядзім у вераснёўскі каляндар: 9-га – сусветны дзень прыгажосці! Мяркуйце, не ў разгар шыкоўнай вясны, а цяпер, увосень, калі заверасніла…

Бы доказ правільнасці выбару даты — неверагодныя, фантастычныя, непараўнальныя ў сваёй пранізліва-дёрзка-ашаламляльнай прыгажосці кветкі. Вытанчаныя астры, як кавалачкі зорнага неба, што апусцілася на зямлю (слова “астра” значыць “зорка”). Дразніць пах мілых аксамітак, трымаецца ў паветры, быццам стаў яго абавязковым кампанентам. Каралевы верасня – вяргіні – не схіляюць галовы ні пад неспадзяванай сонечнай ласкай, ні пад манатонна-занудлівым дажджом.

Які шчодры ўсплеск прыгажосці, якія шыкоўныя пейзажы, і як не хочацца думаць пра тое, што хутка іх перакрэсляць мароз і сцюжа. Але гэта будзе пазней. Яшчэ выбухнуць нерэальнасцю цуда ліпы і ясені, клёны і бярозы, дубы і каштаны, калі пафарбуюць сваё лісце вераснёўска-кастрычніцкай фарбай – ад залатога да барвовага. У кожнага чалавека, мусіць, ёсць сваё любімае дрэва. У кагосьці гэта вішанька, пасаджаная ў дзяцінстве, у кагосьці рабіна пад акном кватэры, з якою першай вітаешся штораніцу, раскрываючы шторы, а каму даражэй за ўсё бярозка, што мільгне перад вачыма на дарозе, ці сасна на беразе Шчары, ці векапомны асілак-дуб, які памятае безліч гісторый і сам ужо стаў гісторыяй…

Дарэчы, такі ёсць і ў нашым раёне. У 1909 годзе Эліза Ажэшка пасадзіла ў Флер’янове дуб, які і сёння, праз стагоддзе, напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру. “Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра”, — гэта радкі з ліста Элізы Ажэшкі, калі яна гасцявала ў Флер’янове. Дрэвы звычайна перажываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. І можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, у рэшце рэшт, паміраюць. А чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым? Гэта зусім не складана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, леснікам – усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем.

Трэба ўсяго толькі жаданне, цеплыня сэрца і рук, прага захаваць памяць надалей-надалей, усведамленне асабістага дачынення і саўдзелу да бесперапыннага маршруту ў часе ў накірунку “было-ёсць-будзе”. Зусім не складана сабраць жалуды, пасадзіць іх у гадаваль-нік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць алеяй ці скверам. Уяўляеце, дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка, шматразова паўторыцца, шматразова напомніць, шматразова нашэпча штосьці з паданняў, штосьці з былін.

Мы гаворым пра памяць, пра яе шанаванне, мы ўздыхаем: было… і шкадуем пра незваротнае. Слова “настальгія” гучыць рамантычна і загадкава, і часам хочацца пасумаваць, светла ўспомніўшы, светла прыгадаўшы. Вось тут стаяў домік, у якім жыла сама дабрыня ў абліччы бабулі, што ўсіх прахожых частавала яблыкамі са свайго саду… А вунь там была лавачка, ля якой прызначалі спатканне закаханыя… І, здаецца, на месцы шматпавярховіка калісьці знаходзіў-ся гарадскі рынак… Час цячэ бесперапыннай плынню — то павольна, то вірліва, то штарміць. Скарбонка      памяці расце, у гісторыі ўсё больш гісторый, берагі мінулага становяцца яшчэ далей. Каб жа не згубілася, не здарожылася там, за пройдзеным гарызонтам, дарагое і роднае сэрцу! Роднае народнае. Дарагое наша. Шчымлівае сваё. Наколькі можна гэта затрымаць, захаваць, зберагчы – настолькі трэба пастарацца. Па-мкненнем сэрца, працавітасцю рук, нераўнадушнасцю і цеплынёй душы.

…Давайце сустрэнемся — мы ці нашы дзеці, а потым унукі, праўнукі — пад кронамі дубоў на цяністай алеі альбо ў парку. Успомнім пра будучыню, азірнёмся на мінулае і паслухаем шэпт дрэў, што сталі працягам таго, пасаджанага непаўторнай Элізай Ажэшка. І гэты працяг не будзе выпадковасцю, а прымножанай беражліва, сардэчна памяццю.

Вольга Барадзіна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *