Выкідваць нельга, перапрацоўваць
Пройдземся па адходах. Яшчэ адзін раз, не зважаючы ўвагі на той факт, што сцежка гэта ўжо дастаткова вытаптана – і словам, і рэальнымі справамі. Тым не менш, знойдуцца сярод нас і такія, хто ў загалоўку гатовы пераставіць знак прыпынку – паставіць коску пасля першага слова і гэтым самым зламаць увесь сэнс сказанага. А сэнс у тым, што асобныя віды бытавых (і не толькі) адходаў могуць і абавязаны быць трансфармаваны ў даходы, дывідэнды. Прамыя эканамічныя і экалагічныя, якія з пункту гледжання перспектывы і значнасці здаюцца асабліва важнымі.
Скарыстаныя папера, шкло і пластык свайго яшчэ не адслужылі і павінны быць выкарыстаны зноў. А надаць старт гэтаму працэсу і карыснай справе ў нашых сілах. Дастаткова не блытаць кантэйнеры, што сямейнымі тройкамі «пасяліліся» на вуліцах горада, аграгарадкоў, у асобных вёсках раёна. Прытрымлівацца адраснасці: у кантэйнер для макулатуры грузіць паперу з кардонам, у «шкляны» – шкло, у прызначаны для пластыкавых адходаў – выключна пластык. Карацей, прытрымлівацца правілаў паасобнага збору бытавых адходаў, ад чаго чысцей стане не толькі наша планета, але і сумленне.
Выкінуць той ці іншы від адходаў азначае нашкодзіць наваколлю. На сёння і на перспектыву. Прырода не навучылася і не навучыцца «пераварваць», напрыклад, такія субстанцыі, як шкло ці пластык у любой з іх разнавіднасцяў. Працэс самаўтылізацыі надзвычай доўгатэрміновы, можа працягвацца многія дзясяткі гадоў. Пры гэтым бясследна нічога не знікае: распад таго або іншага рэчыва можа суправаджацца выдзяленнем шкодных прыродзе і чалавеку прадуктаў.
Для прыкладу, у шэрагу краін гучаць прапановы аб увядзенні так званага падатку на пластык. Мэта – зменшыць выкарыстанне пластыкавай тары. Тыя ж пакеты, з якімі мы сутыкаемся літаральна на кожным кроку, – варыянт пакуль безальтэрнатыўны. Аднак усё настойлівей галасы тых, хто заклікае замяніць іх на ўпакоўку, выкананую з больш экалагічна лаяльных матэрыялаў.
А пакуль – сартуем, нарыхтоўваем і даём шанц шклу, макулатуры, пластыку рэінкарнавацца ў новым вобразе.
Як і ўсе іншыя рэгіёны краіны, Ляхавіччына мела заданне на нарыхтоўку ў 2017 годзе другасных матэрыяльных рэсурсаў. Належала сабраць 350 тон шкла, 700 тон макулатуры і 160 тон адходаў пластыку. Тэрытарыяльнымі аператарамі па нарыхтоўцы матэрыялаў другаснага ўжытку ў нас з’яўляюцца райпо, камунгас і індывідуальны прадпрымальнік Пронька. Два першыя – універсалы, у адрозненне ад ІП, які працуе толькі са шклом. Іменна да іх сцякаецца тое з другаснай сыравіны, што нарыхтавалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Сваё заданне маюць усе, незалежна ад формы ўласнасці.
Пачнём з сябе. З заданнем нарыхтаваць і здаць пэўную колькасць паперы і адходаў пластыку «Ляхавіцкі веснік» летась справіўся амаль на 107 і 103 працэнты адпаведна і раней за вызначаны тэрмін.
Справілася і большасць іншых з прыкладна шасці дзясяткаў задзейнічаных у кампаніі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, службаў і структур. Не ўсе, аднак. Сярод тых, хто ў той ці іншай ступені недавыканаў даведзенае заданне, значацца некаторыя з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, будаўнічыя арганізацыі, установы аховы здароўя, вядомая не толькі ў раёне, але і ў краіне гандлёвая сетка «Еўраопт», УБП «Беларусбанка» і асобныя іншыя.
Агульнае заданне, на лічбы якога былі зарыентаваны вышэйпрыведзеныя радкі і разважанні, некалькі адрозніваецца ад лічбаў дзяржзаказу па зборы тэрытарыяльнымі аператарамі другаснай сыравіны. Ляхавіцкая ЖКГ у мінулым годзе па дзяржзаказе павінна была сабраць-нарыхтаваць 120 тон макулатуры і 25 – шкла. З першым заданнем камунальнікі справіліся на 101 працэнт, з другім – аж на 251. Пры роўных з камунгасам лічбах дзяржзаказу па шкле, у райпо працэнт выканання выглядае яшчэ больш аптымістычна – амаль 290 працэнтаў. А вось у адносінах нарыхтовак макулатуры сітуацыя іншая. Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, які з’яўляецца куратарам гэтай работы, райпо было даведзена нарыхтаваць 280 тон макулатуры. Разлік рабіўся на тое, што ў структуры таварыства працуюць сыравінанарыхтоўчыя пункты ў горадзе, а на вёсцы іх ролю выконвае ці не кожная крама райпо. З гэтай жа мэтай па раёне курсіруе спецыяльна прыстасаваны аўтамабіль. Тым не менш, агульнымі намаганнямі сабраць атрымалася 170 тон паперы і кардону. Гэта 61 працэнт ад заказу.
Як было ўжо адзначана, ІП Пронька спецыялізуецца на нарыхтоўцы шклоадходаў. Выязджае на заказы, трымае стацыянарны пункт прыёму названага віду другаснай сыравіны. За мінулы год прадпрымальнік нарыхтаваў 230 тон адходаў шкла.Тым самым даведзеная па дзяржзаказе лічба аказалася перавышанай больш як у паўтара раза.
Арыенціры на год бягучы наступныя: раёну неабходна нарыхтаваць 650 тон макулатуры, 550 – адходаў шкла, 100 – пластыку. А яшчэ – зношаныя шыны, адпрацаванае масла, адходы будматэрыялаў, старая бытавая тэхніка, металалом. Для забеспячэння раўнамернасці работы перапрацоўчых магутнасцяў прыведзеныя лічбы разбіты паквартальна прыкладна ў роўных прапорцыях.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Не понимаю тех людей, которые осознанно пакеты с мусором подселяют в контейнеры с макулатурой или пластиком. Лишь бы выкинуть! А ещё берут и оставляют просто возле мусорок. Это уже не поддаётся никакому пониманию. Ваши же дети видят это безобразие, дышат этим воздухом.