З папраўкай на прафілактыку

Оперупаўнаважаны  Андрэй Чаранкевіч.

Ляхавіцкія вартавыя правапарадку падвялі вынікі работы за мінулы год. Згадвалі станоўчае, абмяркоўвалі тое, над чым трэба працаваць больш актыўна. У сходзе асабовага складу, які адбыўся на мінулым тыдні ў РАУС, прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Віталій Тужыкаў, пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко.

Пра вынікі аператыўна-службовай дзейнасці гаварыў в.а. начальніка РАУС Андрэй Студзянічнік. Ён падкрэсліў неабходнасць неадкладнага павышэння выніковасці аператыўных дзеянняў, у кіраўнікоў падраздзяленняў запатрабаваў больш эфектыўна арганізоўваць работу сваіх падначаленых.
У мінулым годзе на тэрыторыі Ляха-віцкага раёна павялічылася на 6 працэнтаў у параўнанні з 2016-м колькасць зарэгістраваных па лініях усіх службаў злачынстваў, на чым акцэнтаваў увагу першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль. Найбольшы рост назіраецца па лініі крымінальнага вышуку, у сферы высокіх тэхналогій, сярод злачынстваў прэвентыўнай накіраванасці. Знізілася і раскрывальнасць, хаця па-ранейшаму перавышае сярэднеабласны паказчык. Зменшылася колькасць забойстваў, махлярстваў, угонаў аўтатранспарту.
У асноўным злачынствы ўчынялі непрацуючыя грамадзяне, у палове выпадкаў – у нецвярозым стане, амаль трэць – на рахунку асоб з нязнятай судзімасцю.

Андрэй Студзянічнік запатрабаваў ад сваіх калег эфектыўнасці ў прафілактычнай рабоце і сярод моладзі: пятую частку злачынстваў учынілі тыя, каму няма
30 гадоў, 6 крымінальных спраў узбуджана ў дачыненні непаўналетніх.
Пракурор раёна Сяргей Дзяжко нагадаў пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва міліцыі з іншымі службамі ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама выказаў занепакоенасць ростам «п’янай злачыннасці», у прыватнасці, гэта датычыцца забойстваў, катаванняў, махлярстваў, нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Большую частку злачынстваў складаюць крадзяжы. І хоць у цэлым па раёне іх колькасць нязначна зменшылася (з 80 пазалетась да 77 у мінулым годзе), у Жарабковіцкім, Альхоўскім і Востраўскім сельсаветах адзначаецца рост.
Пра тое, што прафілактыка, накіраваная ў тым ліку і супраць крадзяжоў, можа істотна паўплываць на сітуацыю, гаварыў намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС аблвыканкама Віталій Тужыкаў. Ён падкрэсліў, што галоўная роля ў гэтым адводзіцца ўчастковым інспектарам міліцыі, якія, у літаральным сэнсе, павінны ведаць, хто чым жыве на іх участку.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч перакананы: важна, акрамя справаздачы, рабіць дасканалы аналіз работы, разабрацца ў прычынах недапрацовак і паставіць рэальныя задачы на кожным участку аховы правапарадку. Што датычыцца асабовага складу райаддзела, то, у першую чаргу, неабходна з’яднаць калектыў. Ёсць над чым працаваць па ўмацаванні дысцыпліны, павышэнні фізічна-практычных навыкаў міліцыянераў.
Андрэй Студзянічнік запэўніў: райаддзел узмоцніць намаганні па ўсіх накірунках прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, павышэнні раскрывальнасці злачынстваў і прыняцці ўсебаковых мер па стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі.
Пра работу ў сваіх падраздзяленнях калегам паведамілі в.а. намесніка начальніка РАУС Аляксандр Чурылаў, начальнікі аддзяленняў аховы правапарадку і прафілактыкі Віталій Дабрачынскі, крымінальнага вышуку – Віталій Давідоўскі.
На выніковым пасяджэнні было нямала і прыемных момантаў, у прыватнасці, уручэнне ўзнагарод, прысваенне чарговых званняў.
А Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, якой адзначаны оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Андрэй Чаранкевіч, яму перададуць пазней: падчас сходу ён у складзе аператыўнай брыгады раскрываў крадзеж.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *