Камісія ўпаўнаважана абараніць
Здаецца, для шчаслівага дзяцінства трэба не так многа – любячыя мама і тата. Каб яны заўсёды былі побач, клапаціліся пра дачушку-сыночка, падтрымлівалі іх, разумелі. Але бывае і так, што бацькоўская любоў для некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак аказваецца ў дэфіцыце. Тады іх правы і законныя інтарэсы абараняе дзяржава. А камісія па справах непаўналетніх райвыканкама з’яўляецца той структурай, якая арганізуе работу па папярэджанні безнагляднасці, правапарушэнняў непаўналетніх, ахове іх правоў.
14 студзеня з дня ўтварэння гэтай структуры мінула стагоддзе. Мяняўся час, мяняліся функцыі і паўнамоцтвы камісіі, але нязменнай заставалася мэта яе дзейнасці – падтрымка і аказанне садзейнічання непаўналетнім, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
– Выяўленне і ўхіленне прычын, што садзейнічаюць сямейнай неўладкаванасці, учыненню падлеткамі правапарушэнняў, – гэтыя і іншыя задачы вырашае КСН. У пытаннях прафілактыкі яна выконвае каардынуючую функцыю, ажыццяўляе пільны кантроль за дзецьмі, якія парушылі закон. Вельмі важна ў адносінах непаўналетніх знайсці патрэбныя словы, высветліць прычыны, па якіх яны спатыкнуліся. За 4 гады работы ў камісіі давялося разбіраць многа розных сітуацый, выслухаць не адно прызнанне ва ўчыненым правапарушэнні, непрыгожым учынку. Кожны раз шчыра спадзяюся, што дзіця трапіла на пасяджэнне першы і апошні раз, а гора-бацькі асэнсавалі свае памылкі і больш іх не паўтораць, – дзеліцца клопатамі і думкамі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ляхавіцкага райвыканкама Наталля Мацкевіч.
У складзе КСН 14 чалавек: спецыялісты і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы здароўя, праваахоўных органаў. Усе яны нераўнадушна ставяцца да справы, маюць вопыт і адчуваюць вялікую адказнасць. Да кожнага выпадку індывідуальны падыход, дасканала прадуманае рашэнне.
Узначальвае камісію намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. На пасяджэнні выносяцца і агульныя пытанні, што датычаць стану злачыннасці і правапарушэнняў у раёне, занятасці дзяцей і падлеткаў і г.д., так і асобныя факты, разгляд якіх знаходзіцца ў кампетэнцыі КСН: распіццё непаўналетнімі алкагольных напіткаў, крадзяжы і іншае. Дарэчы, у 2017 годзе на 40 працэнтаў у параўнанні з годам папярэднім зменшылася колькасць падлеткавых правапарушэнняў. Але ў рост пайшло дробнае хуліганства, напрыклад, узрыў петардаў, брыдкаслоўе.
З законам жартаваць нельга. Аднак, жартуюць. Напрыклад, падлеткі пацягнулі з дачы старую веласіпедную раму, а гэта крымінальна каральнае дзеянне – пранікненне ў чужое жыллё… Да адказнасці прыцягваюцца і вінаватыя, і іх бацькі. Адна з праблем – падлетак і спіртное. Колькасць затрыманых у нецвярозым стане непаўналетніх, на жаль, не змяняецца – па 18 чалавек штогод на працягу двух апошніх гадоў.
амае цяжкае пытанне, якое прыходзіцца разглядаць камісіі, – адабранне дзіцяці з неўладкаванай сям’і. Крок гэты часта становіцца адзіным выйсцем паправіць сітуацыю, дастукацца да мамы з татам, якія ігнаруюць свае бацькоўскія абавязкі. Сумна, калі дзіцяці бяспечна і ўтульна сярод чужых, а не побач з роднымі… Летась у нашым раёне прызнаны маючымі патрэбу ў неабходнасці дзяржаўнай абароны і адабраны ў гора-бацькоў васьмёра дзяцей, у 2016 годзе – амаль удвая больш. А з моманту прыняцця Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях» – 146 чалавек, 90 дзяцей былі вернуты ў сем’і.
Многія з іх ужо самі бацькі і, пэўна, разумеюць, што сям’я патрэбна кожнаму дзіцяці.
Наталля Мацкевіч з горыччу расказвае, што напрыканцы снежня камісія вымушана была прыняць рашэнне аб змяшчэнні ў прытулак дваіх дзетак. Сям’і, дзе яны раслі, даваўся час на выпраўленне. Паўтара гады назад было прызнана, што яна знаходзіцца ў сацыяльна небяс-печным становішчы, але для маці ўсё ж пераважыла спіртное…
Летам у судзе разглядалася справа і аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў гора-мамы, гора-таты – у адносінах пяці дзяцей. Суд паверыў бацькам, пайшоў ім насустрач, і малыя засталіся ў сям’і. Аднак… маці высноў не зрабіла: пакідала немаўля на сыноў і дочак, старэйшаму з іх было 8 гадоў. Зараз рыхтуюцца дакументы, каб паставіць у справе кропку і забяспечыць належныя ўмовы для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. Але ў такіх бацькоў застаецца шанц вярнуць дзяцей дадому, у сям’ю. Для гэтага толькі і трэба, што пяшчоту памножыць на клопат. Гатаваць для дзяцей ежу, цікавіцца іх справамі, рабіць разам урокі. Ну і, канешне, дома павінна быць чыста і сытна, каб на стуле раніцай чакала чыстае акуратнае адзенне. А гарэлка каб стала персонай нон-грата.
Зусім не дробязнай акаліч-насцю ў рабоце з такімі далікатнымі пытаннямі, як дзіцячыя лёсы, адказнасць за іх будучыню, з’яўляецца тое, што мы называем суб’ектыўным фактарам. У камісіі па справах непаўналетніх па азначэнні не могуць працаваць людзі бяздушныя, абыякавыя да чужой бяды, а толькі чалавечныя, паслядоўныя, настойлівыя і надзвычай кампетэнтныя. Усіх гэтых якасцяў удосталь было ў Клаўдзіі Біза, якая займала пасаду сакратара КСН больш за 14 гадоў, у Мікалая Кузьміча – на яго працоўным рахунку паўтара дзесяцігоддзя такой работы. 8 гадоў працаваў намеснікам старшыні камісіі сённяшні кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Несцяровіч.
Яшчэ адзін наш паважаны зямляк, які працяглы час узначальваў КСН, – Мікалай Куліцкі – працягнуў руку дапамогі не адной сям’і. І самыя цяжкія падлеткі зыходзілі з крывой сцяжынкі, атрымлівалі прафесію, станавіліся ўзорнымі бацькамі.
Сённяшнія члены камісіі для непаўналетніх не жорсткія суддзі з каральнай місіяй, а ўважлівыя, тактоўныя, хоць, часам, і строгія прафесіяналы сваёй справы. На першым плане для іх – інтарэсы дзіцяці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.