Калектыўны клопат

Крыху больш за 3 тыдні засталося да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. 18 лютага мы прыйдзем на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свае галасы за тых, хто на працягу наступных 4 гадоў будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў заканадаўчых органах улады – абласным, раённым, сельскіх Саветах дэпутатаў.
Большасць з тых, чые прозвішчы будуць унесены ў бюлетэні для галасавання, сваім выбаршчыкам добра вядомы: жывуць і працуюць побач і, адпаведна, патрэбы і праблемы сваіх рэгіёнаў ведаюць не па чутках.
Народныя абраннікі, якія працавалі ў мясцовых Саветах дваццаць сёмага склікання, хутка ўжо завершаць сваю дзейнасць у прадстаўнічых органах. Пра тое, што яна была плённай, сведчаць водгукі землякоў, у тым ліку пісьмы, што прыходзяць на адрас рэдакцыі.

Калектыўны клопат

На сесіях Крывошынскага сельскага Савета, дэпутатам якога з’яўляюся некалькі скліканняў запар, сярод шматлікіх пытанняў разглядалася і выкананне Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях». Як былы дырэктар школы, а цяпер – сацыяльны педагог, лічу гэту тэму вельмі важнай. Разам – дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў, старасты, педагогі, міліцыянеры – наведваем не толькі праблемныя сем’і, але і тыя, што могуць быць прызнаны неўладкаванымі. І прафілактычная работа дае свой плён. За мінулы год у сельсавеце не было выпадкаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Праўда, у дзвюх сем’ях былі адабраны дзеці і часова перададзены пад апеку дзяржавы. Аднак, дзякуючы пастаяннаму кантролю і дапамозе, у тым ліку і з боку мясцовай улады, бацькі пераасэнсавалі сваё жыццё, уладкаваліся на работу, навялі парадак у доме, і дзяцей ім вярнулі.
Прафілактыка правапарушэнняў – на парадку дня. Наладжаны кантроль за раней судзімымі грамадзянамі, асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Удасканаленне работы грамадскага пункта аховы правапарадку ў значнай ступені паспрыяла змяншэнню колькасці крадзяжоў на тэрыторыі сельсавета і зніжэнню ўзроўню злачыннасці. На карысць справе – канструктыўнае ўзаемадзеянне з РАУС, РАНС, педагогамі, медыкамі, сацыяльнымі работнікамі.
Асобна адзначу работу дэпутатаў па добраўпарадкаванні. Дагледжаныя прысядзібныя ўчасткі, чыстыя вуліцы цяпер у большасці нашых вёсак. Летась разабрана 13 пустуючых і старых дамоў. Па заяўках грамадзян і пасля абследавання населеных пунктаў ліквідавана 150 аварыйных дрэваў.
Гэта толькі частка спраў, да якіх маюць самае прамое дачыненне сельскія дэпутаты.
Аляксандр ГАТОЎЧЫЦ,  сацыяльны педагог Ліпскай СШ.

Опцыя адказнасці

На працоўным месцы яны прафесіяналы сваёй справы, у выбарчай акрузе – нераўнадушныя і адказныя прадстаўнікі ўлады. Гэта пра дэпутатаў. І не важна, з якой праблемай звяртаюцца да іх вяскоўцы – грэйдзіраванне дарогі ці выдаленне старога дрэва – ніводная не застаецца не пачутай і не лічыцца дробяззю.
Тэрыторыя каля вадаёма, што ў вёсцы Вялікая Лотва, нагадвала сметнік. Мясцовая жыхарка звярнулася да аднаго з дэпутатаў з гэтым пытаннем. Дык ён арганізаваў суботнік, на якім шчыравалі ад малога да вялікага. І, што прыемна, дэпутат разам з усімі.
Наведаць мнагадзетныя, а таксама неўладкаваныя сем’і, адзінока пражываючых і тых, хто патрабуе асабістай увагі, выслухаць, даць слушную параду, адстаяць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў – гэта таксама дэпутацкія опцыі. На сельскіх сходах народныя абраннікі не госці, а пастаянныя ўдзель-нікі – каб ведаць пра праблемы людзей не па чутках.
Тамара КУРЛОВІЧ,
бібліятэкар Вялікалотаўскай СБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *