Проста класны майстар-клас. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй

Жыццяздольная сіла любой установы адукацыі – яе навучэнцы. Тыя, хто толькі пачынае ўлівацца ў насычанае студэнцкае жыццё. Тыя, хто медыум вучобы ўжо перасягнуў і ў залікоўцы красуецца ў адзнаках не адна пройдзеная сесія. Тыя, для каго гэты навучальны год асаблівы – апошні этап перад першым працоўным месцам.
На знаёмства з ЛДАКам у адну са студзеньскіх субот завіталі вучні з розных раёнаў вобласці. Як падкрэсліла дырэктар Алена Абарава, вельмі важна і прыемна, што ў дзень адкрытых дзвярэй каледжу ёсць каму праз іх увайсці. Зацікавіліся на перспектыву як адной з магчымых навучальных устаноў, дзе хацелася б атрымаць адукацыю, больш за 250 школьнікаў з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў.

Прыехалі сюды мэтанакіравана, каб паглядзець, чым і як сёння жывуць каляджане. А тут сапраўды ёсць што паказаць.   Шматлікія майстар-класы збіралі вакол сябе дапытлівых школьнікаў. Давайце пабачым і мы.
«Малахітавая шкатулка» ўстановы – сапраўдная скарбніца мінералаў. Тут і антрацыт, габра, гнейс, азбест і шмат іншага. Разглядалі ўважліва кожны выкапень, а да гэтага атрымлівалі даведку, дзе дабываецца і прымяняецца.
І гэта магчыма, здзіўляюцца школьнікі, каб на адным дрэве адразу раслі яблыкі розных сартоў? Нічога дзіўнага, тым больш складанага для каляджан тут няма. Выкладчыца Таццяна Прыхач і навучэнцы не толькі расказалі, але прадэманстравалі, як правільна прышчэпліваць яблыню рознымі спосабамі, у якую пару гэта рабіць лепш. Дарэчы, многія вырашылі пабываць не толькі ў ролі назіральнікаў: тэорыю праверылі практыкай і самастойна зрабілі на дрэве прышчэпку.
Пры якой тэмпературы захоўваецца насенне, як працуе вільгацямер, з якіх культур атрымліваюцца розныя крупы, даведаліся з майстар-класа «З чаго гэта зроблена?» выкладчыцы Святланы Вайцяхоўскай. Вучыліся вызначаць сельскагаспадарчыя культуры па насенні і суквеццях і іншае.
Ад агранаміі перайшлі да не менш цікавай ветэрынарнай медыцыны. На імправізаваны прыём да ветурача «завітала» кошка. Правялі ультрагукавую дыягностыку і выявілі… цяжарнасць, а яшчэ паталогію, якую можна выправіць правільным кармленнем. Зацікавілі патэнцыяльных айбалітаў сваімі прафесійнымі заўвагамі і распрацоўкамі выкладчыкі Дзмітрый Пянткоўскі, Ала Філічкіна, Юрый Палонскі, Тамара Юргель.
Пытанні трансфармаваліся ў дыскусію і, відавочна, такі фармат адкрытых дзвярэй школьнікам даспадобы. Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць.
У актавай зале каледжа не было пустых месцаў, сур’ёзны падыход да прэзентацыі спецыяльнасцей, якія можна атрымаць у ЛДАКу. Кім быць: ветэрынарам, аграномам, заатэхнікам? Пра важнасць і значнасць кожнай з прафесій, умовы для вучобы і адпачынку расказаў школьнікам выкладчык Алег Ахрэмцаў.
«Нам спадабалася», «Гэта было здорава», – дзякавалі госці выкладчыкам і навучэнцам за іх класныя майстар-класы.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *