На гарбату з бабуліных зёлак. Вёска Зарэчча Ляхавіцкага раёна

Залаціцца хлебнае поле, стракаціць кветкамі луг, шумна гудзяць пчолы… Празрыста-чыстае паветра, рыжае сонца, сінь бязмежнага неба … Шматколерны водар зёлак, смак яблыка з саду… Бабулі на ганку, вішня на ўзмежку… Гэта ўсё кропкі на карце раёна. Вёскі і аграгарадкі – адметныя і самабытныя, вялікія і не вельмі, гаманлівыя і спакойныя – дарагія сэрцу старонкі. Летам, восенню, зімой, вясною яны непаўторныя.

Паміж «Федзюкамі»  і «Шчарай»

Зарэчча. Населеных пунктаў з указальна-рачной назвай на карце краіны нямала. Але ні адзін, пэўна, не можа пахваліцца ўнікальна-адзінкавым размяшчэннем: Зарэчча прапісана паміж дзвюх чыгуначных прыпынкаў «Федзюкі» і «Шчара» напрамкам на Слуцк і Лунінец. Вёсачка прытулілася на самай мяжы раёна, расцягнулася на дзясяткі тры дамоў, аб’яднаных вуліцай Чыгуначнай. Але дамы тыя не жывуць-гудуць, а быццам спяць – карэнных жыхароў тут раз-два-тры-чатыры і лік закончаны. А напрыканцы вёскі насеяны дачы.
Каб дабрацца сюды на машыне, трэба спачатку натхніцца краявідамі, мінаваць чыгуначны пераезд, пераехаць мост праз Шчару. Перад падарожнікам паўстае тунэль (мясцовыя жыхары называюць яго трубой, і над ім грукацяць цягнікі), і дарога робіць некалькі паваротаў. А калі цягніком – яшчэ мудрэй. Бо пасля станцыйнага прыпынку да вёскі трэба яшчэ папрацаваць нагамі два кіламетры.

Ганна Несцяровіч

Гасціннае запрашэнне

Зарэчча сустракае цішынёй і спакоем. Праз імгненне недзе галасіста вітаецца певень, эстафету пераймаюць гусі. Іду ў напрамку птушынай пераклічкі і аказваюся на парозе гасціннага дома Ганны Несцяровіч. Нягледзячы на свае
84 гады, жанчына трымае індыкоў, гусей і курэй. Вось і зараз крылатае падвор’е выхоплівае з рук гаспадыні зерне. Сабрат лебедзя пашыпвае, і трэба быць уважлівым, каб не атрымаць ад яго «прышчэпку».
Ганна Паўлаўна з Лабузоў, у Зарэчча пайшла замуж. Расказвае, што жылі з мужам добра, выхоўвалі траіх дзяцей. Лёс не песціў жанчыну: пахавала сына і дачку, двойчы засталася ўдавой. Трымаецца. Маладыя пазайздросцяць спрыту, з якім садзіць-даглядае агарод. Малодшая дачка Ларыса прыязджае з Брэста, дапамагае. Асаблівая радасць бабулі – пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.
Узгадвае Ганна Несцяровіч, як трымалі з мужам немалую гаспадарку: акрамя каровы, гадавалі на здачу бычкоў. З-за блізкасці ракі, дзеці былі пад заўсёдным наглядам. У школу хадзілі ў Федзюкі, затым у Конькі пешшу, па шпалах. Пазней іх пачаў забіраць школьны аўтобус. А зімовымі вечарамі жанчына вышывала ручнікі, абрусы.
– Нам, старым, зараз добра жывецца. Двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Прыносяць у час пенсію, пошту. Не абдзяляюць увагай медыкі, заязджаюць з сельсавета. З раёнкай сябрую многія гады. Яшчэ дзеці малыя былі, і тады выпісвала, – ахвотна падтрымлівае размову.

Соф’я Даўгіловіч

Васілій Даўгіловіч

А вочы глядзяць молада

Сядзіба Соф’і Даўгіловіч пры самым лесе – дагледжаная, акуратная і ўтульная. Гэта заслуга гаспадыні і яе родных. Соф’я Платонаўна на ўзрост не скардзіцца. Дзявяты дзясятак пайшоў, а вочы глядзяць молада, усміхаецца шчыра. Калі карэспандэнт раёнкі завітаў да яе, завіхалася па доме. Праведаць маці з Баранавічаў прыехаў сын Васілій. Гаворыць, што ў Зарэччы адпачывае душой. 42 гады адпрацаваў на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе фрэзероўшчыкам. Менавіта вясковая загартоўка дапамагала яму адпавядаць у «металічнай» прафесіі. Маці і сын цікава расказваюць пра сваё прыгожа-рачное Зарэчча. У маладосці Соф’і Платонаўны і дзяцінстве Васілія лес яшчэ не падбіраўся да хаты – яго тады толькі садзілі. Умацоўвалі глебу. На пасадку выходзілі сем’ямі. …Соф’я працавала на чыгунцы. З мужам выхоўвалі сына і дачку. Адкуль сілы браліся: на рабоце цяжар цягалі, на калгасных дзялках стараліся і ўласную гаспадарку трымалі. Малако-тварог свае былі, сала ў кубельцы ляжала, мяса ўдосталь. Зойдзе госць – ёсць чым пачаставаць. І лясы тут шчодра дзяліліся грыбамі-ягадамі. Хто не ленаваўся, застаўляў нарыхтоўкамі кладоўку.
Моладзь весялілася душэўна і проста: запрашалі гарманіста і ладзілі танцы.
Вокны засвяціліся-заззялі ў Зарэччы ў 1961 годзе – правялі электрычнасць.
Соф’я Платонаўна ўспамінае свае дзіцячыя гады. Маці яе з сястрой расціла адна. У школу не ўсе з вёскі хадзілі – толькі тыя, у каго быў абутак. Ды і вучыліся тады па хатах. Спачатку ў суседніх Чвырах, затым у Тумашах. Потым за ведамі адправіліся ў Русіно Баранавіцкага раёна. Тры кіламетры і ў мяцеліцу, і ў дождж. Скончыла 4 класы, і яе як старэйшую пакінулі дома. Маці, расказвае Соф’я Платонаўна, вырашыла вучыць сястру. Тая стала настаўніцай.
З мужам пражылі доўгае, шчаслівае жыццё, да брыльянтавага вяселля не хапіла года… Соф’я Платонаўна любіць, калі з’язджаюцца родныя і хата напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі – у бабулі двое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.

Станіслава Несцяровіч

Сям’і Шумейка ў Зарэччы даспадобы

Калыханка для праўнука

Станіслава Несцяровіч, калі да яе пераехаў паўтары гады назад унук Раман Шумейка з сям’ёй, здаецца, скінула адразу гадоў дзесяць.
– Да іх прыезду сумна было, хаця сын з дачкой пастаянна прыязджалі, дапамагалі – нічога не скажу. Але так прыемна ўкладваць спаць маленькага праўнучка Радзівончыка, спяваць яму калыханку, сустракаць з гімназіі Германчыка. Жонка Рамана Юлька стала мне ўнучкай. Другі мой унук – у Баранавічах. Усе сябруюць паміж сабой, дапамагаюць адзін аднаму, – дзеліцца Станіслава Мікалаеўна.
З задавальненнем адзначае, што ў дом правялі ваду гарачую і халодную, паравое ацяпленне. Усё зроблена па-сучаснаму.
Два дзесяцігоддзі адпрацавала поварам у дзіцячым садзе ў Коньках. Дзень у дзень за сем кіламетраў дабіралася на работу: дзе пешшу, дзе веласіпедам.
А Юля ўсміхаецца, маўляў, наша бабуля –  самая лепшая. І вёску палюбілі ўсім сэрцам. Таму аселі тут, хоць і даводзіцца мужу ездзіць на працу ў Баранавічы. Месца жыхарства мяняць не плануюць. Наладжваюць быт вясковай сям’і, радуюцца цудоўным хлопчыкам.
Падумалася, раз маладая сям’я тут, у Зарэччы, пускае свае карані, значыць у вёсцы ёсць заўтра, значыць не будуць сумаваць пакінутыя хаты і глядзець пустымі аканіцамі на вузкую вулачку…

Людміла Найда

На два пункты

Людміла Найда хоць і выйшла на пенсію, але дома яе не застанеш. Яна ў заўсёдных клопатах і справах. Жыве на два населеныя пункты – то спяшаецца ў Баранавічы, то шчыруе ў Зарэччы. Трымае сувязь з сельвыканкамам, дапамагае землякам. А да гэтага без малога 40 гадоў адпрацавала на баваўняна-папяровым прадпрыемстве. Трэба было ўстаць раненька, па гаспадарцы паспець і бегчы да дызеля. Яшчэ сямі гадзін раніцы няма – яна ўжо стаіць на прыпынку.
Людміла Сяргееўна з любоўю расказвае пра сваіх родных, пра сям’ю. Перабірае фотаздымкі, з якіх глядзяць дарагія людзі. Ганарыцца дзядулем – Георгіем Кудраўцом, які ваяваў на франтах Першай сусветнай: на старым фота – бравы салдат. Шмат расказвае пра землякоў, што вылецелі з роднага гнязда, сталі людзьмі паважанымі.

Тут жыве ветэран

Старажыл Зарэчча – Мікалай Даўгіловіч. Яго дом выдзяляецца сярод іншых таблічкай «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу». На зіму ён едзе да дачкі ў Баранавічы: усё ж 93 гады, у халады аднаму цяжкавата. Але як толькі сонца ўбярэцца ў сілу, Мікалай Мікалаевіч вяртаецца ў вёску.
Вельмі прыстойны, добры чалавек, характарызуюць аднавяскоўца суседзі. Працаваў будаўніком у вайсковай часці, быў гаспадаром у доме, выдатны бацька. Пра такіх гавораць – майстар залатыя рукі.
… Здаецца, у вёсцы час ходзіць па-іншаму – прыпыняе свой бег. Быццам дзеля таго, каб яшчэ больш выразна адчуць еднасць чалавека і прыроды і ўсвядоміць сэнс кожнага імгнення.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і з архіва сям’і Шумейка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *