З адукацыйнай прывязкай
Якую сферу дзейнасці ні ўзяць, дэпутаты вызначаюцца ў кожнай. Камусьці дапамаглі з вырашэннем жыллёвага пытання, іншаму пасадзейнічалі ў працаўладкаванні, а кагосьці ўважліва выслухалі, расставілі правільна акцэнты – і праблема знікла. У адукацыйнай сферы дэпутацкая ўплывовасць надзвычай значная. На сесіі раённага Савета дэпутатаў штогод зацвярджаецца раённы бюджэт, і заўсёды ў ім захоўваецца сацыяльная накіраванасць. Сёлета затраты бюджэту на адукацыю прадугледжаны ў суме больш як 14 500 тысяч рублёў, што складае 114,5 працэнта да 2017 года.
Народныя абраннікі з задавальненнем сустракаюцца са школьнікамі: віншуюць з пачаткам навучальнага года і іншымі святамі, гутараць на тэмы бяспечнай жыццядзейнасці і прафілактыкі правапарушэнняў. Яны частыя госці на бацькоўскіх сходах. Існуе неабходнасць – нагадваюць некаторым татам і мамам пра іх бацькоўскія абавязкі.
Не засталіся дэпутаты і ў баку ад акцыі «Нашы дзеці». З падарункамі і пажаданнямі прыходзілі да хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячыя сады і школы, у сем’і.
Вельмі важна, каб дэпутаты былі людзьмі адказнымі, актыўнымі і нераўнадушнымі. Асабіста я буду галасаваць за такіх.
Іна Зубік, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.